viasna on patreon

Палітвязень па "справе карагодаў": Cем тыдняў правёў у падвальнай камеры без сонечнага святла

2021 2021-06-09T09:49:32+0300 2021-06-09T14:57:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/medusheusky_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У канцы студзеня брэсцкія суды пачалі разглядаць адну з самых масавых "палітычных справаў" у гісторыі Беларусі — "справа карагодаў". Праз месяц пасля выбараў, 13 верасня, на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі і танчылі. Тады для разгону каля тысячы ўдзельнікаў акцыі ўпершыню быў ужыты вадамёт, а потым распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Колькасць фігурантаў "справы карагодаў" падбіраецца пад сотню: па гэтай справе затрымліваюць і цяпер. Суды адбываюцца ў канвеерным парадку — судзяць "партыямі". 3 чэрвеня асудзілі ўжо пятую "дзясятку", фігурантамі якой выступалі, у тым ліку, тры палітвязні. Дваіх Радзівона Медушэўскага і Ігара Вінакурава — пасля 2,5 і 3 месяцаў у СІЗА адпаведна адпусцілі на волю, пакараўшы іх 1,5 гадамі "хатняй хіміі". Яшчэ аднаго палітвязня Аляксандра Храпко адправілі на год у калонію. "Вясна" пагутарыла з вызваленым у зале суда Радзівонам пра яго пераслед па "справе карагодаў", сукамернікаў і ўмовах утрымання ў СІЗА-7, пра салідарнасць і ціск, пра жоўтыя і чырвоныя пазнакі палітвязняў.

Радзівон Медушэўскі. Фота з асабістага архіва
Радзівон Медушэўскі. Фота з асабістага архіва

На лаўку падсудных па "справе карагодаў" трапілі ўжо 71 чалавек. У асноўным, у дачыненні да фігурантаў гэтай справы прымяняецца мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе. Але, пры гэтым, ужо каля дзясятка людзей, якія пераследуюцца ўладамі за ўдзел у брэсцкім карагодзе 13 верасня, трапілі ў СІЗА-7. 23-гадовы Радзівон Медушэўскі — адзін з іх. Хлопец трапіў за краты 16 сакавіка, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Радзівон распавёў пра тое, як апынуўся ў следчым ізалятары на 2,5 месяца і што яму давялося перажыць у гэты час.

"Скажу толькі, што мяне не білі"

"Я даведаўся пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, калі да мяне дадому прыехалі з крымінальнага вышуку. Два чалавекі пагрукаліся, паказалі пасведчанне і сказалі, што прыехалі за мной. Мне паведамілі, што я быў "дзесьці там, дзе мне не трэба было быць". Я апрануўся і мяне павезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста. Там мне паказалі мае фатаграфіі з карагоду і, акрамя нашай гутаркі з чалавекам, які сядзеў у кабінеце, да нас заходзілі іншыя супрацоўнікі і, не разабраўшыся ў тым, хто я і па якім тут пытанні, пачалі дзяліцца сваімі меркаваннямі з нагоды таго, як варта было б паступіць з усімі пратэстоўцамі... Увогуле, размова з імі пакінула ў мяне яркія ўражанні, але так як любая непахвальная інфармацыя пра супрацоўнікаў сілавых структур або праваахоўных органаў можа быць выкарыстана для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць мяне, то мне сказаць асабліва і няма чаго. Скажу толькі, што мяне не білі.

"Адвакат сказаў, што мяне могуць пасадзіць на трое сутак, калі я не стану даваць паказанні"

Потым мяне павезлі ў Следчы камітэт і ўвесь час намякалі, што, калі не буду даваць паказанні, то мяне пасадзяць у ІЧУ. Следчы ў двух словах патлумачыў расклад і паклікаў іншага следчага. Ён спытаў мяне, што адбылося і што я рабіў на гэтых фота і відэа [падзеі 13 верасня]. Я коратка распавёў. Потым ён спытаў, ці патрэбны мне адвакат для дачы паказанняў. Я сказаў, што патрэбен, і мне выклікалі адваката. Адвакат сказаў, што я магу наогул нічога не казаць, але мяне могуць пасадзіць на трое сутак, калі я не стану даваць паказанні. Я падумаў, што часам варта пайсці на такія ахвяры, каб не нагаварыць лішняга. Я вырашыў не даваць паказанні і заявіў, што не прызнаю віну. І мяне проста адпусцілі дадому, даўшы падпісаць падпіску аб нявыездзе. Пасля гэтага я два месяцы хадзіў пад падпіскай на свабодзе.

"Я быў упэўнены, што мяне не затрымаюць, але на ўсялякі выпадак узяў зубную шчотку"

Дзесьці 13 сакавіка мне патэлефанаваў следчы і сказаў, каб я 16 сакавіка да двух гадзін дня пад'ехаў да яго. Я спытаў у чым справа, ён заверыў, што проста пагаварыць і яшчэ разок дапытаць мяне. Я ведаў, што другі допыт будзе пры прад'яўленні абвінавачвання, таму я зразумеў, што мяне перавядуць са статусу падазраванага ў статус абвінавачанага. Яшчэ я ведаў, што ў СІЗА сядзіць Даніл Чамаданаў з трэцяй "дзясяткі", але думаў, што ён там сядзіць як грамадзянін Расіі, і што яго пасадзілі, каб ён не збег. Я быў упэўнены, што мяне не затрымаюць, але на ўсялякі выпадак узяў зубную шчотку.

Ад следчага ў СІЗА павезлі ў "стакане" аўтазака

Я прыехаў, у мяне забралі пашпарт і запакавалі. Затым выставілі абвінавачванне і далі дакумент аб змене меры стрымання на ўзяцце пад варту. Спыталі, ці буду я даваць паказанні і ці прызнаю віну, я сказаў што не і не. Дзесьці гадзіну я правёў у кабінеце следчага, потым прыйшоў канвой, апранулі на мяне кайданкі і павялі ў аўтазак, дзе я яшчэ дзесьці гадзіну прасядзеў, пакуль яны чакалі яшчэ аднаго "карагодніка" Аляксандра Храпко. Дзесьці праз гадзіну яго прывялі, ён сеў у суседні "стакан" у аўтазаку і нас павезлі ў СІЗА. Пры гэтым, нам уключылі песню "Саня останется с нами".

Два з паловай месяца 23-гадовы Радзівон правёў у брэсцкім следчым ізалятары. Ён распавядае, якія былі ўмовы ўтрымання ў камеры, пра турэмны побыт, сукамернікаў і як прайшоў яго час.

Радзівон Медушэўскі з блізкімі каля суду. Фота з асабістага архіва
Радзівон Медушэўскі з блізкімі каля суду. Фота з асабістага архіва

Сем тыдняў правёў у падвале без сонечнага святла  

"У адной камеры СІЗА адразу нас было дзевяць чалавек, потым мяне перавялі ў іншую, дзе нас было шэсць, а потым мяне зноў перавялі і нас было сем. Умовы былі розныя — у залежнасці ад камеры. Я толькі тры тыдні правёў у камеры, дзе ёсць акно і сонечнае святло. Астатні час мяне трымалі ў падвале, дзе сонца наогул не бачыў. Падчас прагулак бачыў яго толькі праз краты. На прагулцы быў дзесьці па 15-30 хвілін у дзень. Я сядзеў у двух падвальных камерах. У адной з іх, калі сесці на кукішкі побач з акном, якое ўпіраецца ў сцяну нейкага калідора, то можна ўбачыць кавалачак неба і даведацца, якое надвор'е і ці светла на вуліцы. А ў іншай камеры таксама можна было падысці шчыльна да такога ж акна, прысесці ніжэй і ўбачыць зусім маленькі кавалачак неба.

Пад'ём у нас быў а 6 раніцы пад гучны гімн Беларусі, а адбой — у 22.00. У кожнай камеры ёсць лаўкі і стол. Сядзець можна толькі на лавачцы, на наре сядзець нельга.

"Кожны раз пры ранішніх і вячэрніх абыходах корпуснага мы павінны былі яму, а галоўнае сабе, паўтараць «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці»"

Усіх, хто сядзіць па палітычным артыкуле, пазначалі жоўтай таблічкай на нары з надпісам "схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Гэтая таблічка ўяўляе сабой проста прамавугольную дошку з налепленым надпісам на жоўтым фоне. Усе гэтыя людзі сядзяць альбо па артыкуле 293, альбо па 342 Крымінальнага кодэкса. Кожны раз пры ранішніх і вячэрніх абыходах корпуснага [супрацоўніка СІЗА] мы павінны былі яму, а галоўнае сабе, паўтараць "схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Асабіста я лічу гэта абразай. Са словаў рэжымніка [супрацоўніка СІЗА], гэты прафулік матываваны выключна артыкулам.

Чырвонай таблічкай пазначалі ўсіх пінскіх [фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінске], наколькі я ведаю. Я сядзеў з адным хлопцам з Пінска — Сяргеем Ляжэнкам. У яго была не жоўтая, а чырвоная таблічка, што азначае "схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў", ці неяк так. Тыя, хто з чырвонай таблічкай, ходзяць на прагулку заўсёды ў кайданках. Таксама ім апранаюць кайданкі перад абыходам.

Супрацоўнік СІЗА казаў, што педафіл сядзіць у добрай камеры, таму што ён "не зрабіў нічога дрэннага дзяржаве"

Стаўленне да мяне было розным у розных людзей, якія там працуюць. Адныя разумеюць, што гэта адкрыты цырк, і што амаль усім палітычным тут наогул не месца, а іншыя лічылі нас "дурнямі і фанатамі Ціханоўскай".

Адзін сукамернік спытаў у супрацоўніка СІЗА, чаму педафіл сядзіць у добрай камеры з акном, а мы сядзім у падвале, на што ён адказаў, што "ну педафіл не зрабіў нічога дрэннага дзяржаве".

"Такое адчуванне, што палова людзей у СІЗА — гэта палітычныя"

Сядзеў у асноўным з палітычнымі. Такое адчуванне, што палова людзей у СІЗА — гэта палітычныя. Я сядзеў з хлопцамі, якія праходзяць па "палітычных" артыкулах: Данілам Чамаданавым, Віктарам Панцялеевым, Марэкам Серадзэ, Сяргеем Ляжанкам, Вадзімам Чапялевічам, Артурам Аміравым, Канстанцінам Свідановічам, Дзмітрыем Буневічам, Маркам Антонавым, Львом Цяліпкам, Максімам Зіневічам, Сімонам Канцевічам, Іллём Мігно, Якавам Шафарэнкам. Гэта толькі палітычныя.

"Маёй лыжкай была вялікая чорная расчоска"

Хлопцы ў камеры часта малявалі. Некаторыя прасілі мяне маляваць партрэты іх жонак, таму што я скончыў мастацкую школу і ўмею так-сяк маляваць партрэты. Ну я і маляваў, таму што рабіць было няма чаго. А яны адпраўлялі гэтыя партрэты разам з лістамі ў канвертах. За гэта мне заказвалі ў мясцовай краме пачастункі.

Відэльцы і лыжкі нам давалі толькі на час прыёму ежы. У астатні час усе карысталіся чым патрапіла. Хтосьці рабіў лыжкі з плаўленай шарыкавай ручкі (ужо без стрыжня), а маёй лыжкай была вялікая чорная расчоска, якую мне адправілі перадачкай родныя ў першы тыдзень, але якой мне так і не давялося пакарыстацца па прызначэнні. Я вырашыў састрыгчы свае доўгія валасы, каб пазбегнуць магчымых непаразуменняў з боку некаторых сукамернікаў і супрацоўнікаў СІЗА.

Некаторыя ў СІЗА прачыталі па 60-70 кніг

У СІЗА ёсць бібліятэка. Туды мы пісалі заявы на пэўныя кнігі ці кнігі пэўных аўтараў. Але самі зняволеныя да бібліятэкі непасрэднага доступу, зразумела, не маюць. Можна толькі замаўляць кнігі праз заявы. Асабіста я прачытаў штук дзевяць розных кніг у СІЗА, але бачыў людзей, якія прачыталі па 60-70 кніг пакуль сядзяць там.

Сталовай у СІЗА таксама няма. Нам проста ў пэўны час прасоўваюць ежу праз "кармушку" (акенца ў дзвярах), а пасля ежы мы проста здаем посуд назад. Нікуды выходзіць з камеры нельга, толькі на шпацыр з пад наглядам супрацоўніка СІЗА. Калі цябе кудысьці выклікаюць, напрыклад, да лекара, адваката, то таксама пад наглядам супрацоўніка, дакладней, пад канвоем, але без кайданкоў у маім выпадку.

"Медушэўскі, 342 артыкул, схільны да экстрэмізму"

На ранішніх і вячэрніх абыходах дзяжурны па камеры павінен назваць колькасць людзей у камеры, нумар камеры, сваё імя прозвішча і імя па бацьку, год нараджэння і артыкул. Тое ж самае, толькі яшчэ і назваць тое, што стаіш на ўліку, павінны па чарзе казаць усе, хто знаходзіцца на прафуліку. Але прафучанікоў у СІЗА так шмат, што ад нас патрабавалася толькі сказаць: "Медушэўскі, 342 артыкул, схільны да экстрэмізму". Але на падвале мы стараліся расцягнуць гэты момант, таму што падчас абыходу адчыняюцца дзверы і да нас заходзіць паветра. Гэта быў наш спосаб праветрыць камеру і таму мы стараліся размаўляць як мага больш поўна і павольна. Гучала ўсё прыкладна наступным чынам:

"Камера такая, у камеры столькі чалавек, дзяжурны па камеры (напрыклад) Медушэўскі Радзівон Уладзіміравіч, 25.11.1997 года нараджэння ад Раства Хрыстова, артыкул 342 частка 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, тэрмін невядомы, адукацыя вышэйшая, халасты, знаходжуся на прафілактычным уліку як "схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці". 

І так па крузе шэсць чалавек. Часам гэта расцягвалася на хвіліну. І ў такім выпадку цэлую хвіліну ўся пракураная камера, у якой палілі ўсе, акрамя мяне, праветрывалася.

Нельга шнуркі, але можна кіпяцільнік,
нельга відэлец, але можна станок з лязом

Радзівон Медушэўскі. Фота з асабістага архіва
Радзівон Медушэўскі. Фота з асабістага архіва

У СІЗА нельга мець шнуркі, таму што на іх можна павесіцца. Але можна мець кіпяцільнікі, у тым ліку і з доўгім провадам. Мабыць, на іх нельга павесіцца. Нельга мець сваю лыжку або (о, Госпадзі!) відэлец, але можна мець станок для галення з лязом. 

"Нам пастаянна казалі, што мы цяпер ганьба для сваіх сем'яў"

Па расказах сукамернікаў (з розных камер і незнаёмых адзін з адным), да Новага года яны атрымлівалі мінімум 1-2 лісты падтрымкі (ад новых людзей) кожны тыдзень, але пасля Новага года ўсё рэзка спынілася. Засталіся толькі перапіскі з тымі з падтрымкі, з кім ужо завязаліся хоць нейкія зносіны. Ад новых людзей усё паступаць спыніла. Але кожны новы палітычны, якога садзяць у СІЗА, тыдні праз тры атрымлівае перадачу "бандэроллю" ад падтрымкі. Мне ў той жа дзень прыйшло яшчэ і тры лісты падтрымкі, але больш я такіх лістоў не атрымліваў. У астатніх людзей падобная сітуацыя: вельмі рэдка атрымліваюць лісты ад падтрымкі. Але цяпер я ўжо ад трох людзей атрымаў віншаванні ў сацыяльных сетках, якія пішуць мне, што адпраўлялі лісты, але я іх не атрымліваў. Рэжымнікі пастаянна кажуць нам, што мы зараз ніколі не ўладкуемся на нармальную працу, што ўсе ў краіне цяпер задаволеныя, таму што няма нідзе мітынгаў, што мы цяпер ганьба для сваіх сем'яў і г.д. Я думаю, што яны гэтыя лісты знішчаюць, каб мы не адчувалі падтрымкі.

Працэс над пятай "партыяй" па "справе карагодаў" заняў некалькі паседжанняў. Усіх было 13 абвінавачаных, тры з якіх былі пад вартай. Радзівон распавёў, з якімі думкамі ён "ішоў" на працэс і як успрымаў суд з "акварыума".

Яшчэ 13 абвінавачаных. У Брэсце пачалі судзіць пятую "партыю" па "справе карагодаў"

Суд Маскоўскага раёна Брэста 24 траўня пачынае разглядаць "карагодную" крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 13 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава.

"Ён, напэўна, не хацеў верыць, што па палітычных артыкулах даюць роўна столькі, колькі запытвае пракурор"

"Я "ішоў" на суд, як на свята, таму што нарэшце была надзея, што мяне вызваляць. Я ведаў, што няма перадумоў думаць, што мне дадуць калонію, але стараўся занадта моцна сябе не абнадзейваць, таму што і перадумоў, што мяне пасадзяць у СІЗА, я раней таксама не бачыў.

Я не ведаю дакладна, чаму пасадзілі менавіта мяне, але я думаю праз тое, што я адмовіўся даваць паказанні і не прызнаваў віну падчас следства. Думаю Храпко [палітвязня Аляксандра Храпко асудзілі на 1 год калоніі] пасадзілі, таму што ў яго была не пагашаная судзімасць і яго адразу збіраліся адпраўляць на лагер, а ў Вінакурава [палітвязень, якога таксама асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі"] былі абцяжваючыя абставіны. Але гэта толькі маё меркаванне, ведаць дакладна я, зразумела, не магу. З імі я не сядзеў, толькі ездзіў на суды і ўсё. Паводзілі сябе яны вельмі спакойна, але Храпко да апошняга спадзяваўся, што яго адпусцяць. Ён, напэўна, не ведаў ці не хацеў верыць, што па палітычных артыкулах даюць роўна столькі, колькі запытвае пракурор".

"Не чакаў, як шмат людзей мяне падтрымлівае"

Цяпер Радзівон пасля 2,5-месячнага зняволення зноў вяртаецца ў звыклы раней яму жыццёвы рытм:

"Цяпер думаю, застаючыся на ранейшай працы — прадаўцом сантэхнікі — асвоіць якую-небудзь інтэрнэт-прафесію, напрыклад, 3D-дызайнера. Пасля таго, як выйшаў на свабоду, я адчуў адразу да сабе шмат увагі. Усе мяне віншуюць, і ўсе завуць адсвяткаваць з імі. Нават не чакаў, як шмат людзей мяне падтрымлівае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства