viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2021

2021 2021-07-01T17:20:29+0300 2021-10-01T15:35:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_june_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ "Вясна", на працягу месяца судамі былі вынесены прысуды ў дачыненні да не менш як 125 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ "Вясна", засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбяральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 526 палітвязняў; іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго за чэрвень па дадзеных ПЦ "Вясна" судамі накладзена не менш за 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічынь (больш за 71 000 беларускіх рублёў) і не менш 94 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю у 1 477 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні 246 чалавек;
  • 21 чэрвеня Еўрасаюз, ЗША, Канада і Вялікабрытанія заявілі аб увядзенні новых санкцый супраць Беларусі. Санкцыі Еўрасаюза закрануць ключавыя сектары эканомікі Беларусі, у тым ліку экспарт калійных угнаенняў, нафты і нафтахімічных прадуктаў, а таксама тытунёвую прамысловасць і фінансавы сектар. Савет міністраў ЕС зацвердзіў пастанову аб унясенні ў санкцыйны спіс 86 кампаній і фізічных асоб. Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла, што ўносіць у санкцыйных спіс яшчэ 16 беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама пяць устаноў: КДБ Беларусі, ізалятар на вул. Акрэсціна, унутраныя войскі МУС, Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і УУС Брэсцкай вобласці;
  • у адказ на новыя санкцыі ЕС Беларусь прыпыніла ўдзел у ініцыятыве Еўрапейскага Саюза “Усходняе партнёрства”, адклікае свайго прадстаўніка ў ЕС і прапанавала пакінуць Беларусь кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дырку Шубелю;
  • апублікаваны даклад Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, які будзе прадстаўлены на 47-й сесіі Савета па правах чалавека. У ім апісана сітуацыя з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў 2020 годзе і пачатку 2021 года ў Беларусі. Спецдакладчыца дакументуе працяг хвалі рэпрэсій у краіне з дапамогай доказаў масавых парушэнняў, беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах і цяжару;
  • працягваецца крымінальны пераслед журналістаў і праваабаронцаў;
  • выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
  • працоўная група па барацьбе з катаваннямі Платформы “Грамадзянская салідарнасць” прадставіла другі штогадовы замер Індэкса забароны катаванняў за 2020 год у васьмі краінах рэгіёну АБСЕ: Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстае, Малдове, Польшчы, Расіі і Украіне; Беларусь – на апошнім месцы ў рэйтынгу;
  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала значна пагаршацца.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед па палітычных матывах застаецца асноўнай і найбольш жорсткай формай рэпрэсій, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

ПЦ "Вясна" вядома пра не менш чым 125 асуджаных у ходзе палітычна матываваных крымінальных судовых працэсаў, якія прайшлі ў краіне на працягу месяца.

Колькасць палітвязняў па стане на 30 чэрвеня склала 526 чалавек і працягвае расці. Сярод асуджаных – удзельнікі пратэсных акцый, грамадскія актывісты, а таксама дзясяткі грамадзян, якія выказвалі ў рознай форме сваё меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне, ацэнкі службовых асоб і прадстаўнікоў сілавых структур.

У чэрвені прайшоў шэраг рэзанансных групавых крымінальных працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віктара Бабарыкі – аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года.

Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд крымінальную справу ў дачыненні да Марыі Калеснікавай і Максіма Знака для вызначэння падсуднасці – выбару таго суда, у якім будзе разгледжана справа. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 і ч. 1 арт. 361-1 КК.

У Гомелі на тэрыторыі следчага ізалятара ў закрытым пасяджэнні пачаўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні вядомага палітыка Мікалая Статкевіча, блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Сяргея Ціханоўскага, сябраў каманды яго блога “Краіна для жыцця” Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова, блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча. Аб'ём абвінавачванняў у кожнага розны і ўключае арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, арганізацыю масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці, перашкоду працы ЦВК.

Раней у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна была разгледжана крымінальная справа супраць траіх фігурантаў “справы Ціханоўскага”, якіх затрымалі на выбарчым пікеце 29 траўня мінулага года ў Гродне: палітвязняў Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Рэзнічэнку і Уладзіміра Кнігу. 2 чэрвеня траіх фігурантаў асудзілі за актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак па ч. 1 арт. 342 КК, а акрамя гэтага, Рэзнічэнку і Кнігу прызналі вінаватымі ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Суддзя Вольга Бекушава пакарала Дзмітрыя Фурманава двума гадамі, Яўгена Рэзнічэнку трыма з паловай гадамі, Уладзіміра Кнігу чатырма гадамі калоніі.

Працягваецца расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да праваабаронцаў.

Тэрмін утрымання пад хатнім арыштам кіраўніка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Сяргея Драздоўскага падоўжаны на два месяцы – да 3 жніўня.

Стала вядома аб прад'яўленні канчатковага абвінавачвання праваабаронцу, сябру ПЦ "Вясна" Леаніду Судаленку паводле частак 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Таксама стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартай палітвязняволенай Марфы Рабковай падоўжаны яшчэ на тры месяцы – да 17 верасня. Каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны", праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая ўвечары 17 верасня і дастаўлена ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, канфіскавана тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Парушэнні свабоды мірных сходаў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 3 чэрвеня вынес прысуды па "карагоднай" крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 13 берасцейцаў. Суддзя Яўген Брэган прызнаў іх вінаватымі і прызначыў пакаранне ад 1,5 гадоў абмежавання волі да 1 года калоніі за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. У судзе Брэсцкага раёна 8 чэрвеня таксама вынеслі прысуды чарговай групе па гэтай справе: па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак асудзіў на тэрміны да 2 гадоў абмежавання волі 12 чалавек. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" склала больш за 70 чалавек – гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі. Брэсцкія суды асудзілі па гэтай справе ўжо 57 чалавек.

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 10 чэрвеня абвешчаны прысуд у дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыкі, палітвязняў Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапелькі, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). Суддзя Святлана Бандарэнка вынесла прысуд, якім усім абвінавачаным прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі забіраюць прадстаўнікоў самых розных прафесій і сацыяльных груп з хаты, затрымліваюць на працы; адбываюцца ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах Мінска і ў рэгіёнах праходзяць разбяральніцтвы па адміністрацыйных справах у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

У апошні тыдзень чэрвеня ў мінскіх раённых судах пачаліся грамадзянскія працэсы па пазовах пракурораў у інтарэсах "Мінсктрансу" да асуджаных палітвязняў. У іх патрабуюць кампенсацыю ўрону за "перакрыцце дарог" на пратэстах. Так, судзіцца пачалі мінімум з пяццю палітвязнямі. Агульная сума гэтых пазоваў за пратэсты 9-11 жніўня, 4 кастрычніка ўжо налічвае 74 021 рублёў. Але яшчэ ні адзін працэс не скончыўся: аб'яўлялі месячныя перапынкі, пераносілі ў іншыя суды і аб'ядноўвалі справы з іншымі палітвязнямі.

Усяго за чэрвень па дадзеных ПЦ "Вясна" судамі накладзена не менш за 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічынь (больш за 71 000 беларускіх рублёў) і не менш 94 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю у 1 477 сутак. Суддзі сталі аддаваць перавагу адміністрацыйнаму арышту, пры гэтым трое суддзяў (Дзмітрый Карсюк, Юлія Блізнюк і Марыя Ярохіна) скарысталіся гэтым відам спагнання не менш за 24 разы. Маюцца звесткі аб затрыманні 246 чалавек.

Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Праект «Вясна назірае» распавёў, колькі беларускіх студэнтаў пацярпелі ад палітычнага пераследу па адміністрацыйных справах з пачатку 2021 г., і за што іх пераследуюць улады. З пачатку пратэстаў у Беларусі студэнты сталі адной з самых рэпрэсаваных супольнасцяў. Многія студэнты былі кінутыя на “суткі”, аштрафаваныя, некаторыя пасля адлічэнняў з навучальных устаноў пакінулі краіну, некаторыя выехалі на рэабілітацыю пасля катаванняў з-за ўдзелу у мірных акцыях пратэстаў, а многія сталі фігурантамі крымінальных спраў.

Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да стваральнікаў і адміністратараў розных Тэлеграм-каналаў: у судзе Заводскага раёна 4 чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў Тэлеграм-канала і чата "Кіроўцы 97". Палітвязні Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша і Ганна Вішняк ўтрымліваюцца пад вартай з восені мінулага года. Таццяна Шкробат знаходзілася да суда пад падпіскай аб нявыездзе. Іх абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўцы альбо навучанні такой дзейнасці: усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакавання дарог у сувязі з незадаволенасцю уладай і фальсіфікацыяй выбараў. Вынік – Гуцін, Кульша і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, пакараныя двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяна Шкробат – трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Палітзняволеную Марыю Несцераву за ўдзел і перапіскі ў пратэсных Тэлеграм-каналах і чатах прызналі вінаватай у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў і ўстаноў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ; яе прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

У розных гарадах Беларусі вынесены прысуды за публікацыю ў сацыяльных сетках негатыўных каментароў да публікацый пра супрацоўнікаў МУС у сувязі з іх удзелам ці меркаваным ўдзелам у падаўленні мірных пратэстаў. Прысуды, як правіла – абмежаванне волі. Разгледжаны некалькі спраў па арт. 130 КК супраць фігурантаў, якіх абвінавачвалі ў распальванні нянавісці да “сацыяльных груп” – “супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, “дзяржаўных служачых” і г.д. – і прысуджалі, як правіла, да пазбаўлення волі.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 28 чэрвеня разгледзелі крымінальную справу Аляксандра Бабкіна, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі па ч. 1 арт. 368 КК: згодна з абвінавачваннем, Бабкін патэлефанаваў па нумары 102 і “зневажальна і негатыўна выказаўся на адрас прэзідэнта, прынізіў яго гонар і годнасць, тым самым нанёс публічную абразу”. Суддзя Уладзімір Пазняк прысудзіў яго да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі.

28 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска вынес прысуд 26-гадовай Ганне Важнік. Суддзя Алена Жывіца прызнала яе вінаватай па арт. 370 Крымінальнага кодэкса і асудзіла на год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Ганну прызналі вінаватай у тым, што ў асабістым акаўнце ў Твітэры яна перарабіла адзін куплет гімна, пачаўшы з фразы “Мы экстрэмісты – мірныя людзі...”. Паводле абвінавачання, яна здзейсніла здзек над дзяржсімвалам – гімнам.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні ў сацыяльных сетках, за іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец чэрвеня 2021 г., па дадзеных БАЖ, знаходзіліся 25 прадстаўнікоў СМІ.

Журналістаў рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць і падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійных абавязкаў.

3 чэрвеня журналіст "Трыбуны" Аляксандр Івулін, а таксама мантажор праекта "ЧестнОК" Яраслаў Пісарэнка затрыманыя ў кватэры людзьмі ў цывільным. Па звестках суседзяў, людзі ў цывільным прыйшлі каля 13.00 з ператрусам, а пасля Івуліна і Пісарэнку павезлі на дзвюх машынах у невядомым накірунку.

У той жа дзень невядомыя, відавочна прадстаўнікі праваахоўных органаў, ламіліся ў кватэру журналісткі Валярыны Куставай; сама яна выехала за межы Беларусі.

Незалежны журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын, які супрацоўнічае з "Новым часам", знаходзіцца ў турме №1 Гродна з 12 сакавіка 2021 года. У канцы чэрвеня з'явілася інфармацыя аб тым, што ён перажыў сардэчны прыступ. Дзянісу Івашыну адвольна прад'яўленае абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэксу – “Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска пачаўся судовы працэс па прызнанні прадукцыі TUT.by (сайт, сацсеткі, матэрыялы) экстрэмісцкай. Як вынікае з заявы МУС, падчас маніторынгу партала TUT.by ў лютым 2021 года былі знойдзены “матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь”, а пры іх аналізе выяўленыя "прыкметы экстрэмізму". 2 сакавіка МУС накіравала гэтыя матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію. Справу разглядае суддзя Таццяна Скопец, якая зрабіла працэс закрытым. Як піша TUT.by, працэс аб прызнанні прадукцыі партала і сацсетак выдання экстрэмісцкай прыпынены на нявызначаны тэрмін. Была пададзеная заява аб абскарджанні дзеянняў Камісіі па вынясенні экспертнага заключэння. Яна будзе разгляджаная эканамічным судом 6 ліпеня.

30 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра тое, што палітвязню, журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву, які па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, з 12 студзеня гэтага года ўтрымліваецца ў СІЗА, прад'яўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве – асабліва цяжкім злачынстве, за якое прадугледжана пакаранне ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

У судзе Савецкага раёна г. Мінска палітвязень Сцяпан Латыпаў заявіў аб катаваннях і ціску на яго з боку органаў унутраных спраў. Пасля допыту ў судзе яго бацькі ў якасці сведкі палітвязень стаў на лаўку ў клетцы і ўставіў сабе ў горла прадмет, падобны на асадку, здзейсніўшы спробу суіцыду.

Таксама з'явіліся звесткі аб катаваннях у дачыненні да абвінавачанага ў “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак,” 20-гадовага расіяніна Ягора Дуднікава. Вядома, што крымінальная справа супраць яго распачатая з-за таго, што ён агучваў ролікі, размешчаныя ў пратэсным Тэлеграм-канале.

Гэтыя і іншыя факты, падрабязна пералічаныя ў аглядзе па выніках назірання за разглядам крымінальных спраў у судах, не былі расследаваныя, а вінаватыя ў катаваннях засталіся беспакаранымі.

Жонка асуджанага на два гады пазбаўлення волі фігуранта справы “пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі супрацоўніка ДВП” Арцёма Анішчука паведаміла, што да яго змог трапіць адвакат. У ходзе сустрэчы высветлілася, што ў дачыненні да яго ажыццяўляюцца гвалтоўныя дзеянні фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15. У сувязі з гэтым ПЦ "Вясна" выступіў з заявай. Аднак паступіла інфармацыя пра тое, што катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да зняволенага не спыняюцца.

Палітвязні адзначаюць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі.

Смяротнае пакаранне

Смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава хутчэй за ўсё прыведзены ў выкананне. Пра гэта 10 чэрвеня каардынатару кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэю Палуду паведаміла сястра Паўлава Раіса Анатольеўна: ад асуджанага паўтара месяца не было лістоў, у СІЗА ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не паведамілі інфармацыю пра стан брата. Калі па яе просьбе ў СІЗА пайшла адвакатка, ёй паведамілі, што Віктара Паўлава там няма.

Сястра Паўлава лічыць, што ўсе гэтыя факты сведчаць аб тым, што яе брата расстралялі. Афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выкананне прысуду сям'я Віктара Паўлава пакуль не атрымлівала.

Гарантыі справядлівага суда

Працягваецца пераслед адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў. Спынена дзеянне адвакацкай ліцэнзіі адвакаткі І. Берцук.

18 чэрвеня ў час разгляду крымінальнай справы па абвінавачванні Вольгі Сінелавай, якая прапанавала памочніцы пракурора Аліне Касьянчык, вядомай сваім удзелам у палітычна матываваных працэсах, скасаваць дамову арэнды кватэры, чым, на думку абвінавачвання, парушыла раўнапраўе грамадзян, адвакату Андрэю Мачалаву стала вядома аб тым , што з 31 траўня ён выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Нагодай стала інтэрв'ю адваката, у якім ён паведаміў аб фактах катаванняў у ГУБАЗіКу, якія сталі яму вядомымі ад падабароннай Вольгі Залатар. Адвакат А. Мачалаў вядомы ўдзелам у іншых палітычна матываваных крымінальных справах пасля выбараў прэзідэнта 2020 года.

Пазбаўленне ліцэнзіі і выключэнне з адвакатуры найбольш актыўных, добрасумленных і прынцыповых адвакатаў дае выразны сігнал астатнім пра магчымыя наступствы вольнага ажыццяўлення адвакацкай прафесіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства