"Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!" За падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, якіх не было, палітвязняў асудзілі на 5 гадоў калоніі кожнага
У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 10 чэрвеня агучылі прысуд ў дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыкі, палітзняволеных Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапелькі, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева, якіх вінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).
Падчас спрэчак бакоў пракурор Раман Бізюк запрасіў для ўсіх абвінавачаных па 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму, а таксама канфіскаваць аўтамабіль маці Ігара Ярмолава.
Сёння суддзя Святлана Бандарэнка вынесла прысуд: пакараць Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапельку, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева па ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК пазбаўленнем волі тэрмінам на 5 гадоў, а па ч. 3 арт. 293 КК - на 3 гады. Канчаткова прызначыць пакаранне кожнаму абвінавачанаму ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 год ва ўмовах узмоцненнага рэжыму. Аўтамабіль KIA Рыа і лазерныя ўказкі канфіскаваць у даход дзяржавы.
Пасля прысуду Ігар Ярмолаў крыкнуў: "Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!" і зачытаў урывак вершу Уладзіміра Караткевіча "Паўлюк Багрым":
О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асвяці мне усмешкай
Апошнія дні у жыцці.
Ты маўчыш?
Ты не чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагоддзі
З разбітага сэрца расці.
Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе,
І слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.
Прысутныя, якіх настойліва канваіры выправоджвалі з залі, апладзіравалі палітвязням.
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. |
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс
Храналогія судовага працэса:
Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі
"З маіх рук ні адзін чалавек не атрымаў ніводнага прадмета". Пра што казаў у судзе палітвязень Мікалай Сасеў
На судзе па справе аб "лазарных указках" Уладзіслаў Карэцкі даў паказанні
"Высновы аб выніках выбараў зрабіў на аснове статыстычных дадзеных, асабістым вопыце і здаровым сэнсе". Пра што ў судзе казаў Канапелька
"Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу". Што казалі сведкі ў судзе над валанцёрамі штаба Бабарыкі?
Малаткамі адкалупваць плітку, лазернымі ўказкамі свяціць у сілавікоў. У судзе аб масавых беспарадках выступіў яшчэ адзін сведка
Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка
"У сваёй прафесійнай дзейнасці я засветы раблю пастаянна". Пра што распавяла ўрач-афтальмолаг у судзе па справе аб лазерных указках?
"Мусара – гэта нешта непатрэбнае. І гэта людзі, якія заслугоўваюць такога абазначэння". Суд вывучыў матэрыялы па справе валанцёраў штаба Бабарыкі
У судзе па справе аб "лазерных указках" прайшлі спрэчкі бакоў
"Чаму тады не казаць, што ўказкі – для здзяйснення акту тэрарызму?" Аргументы абароны ў спрэчках бакоў па справе валанцёраў штаба Бабарыка
"Прама тут і цяпер вырашаецца мой лёс і лёс маіх сяброў". Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў выступілі з апошнім словам у судзе
"Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленне маё чыстае". Дзмітрый Канапелька ў апошнім слове ўзгадаў рэпрэсаванага прадзеда