viasna on patreon

Відэа "Рудабельскай паказухі", семінар па лічбавай бяспецы праваабаронцам: што ставіцца ў віну па артыкуле 342 КК Леаніду Судаленку

2021 2021-06-22T18:58:31+0300 2021-09-01T16:45:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenko_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка ўтрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 ужо пяць месяцаў. Папярэдняе следства па ягонай справе скончанае – цяпер ён знаёміцца з 77-томнымі матэрыяламі справы. Леанід распавёў з СІЗА калегам, што яму канкрэтна ставіцца ў віну па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), і каментуе абвінавачванні следства ў адносінах да сябе.

Скрыншот з відэа
Скрыншот з відэа "Рудабельскай паказухі"

"Працягваю знаёміцца з матэрыяламі справы, новага для сябе нічога не выявіў, усе сказалі праўду, як усё на самай справе і адбывалася. Памочніцы мае [Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка] таксама нічога не прыўпрыгожылі, усё як ёсць. Яны абедзве таксама абвінавачаныя. Адна [Таццяна Ласіца] тут, дзе і я, другая [Марыя Тарасенка] – на падпісцы. Абедзве па другой частцы ідуць [ч.2 арт. 342 КК]", – піша праваабаронца.

Як распавядае Леанід, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) яму ставяць у віну тры эпізоды:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям, і ў якіх потым бацьку асудзілі за "беспарадкі”;
  • відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак.

Што характэрна, пра ўсе гэтыя эпізоды распавядаў сам праваабаронца на сваёй старонцы ў фэйсбуку, суправаджая гэта адпаведнымі фотаздымкі, то бок інфармацыя была адкрытая.

"Усе гэтыя эпізоды лёгка аспрэчваюцца, калі суд захоча слухаць і чуць", – каментуе абвінавачванні сам Леанід.

Па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) ставіцца ў віну праваабаронцу:

  • аплаты дзяржпошлін, штрафаў, адвакатаў;
  • семінар па лічбавай бяспекі для праваабаронцаў.

"Мой семінар таксама запісалі ў навучанне пратэстоўцаў, проста вось так цынічна і нахабна, хоць усе апытаныя адназначна выдалі паказанні аб яго тэматыцы!" – абураецца Леанід.

Паводле ацэнкі палітвязня праваабаронцы, суд можа прайсці ўжо ў сярэдзіне ліпеня.

"Калі суд паставіць знак роўнасці паміж гуманітарнай дапамогай і фінансаваннем [пратэстаў], ён створыць небяспечны прэцэдэнт. З іншага боку, а каго сёння гэтыя прэцэдэнты цікавяць?" – задаецца рытарычным пытаннем Леанід.

Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства