Яшчэ 13 абвінавачаных. У Брэсце пачалі судзіць пятую "партыю" па "справе карагодаў" Дапоўнена
Суд Маскоўскага раёна Брэста 24 траўня пачынае разглядаць "карагодную" крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 13 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Іх судзіць сумнавядомы cуддзя Яўген Брэган. Сярод абвінавачаных — 23-гадовы палітвязень Радзівон Медушэўскі. Колькасць фігурантаў «справы карагодаў» падбіраецца пад сотню.
Каго судзяць у гэты раз?
- 34-гадовы Аніскевіч Андрэй Сяргеевіч
- 19-гадовы Вінакураў Ігар Алегавіч (у СІЗА-7 пад вартай)
- Ксенжук Сяргей Валер'евіч
- 23-гадовы Курганоў Дзмітрый Юр'евіч
- 45-гадовая Лойка Алена Дзмітрыеўна
- 23-гадовы палітвязень Медушэўскі Радзівон Уладзіміравіч (затрыманы 16 сакавіка і змешчаны ў СІЗА-7, дзе ўтрымліваецца дагэтуль)
- 28-гадовая Нішт Сафія Яўгенаўна
- 40-гадовы Нямірскі Андрэй Яўгенавіч
- 25-гадовы Палхоўскі Ілля Сяргеевіч
- 39-гадовы Смірнова Кацярына Віктараўна
- 20-гадовы Увараў Мікіта Ігаравіч
- 27-гадовы Храпко Аляксандр Васільевіч (у СІЗА-7 пад вартай)
- 28-гадовы Чугунова Галіна Аляксандраўна
Як паведамляе "Брестская газета", восем фігурантаў справы цалкам прызналі сваю віну, астатнія — часткова. Пасля таго, як суд устанавіў асобу абвінавачаных, Аляксандр Храпко заявіў хадайніцтва аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, аднак была прынятая пастанова ў гэтым адмовіць. Пяць абвінавачаных адмовіліся ад сваіх адвакатаў, запэўніўшы суд, што гэта не звязана з матэрыяльнымі прычынамі. Адзін з іх патлумачыў гэта тым, што не бачыць сэнсу ў абаронцы.
"Я думаў, што гэта нейкае гарадское свята". Допыт абвінавачаных
Затым суд прыступіў да допыту абвінавачаных. Першым да трыбуны выклікалі 40-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Неміроўскага, а следам — яго жонку Кацярыну Смірнову, вядучага спецыяліста па мытным афармленні. Іх паказанні на судзе былі падобныя. Яны распавялі, што 13 верасня разам паехалі па прадукты на берасцейскую "калгаску". Закупіўшыся, яны прынеслі сумкі да аўтамабіля, які прыпаркавалі ля воданапорнай вежы на вуліцы Міцкевіча. Адтуль яны ўбачылі калону людзей у "святочным настроі" і вырашылі далучыцца. Дайшоўшы разам з натоўпам людзей да скрыжавання Машэрава і бульвара, яны адчулі сябе некамфортна і вырашылі сысці.
Муж і жонка запэўніваюць, што ніякай сімволікі ў іх у руках не было, толькі белыя шары, які ім уручылі ў калоне. На праезнай частцы яны знаходзіліся ўсяго некалькі хвілін, сышлі да таго, як нехта пачаў вадзіць карагоды і прыехаў вадамёт. І Кацярына, і Андрэй цалкам прызналі сваю віну ў тым, што стаўшы часткай натоўпу, яны такім чынам перашкодзілі руху транспарту і працы гандлёвых аб'ектаў. У сваіх дзеяннях яны раскаяліся.
"Раней у такіх мерапрыемствах я ніколі не ўдзельнічаў", — заявіў на судзе Неміроўскі.
Яго жонка паведаміла, што не ведала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, паколькі на працягу ўсяго шляху да скрыжавання яна бачыла экіпаж ДАІ, і ён ні разу не папярэдзіў пра гэта.
На ўтрыманні ў мужа і жонкі знаходзіцца 17-гадовае дзіця. Кацярына таксама патлумачыла, што дапамагае пажылым бацькам і 94-гадовай бабулі.
Абвінавачаная Алена Лойка — знаёмая мужа і жонкі Андрэя і Кацярыны — таксама апынулася ў той вераснёўскі дзень у гушчы падзей. Па яе словах, у цэнтр горада у нядзелю, 13 верасня, яна прыехала, каб пагуляць і падыхаць свежым паветрам, паколькі ўвесь тыдзень працуе з хаты. На слуханні яна заявіла, што ў натоўпе апынулася выпадкова, а на праезную частку скрыжавання выйшла толькі каб агледзецца і вырашыць, куды ісці далей. Сваю віну яна прызнала часткова: дапускае, што яе знаходжанне на праезнай частцы магло перашкодзіць працы транспарту і гандлёвых аб'ектаў, але не ведае дакладна.
Даваў паказанні і студэнт-трэцякурснік Мікіта Увараў. Малады чалавек распавёў, што ў той дзень адправіўся за пакупкамі да пачатку навучальнага года. Каля помніка 1000-годдзю Брэста ён убачыў шмат людзей і далучыўся да іх. У калоне ён дайшоў і да скрыжавання. Мікіта прызнаўся, што ў руках нёс сцяжок з гербам "Пагоня", які калісьці замовіў з кітайскага сайта. У карагод ён не заходзіў і калі і атрымалася так, што ён здзейсніў незаконныя дзеянні, то зрабіў гэта, паводле яго слоў, «пад дзеяннем натоўпу».
"Я не збіраўся ніколі ў жыцці сябе так паводзіць, — заявіў Мікіта, раскайваючыся. — Я думаў, што гэта нейкае гарадское свята".
Апошні, каго паспелі дапытаць на судзе да абедзеннага перапынку, быў 19-гадовы Ігар Вінакураў. Яго, як і іншых, абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, аднак ставяць яшчэ і алкагольнае ап'яненне. Малады чалавек не адмаўляе. Кажа, на скрыжаванні ён з адным піў піва. У адрозненне ад іншых абвінавачаных, якіх дапыталі да яго, ён разумеў тады, на якой мерапрыемства ён трапіў 13 верасня. Віну сваю цалкам прызнае і раскайваецца.
Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.
Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць
А што з судом па чавёртай "партыі"?
Чацвёртую «партыю» фігурантаў «справы карагодаў» 14 траўня пачаў разглядаць старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. Суд працягваецца і сёння, 24 траўня. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка.
Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў"