viasna on patreon

Затрыманні, ператрусы, ціск на вязняў: пераслед 4-7 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-07T19:33:00+0300 2022-02-08T00:06:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ksenia_marcinovich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца і цяпер. Па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

7 лютага затрыманага 4 лютага Максіма Мацулевіча суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) да 13 сутак арышту. У РУУСе яму прапанавалі выбраць артыкул самому, бо падчас ператрусу, акрамя двух бранзалетаў і фота на фоне БЧБ-сцяга, сілавікі больш нічога не знайшлі.


Палітвязень Дзмітрый Абрамук зноў на "хіміі" ў ПУАТ. Ён правёў 20 сутак у віцебскім СІЗА-2

У сярэдзіне снежня Дзмітрыя, які адбывае "хімію" ў ПУАТ-9 у Віцебску, затрымалі пасля таго, як ён не вярнуўся ў калонію-пасяленне пры паходзе ў краму. Спачатку яму далі 10 сутак ШІЗА, а потым дадалі яшчэ 10 за "дрэнную" прыборку камеры.

Блізкія Дзмітрыя думалі, што з СІЗА ён ужо не выйдзе, бо чакаўся суд па змене пакарання: з "хіміі" на калонію. Але суду не было, і яго дата пакуль невядомая.

За снежань-студзень Абрамук правёў у ШІЗА 50 сутак і схуднеў на 20 кг. Адміністрацыя ПУАТ усяляк правакуе Дзмітрыя, каб зафіксаваць "парушэнні". Гэта можа быць звязана з тым, што Дзмітрый адмаўляецца прызнаваць віну і падпісваць прашэнне аб памілаванні.

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай "карагоднай справы". 15 сакавіка суд асудзіў Дзмітрыя да двух гадоў "хіміі" па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў "хіміі" яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначанае тры гады "хіміі". 18 траўня 2021 Дзмітрый пачаў адбываць пакаранне ў ПУАТ-9. З самага пачатку за Ім пачалі пільна назіраць, кантраляваць тэлефон.

Падтрымаць палітвязня: ПУАТ-9, 210034, г. Віцебск, вул. 3-ая Чэпінская, 3


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фарміраванне"

Стала вядома, што 4 лютага па рашэнні МУС экстрэмісцкім фармаваннем прызнана група «Бел Ультра Радыкалы» – група грамадзян, якія аб'ядналіся гляхам тэлеграм-канала «Бел Ультра Радыкалы БУР ГММ Кілеры Карнікі Каты Кіднэпінг» і телеграм-чата «Чат.СсылокНеЖать.МодераНет.УкусиОппонента.УбейЕгоКлавой».


Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта «Газеты Слонімскай»

Падставай для блакіроўкі сталі выяўленыя парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена.

Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина» перасталі выходзіць у свет з 9 лістапада 2020 года. У гэты дзень у выдаўца дома і ў рэдакцыі прайшлі ператрусы, а таксама была канфіскавана ўся тэхніка.


Затрыманне лекара ў Магілёве

У Магілёве супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК затрымалі нарколага-псіхіятра Віктара Сацуту, пішуць магілёўскія праваабаронцы. Відэа з ім апублікавалі 6 лютага тэлеграм-каналы, падкантрольныя сілавікам. 

У чым менавіта абвінавачваецца лекар – невядома, аднак сілавікі сцвярджаюць, што доктару пагражае крымінальная справа "за пісаніну ў інтэрнэце".


Асуджаную за ўдзел у Маршы да «хатняй хіміі» выклікаюць у пракуратуру на «гутарку»

Анастасію Рудакову, якую асудзілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршы герояў, сёння, у свой Дзень народзінаў, выклікалі 14 лютага ў пракуратуру для «гутаркі», але на якую тэму не ўдакладнілі.

Муж Анастасіі – палітвязень Валерый Вішчэня, асуджаны з жонкай за ўдзел у гэтым жа Маршы – адбывае тры гады «хіміі» ў віцебскай папраўчай установе адкрытага тыпу. У сям’і трое непаўнагадовых дзяцей.

Падтрымайце Валерыя: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9, 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39, Вішчэні Валерыю Іванавічу

Ціск на зняволенага Арцёма Анішчука працягваецца: ў бабруйскай калоніі яго змясцілі ў ШІЗА 

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Асуджанага фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца» Арцёма Анішчука змясцілі ў штрафны ізалятар, але тэрмін і прычына пакарання пакуль невядомыя. Жонцы Арцёма Вользе ў калоніі па тэлефоне сказалі, што не могуць пракаментаваць змяшчэнне яе мужа ў ШІЗА, бо гэта «службовая інфармацыя»

Арцёма змяшчалі ў ШІЗА на 7 сутак у бабруйскай калоніі ў лістападзе. Таксама ў кастрычніку вязня пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.

Нагадаем, год таму Арцёма Анішчука асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і этапавалі ў магілёскую калонію №15. Там ён заяўляў пра катаванні і збіццё. Каб спыніць гвалт і ціск у адносінах сябе, яму прыйшлося праглынуць металічныя прадметы. У ПК-15 супраць Арцёма завялі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справа да гэтага часу не закрытая, хоць пракуратура вынесла адпаведную пастанову.

Арцёма ў верасні перавялі ў бабруйскую калонію №2. Там ён даведаўся, што супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса — за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрымання. Следства па ёй працягваецца і цяпер.

Па фактах публікацый у медыя ў адносінах да Вольгі праводзілася праверка па артыкуле за паклёп на начальніка калоніі №15. Жонку Арцёма 28 снежня затрымлівалі супрацоўніка ГУБАЗіКа. Перад гэтым дома ў Анішчукоў правялі ператрус, але яны нават не пакінулі пастанову, дзе мусілі быць пазначаны падставы для ператрусу і артыкул Крымінальнага кодэкса.

"Будзеш сядзець ад званка да званка". Катаванні, бясконцыя ШІЗА, ціск: што вядома пра асуджаных па "справе пяцёркі"

"Вясна" пагаварыла са сваякамі зняволеных па справе "пяцёркі" і распавядае, як адміністрацыі калоній ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання для Паўла Сахарчука, Ягора Яўстратава і Арцёма Анішчука.


Палітвязень Яўген Афнагель адзначае Дзень народзінаў у ШІЗА

Яўген Афнагель на судзе 25 траўня. Фота: Belapan
Яўген Афнагель на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Жонка палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля паведаміла, што яго зноў змясцілі ў ШІЗА. Але тэрмін і прычына пакуль невядомыя. 29 студзеня ён выйшаў са штрафнога ізалятару пасля 10-сутачнага арышту і паспеў даслаць жонцы толькі адзін ліст. Ён напісаў, што хутка яго зноў закінуць у ШІЗА і, меркавана, больш, чым на 10 сутак. 7 лютага Яўген адзначае сваё 43-годдзе.

Нагадаем, каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" 25 траўня асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» праходзіў у закрытым рэжыме.

Павіншуйце Яўгена: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8 


Экстрэмісцкія значкі

"Экстрэмісцкімі" прызнаныя значкі з надпісамі "Героі не паміраюць" і "Быць дабру. Допомога. Выратаванне. Разам». На двух значках намаляваныя забітыя сілавікамі Генадзь Шутаў і Аляксандр Тарайкоўскі.

Рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля.


У Мінску затрыманы вядомы фатограф Уладзь Грыдзін

Уладзь Грыдин
Уладзь Грыдзін

Як паведамілі "Радыё Свабода" сваякі, Уладзь перастаў выходзіць на сувязь з абеду пятніцы 4 лютага. Сёння яны даведаліся, што ён затрыманы і ўтрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Раніцай сваякі паехалі да яго дадому і пабачылі сляды ператрусу — рэчы раскіданыя, на падлозе смецце, няма ноўтбука і фотаапарата. На дзвярах — у пакоі і на ўваходных — вісеў свежа прыклеены стыкер з напісаным нумарам тэлефона адваката.

7 лютага яго асудзілі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам) за тое, што нібыта не адкрываў дзверы міліцыянтам, якія прыйшлі да яго з ператрусам. Ператрус праходзіў у яго па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).


Затрымалі дачку гомельскага псіхолага ў эміграцыі Алы Марціновіч 

Ксения Мартинович
Ксенія Марціновіч

Як паведамляе "Гомельская Вясна", дачка Алы Марціновіч Ксенія не выйшла на сувязь яшчэ ў пятніцу ўвечары. Перад гэтым дзяўчына тэлефанавала маці і паведаміла, што хварэе — паднялася тэмпература. Дачка не выйшла на сувязь у суботу. У ІЧУ паведамілі, што Ксенія затрымана і суд над ёй адбудзецца 7 лютага.

Ала з’ехала паўгады таму ва Украіну пасля ператрусу, адміністрацыйнага арышту і звальнення з працы. 28-гадовая Ксенія Марціновіч – дызайнерка па адукацыі, жыла ў Мазыры. Тры дні таму яна прыехала ў кватэру, дзе пражывала раней яе маці. У пятніцу перастала выходзіць на сувязь. На наступны дзень маці даведалася ў ІЧУ, што яна там.

«Мая дачка не займалася ніколі грамадска-палітычнай дзейнасцю, – кажа Ала Марціновіч. – Яна не падпісана ні на якія тэлеграм-каналы. Я пераканана, што за кватэрай сачылі і як толькі там з’явілася святло, да яе прыйшлі. Гэта, канешне, помста мне за маю грамадскую актыўнасць тут ва Украіне. Я вельмі апасаюся за яе здароўе. У дачкі была тэмпература, а ўмовы зараз для палітычных вельмі кепскія».

Знаёмыя Марціновіч распавялі, што за дзвярыма кватэры Ксеніі да гэтага часу мяўкае маленькае кацяня — ключоў ад кватэры ў іх няма.

Суд аштрафаваў Ксенію на 20 базавых велічыняў.


Мінінфарм заблакаваў сайт «Флагштока» пасля публікацыі пра расійскую вайсковую тэхніку пад Гомелем

Гомельскае медыя «Флагшток» выпусціў матэрыял пра тое, што на закінутай ваеннай базе стратэгічнай авіяцыі СССР каля Гомеля заўважана вялікая колькасць ваеннай тэхнікі. Пры гэтым гэты аб'ект афіцыйна не збіраліся выкарыстоўваць у рамках ваенных вучэнняў.

На працягу паўгадзіны пасля выпуску матэрыялу Мінінфарм заблакаваў сайт выдання.

Гэта ўжо пятая блакіроўка гомельскага інтэрнет-рэсурса.


Затрыманні ў Мінску

Праваабаронцам «Вясны» працягваюць паведамляць пра «палітычныя» затрыманні беларусаў кожны дзень.

Так, 3 лютага перастаў выходзіць на сувязь Анатоль Церашанкоў. Па інфармацыі блізкіх, ён сфатаграфаваў групу міліцыянтаў, адправіў гэта фота ў чат (не паведамляецца ў які) і адразу ж выдаліў. Пасля гэтага Анатоль перастаў адказваць на званкі і паведамленні.

Таксама паведамляецца пра знікненне сувязі з Ганнай Кажэмакс. Яна была назіральніцай на выбарах у 2020 годзе. Пятага лютага Ганна прыехала з Украіны ў Беларусь. У яе пад акном быў заўважаны бус з людзьмі ў форме, пасля гэтага Ганна перастала выходзіць на сувязь.

4 лютага пасля 15-сутачнага арышту з ЦІПа на Акрэціна не выйшлі браты Ілля і Мікіта Валенціновічы. 20 студзеня іх арыштоўвалі за «непадпарадкаванне» па арт. 24.3 КаАП. Братоў перазатрымалі па крымінальным артыкуле 342 КК.


Маці палітзняволенай Сафіі Малашэвіч не атрымлівае ніякіх звестак ад дачкі амаль месяц 

Софья Малашевич в суде. Фото
Соф'я Малашэвіч у судзе. Фота: "Наша Ніва"

Праваабаронцам стала вядома, што маці 19-гадовай Сафіі Малашэвіч, якую асудзілі да 2 гадоў калоніі, згубіла з ёй сувязь. 31 снежня дзяўчына даслала канверт з малюнкамi, але Святлана атрымала яго толькi 13 студзеня. Апошні раз Сафія тэлефанавала дадому 8 студзеня. Тады яна паведаміла, што яе перавялі ў 13 атрад. З таго часу маці не атрымлівае ні адказы на лісты, ні званкі з калоніі. Святлана кажа, што у спецчасцi не адказваюць, дзе знаходзіцца палітзняволеная, а ў санчастцы працуе аўтаадказнік.

Нагадаем, Сафію затрымалі 6 верасня на акцыі пратэсту "Марш адзінства", падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароджы. Ёй прад’явілі абвінавачванне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339. Суд пакараў яе 2 гадамі калоніі.


Увечары 5 лютага адбыўся ператрус у гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца

Анатолий Готовчиц
Анатоль Гатоўчыц

Міліцыянты распавялі, што 3 лютага а 20 гадзіне каля ўпраўлення ДАІ на вуліцы Федзюнінскага нехта раскідаў металічныя шыпы, і гэта мог быць журналіст.

Яны апыталі Анатоля, які патлумачыў, што 3 лютага ўвечары быў дома і ніякім чынам не мог знаходзіцца каля ДАІ. Вобшук у кватэры Гатоўчыца доўжыўся каля гадзіны і скончыўся блізу 17.00.


Палітзняволенага стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля збівалі пасля затрымання

anatolij_latushko-1.jpg
Анатоль Латушка

Па інфармацыі ад родных палітвязня, Анатоля збівалі ў Цэнтральным РУУС — патрабавалі сказаць пароль ад тэлефона.

Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, палітвязню ставяць у віну ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — нібыта ён маляваў па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома герб «Пагоня».

Цяпер Анатоль знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства