viasna on patreon

Суд аб прызнанні матэрыялаў і сацсетак TUT.BY экстрэмісцкімі: што вядома цяпер Дапоўнена

2021 2021-06-24T10:39:05+0300 2021-06-24T15:27:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tut.by_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся судовы працэс па прызнанню прадукцыі TUT.by (сайт, сацсеткі, матэрыялы) экстрэмісцкай. Як вынікае з заявы МУС, падчас маніторынгу парталу TUT.by у лютым 2021 года былі знойдзены «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры іх аналізе выяўлены «прыкметы экстрэмізму». 2 сакавіка МУС накіравала гэтыя матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію. Сёння справу разглядае суддзя Таццяна Скапец, якая зрабіла працэс закрытым. Прадстаўнік МУС – Аляксандар Крывулін.

Як піша TUT.by, працэс аб прызнанні прадукцыі партала TUT.ВУ і сацсетак выдання экстрэмісцкай прыпынены на нявызначаны тэрмін. Была пададзеная заява аб абскарджанні дзеянняў Камісіі па вынясенні экспертнага заключэння. Яго будзе разглядаць Эканамічны суд 6 ліпеня. 

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота "Белсат"

У чым сутнасць справы?

Як піша сам TUT.BY, 21 траўня ГУБАЗіК атрымаў заключэнне камісіі №234, дзе сцвярджаецца, што «дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.BY па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнню магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць ўрон (шкоду) нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

У склад Рэспубліканскай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, якая рабіла заключэнне на справе TUT.by, уваходзіць 20 чалавек. Сярод іх – дэпутатка і экс-міністарка інфармацыіі Лілія Ананіч, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення КДБ Ігар Жукаў, прэс-сакратар СК Сяргей Кабаковіч, прадстаўніца Дзяржаўнага мытнага камітэту Кацярына Шкурдзюк, намеснік дырэктара Інстытуту філасофіі Андрэй Дудчык, кіраўнік Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза і адразу два прадстаўніка ГУБАЗіК (Дзмітрый Юцаў і Юрый Ткачук).

У чым абвінавачваюць TUT.by

TUT.by вінавацяць у тым, што ў матэрыялах партала дзеянні прадстаўнікоў улады (напрыклад, Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Эйсмант ды іншыя) «характарызуюцца негатыўна». У той час як дзеянні апазіцыі TUT.BY нібыта «ацэньвае выключна станоўча». Фактычна партал абвінавачваюць у тым, што журналісты асвятлялі пратэсты, распавядалі пра гвалт сілавікоў і цытавалі заявы прадстаўнікоў апазіцыі.

«Сайт мэтанакіравана праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку», – напісана ў заключэнні Рэспубліканскай камісіі.

Паводле заключэння, у матэрыялах партала маюцца «лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы, негатыўная ацэнка дзейнасці Лукашэнка, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных групаў асобаў, што выдзяляюцца па прафесійнай прыкмеце». Нібыта ў іх стаўленні ўжываецца «стратэгія і тактыка дыскрэдытацыі».

«У агульным кантэксце ажыццяўляецца проціпастаўленне групаў асобаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і іншых групаў, якія ўключаюць «дзейную ўладу», «сілавікоў», АМАП, работнікаў ЦВК, «праўладных» і да таго падобнага, – сцвярджаюць аўтары. – Дадзеныя прыкметы зʼяўляюцца спосабамі выражэння экстрэмісцкіх значэнняў у частцы распальвання сацыяльнай варожасці і розні».

Чальцы камісіі пішуць, што «ў выніку мэтанакіраванага падбору матэрыялаў, з дапамогай шматразовага паўтарэння лозунгу «Я/Мы з вамі» выказваецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадства вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі».

Агулам так званае экспертнае заключэнне займае больш за 60 старонак, яшчэ каля 300 старонак займаюць прыкладання.

Информационное письмо МВД в адрес Министерства информации по поводу TUT.BY

Што з TUT.by адбываецца цяпер

18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»).

Дамен парталу TUT.by заблакаваны з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, а сэрверы захоплены спецслужбамі, супрацоўнікі TUT.by не маюць да іх доступу. Журналісты і рэдактары TUT.by цяпер працягваюць працу толькі ў сацыяльных сетках.

Агулам у межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. 12 з іх застаюцца за кратамі:

  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава;
  • рэдактарка Вольга Лойка;
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;
  • журналістка Алена Талкачова;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;
  • галоўная інжынерка Ала Лапатко;
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;
  • менеджар Андрэй Аўдзееў;
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка «Rocket Data», TAM.by Дар’я Данілава.

Яшчэ тры чалавекі былі змешчаныя пад хатні арышт:

  • Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера – заснавальніка TUT.by;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.by;
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.by.

Усе 15 фігурантаў гэтай справы былі прызнаныя палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства