viasna on patreon

У гомельскім СІЗА праходзіць суд па "справе Ціханоўскага": судзяць шэсць палітвязняў Дапоўнена

2021 2021-06-24T14:50:00+0300 2021-06-24T15:19:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_sud.jpeg_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд над палітзняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэта ключавы суд па "справе Ціханоўскага". Працэс закрыты і праходзіць у будынку СІЗА, але пры гэтым на судзе прысутнічаюць дзяржаўныя прапагандысты. Адвакаты палітвязняў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы і пра ход працэсу. Пакуль невядома, хто вядзе працэс па гэтай справе. Палітвязняў абвінавачваюць  у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усіх затрымалі яшчэ да выбараў. 

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

"Згаварыліся зладзіць "масавыя беспарадкі" ў краіне". У чым абвінавачваюць палітвязняў?

Па адной крымінальнай справе праходзяць палітык Статкевіч, палітык і блогер Ціханоўскі, блогер Цыгановіч, адміністратар тэлеграм-канала Лосік, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сакаў, мадэратар сацыяльных сетак праекта Ціханоўскага Папоў.

Па версіі абвінавачвання, у 2019 годзе абвінавачаныя згаварыліся зладзіць "масавыя беспарадкі" ў краіне, стварылі для гэтага блогерскую "сетку", з дапамогай якой распальвалі варожасць і заклікалі да гвалту над сілавікамі і чыноўнікамі. Ціханоўскі асабіста ездзіў па гарадах і "вербаваў" людзей, выкарыстоўваючы для гэтага і свой канал "Страна для жизни".

Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачванні адразу па 4-х артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу выставілі наступныя абвінавачванні:

  • ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Мікалая Статкевіча судзяць па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 млн рублёў (1,2 млн долараў).

Кароткая даведка "Вясны" пра абвінавачаных палітвязняў:

Сяргей Ціханоўскі (42 гады) – аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня.


Мікалай Статкевіч (64 гады) – лідар незарэгістраванай «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. 


Арцём Сакаў (26 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. 


Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Страна для жизни», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвіначанне ў «групавых дзеяннях». 


Уладзімір Цыгановіч (40 гадоў) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». 


Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства