viasna on patreon

Двум хлопцам з Брэста, якіх збілі пасля затрымання, далі хатнюю "хімію"

2022 2022-02-16T15:23:06+0300 2022-02-16T18:09:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zdanie_prokuratury_brestskoy_oblasti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам стала вядома аб падрабязнасцях і выніках разгляду справы Аляксея Куфко і Максіма Чыжэўскага, якое адбылося 10 лютага ў суде Ленінскага раёна Брэста.

Абодвух абвінавачваюць ва ўчыненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 13 КК РБ і ч. 1 арт. 342 КК РБ "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Асобна Аляксея Куфко абвінавачваюць таксама ў незаконным нашэнні халоднай зброі, здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж дзеянні (ч. 1 арт. 296 КК РБ).

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Ленінскага раёна Брэста Андрэй Грушко.

Пра абвінавачаных вядома, што Аляксею Куфко 18 гадоў, Максіму Чыжэўскаму - 19. Абодва навучаюцца ў каледжы. Ад крыніц, блізка знаёмых з абвінавачанымі, стала вядома, што абодва хлопцы займаліся страйкболам. У нейкі момант імі зацікавіліся ў МУС і сталі праслухоўваць. З агучаных матэрыялаў справу стала вядома, што праслухоўкай займаўся ГУБАЗіК, а дадзеная мера была санкцыянавана пракурорам Брэсцкай вобласці.

З размоў, якія хлопцы вялі паміж сабой 9-10 жніўня, сілавікі зрабілі выснову, што яны маюць намер прымяніць фізічную сілу ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі ў цэнтры горада. Як адзначана ў матэрыялах справы, "з 10 па 11 жніўня 2020 года Куфко і Чыжэўскі распрацавалі план здзяйснення злачынства".

Паводле версіі абвінавачвання, падчас падрыхтоўкі да злачынства яны «набылі ў якасці прылады нож для падводнага палявання і дайвінга, дымавую шашку, піратэхнічныя вырабы, рагатку, а таксама сродкі індывідуальнай абароны на выпадак прымянення да іх супрацоўнікамі міліцыі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў і зброі».

З гэтымі сродкамі абодвух затрымалі ў цэнтры Брэста 11 жніўня.

Адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі

Падчас вывучэння матэрыялаў справы была заслухана тэлефонная размова Куфко і Чыжэўскага з аднаго боку і трэцяй асобы з іншага. На запісе было чутна, як абвінавачаныя абмяркоўвалі ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, узброенасць МУС і разважалі аб рэальнасці або нерэальнасці больш радыкальнага развіцця падзей. Напрыканцы запісу суразмоўца абвінавачаных хлопцаў папярэдзіў абодвух аб тым, што трэба думаць галавой, а калі ўжо туды ідзяце, то рабіць гэта з асабістых перакананняў, пры гэтым абавязкова апранаць маску і непрыкметнае адзенне".

Пасля праслухоўвання гэтай размовы ў залі суда Куфко пацвердзіў, што гэтая размова сапраўды была запісаная на яго тэлефон.

Падчас судовага пасяджэння былі падрабязна вывучаныя характарыстыкі абвінавачаных.

У характарыстыцы Куфко з гімназіі, у якой ён раней навучаўся, было пазначана, што хлопец схільны да субдэпрэсіўных станаў, перападаў настрою, раздражняльнасці. Яго ахарактарызавалі як недастаткова стараннага і адзначылі наяўнасць праблем у зносінах з маці.

У характарыстыцы Чыжэўскага было сказана пра яго нядрэнныя схільнасці да навучання, пазітыўны характар, актыўны удзел ў грамадскім і спартыўным жыцці каледжа. Таксама пра Максіма Чыжэўскага вядома, што ў жніўні 2020 года яго прыцягвалі да адказнасці па адміністрацыйным артыкуле 23.34.

Былі зачытаныя таксама вынікі экспертызы нажа, які канфіскавалі ў Куфко. Яго прызналі колюча-рэжучай зброяй.

Ад крыніц, блізка знаёмых з абставінамі гэтай справы, стала вядома, што той самы нож Куфко набыў у калекцыянера, які прадаваў на Калгасным рынку ваенныя рэчы, камуфляж і ножыкі. Пасля таго, як Куфко распавёў, што набыў нож у яго, а сам нож прызналі халоднай зброяй, на мужчыну завялі крымінальную справу і абвінавацілі ў забеспячэнні зброяй пратэстоўцаў.

Пры гэтым надзейныя крыніцы запэўніваюць, што гаворка ідзе аб невялікім ножыку з абломленым вастрыём, які Куфко ў якасці сувеніра насіў на заплечніку.

Яшчэ адна вельмі важная акалічнасць справы: падчас затрымання абодвух хлопцаў моцна збілі. Гэта адбылося 11 жніўня. 13 жніўня ў Аляксея Куфко была праведзеная судмедэкспертыза. Па яе выніках хлопцу нанеслі не менш за 42 пашкоджання. У тым ліку былі зафіксаваны ўдары па галаве, вывіхі зубоў, сінякі, 15 пашкоджанняў на целе ў выглядзе доўгіх вузкіх палосак. З гэтай нагоды была пададзена заява аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія збілі Куфко. Але ў гэтым было адмоўлена.

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Брэсцкай вобласці прыйшлі да высновы аб поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынстваў і пагадзіліся з прававой кваліфікацыяй дзеянняў Чыжэўскага паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 342 КК РБ і дзеянняў Куфко - паводле ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 296 КК РБ.

10 лютага з улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Чыжэўскага і Куфко вінаватымі у здзяйсненні вышэйзгаданых злачынстваў. Абодвум прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу: Куфко - 1 год 8 месяцаў хатняй “хіміі”, Чыжэўскаму – 1 год і 6 месяцаў хатняй “хіміі”.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства