"Мусара – гэта нешта непатрэбнае. І гэта людзі, якія заслугоўваюць такога абазначэння". Суд вывучыў матэрыялы па справе валанцёраў штаба Бабарыкі
У судзе Маскоўскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыкі – Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзмітрыя Канапелькі. Усіх іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).
Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, бок дзяржабвінавачання прадстаўляе Раман Бізюк.
Трэцяе пасяджэнне запар суд вывучае пісьмовыя матэрыялы – 10 тамоў – і рэчавыя доказы па справе. Сярод апошніх – кепкі, заплечнікі, пальчаткі, маска з тканіны, канфіскаваныя ў Ярмолава накаленнікі і накладкі на галёнкі для спартыўных трэніровак, шэсць лазерных указак, тэлефоны, ключы ад машыны і камп'ютарная тэхніка. Ні "вожыкаў", ні сталярных малаткоў, пра якія ішла гаворка ў судзе, у рэчдоках няма.
Таксама ў судзе заслухалі тэлефонныя размовы абвінавачаных, прагледзелі відэазапісы з офіса па вул. Чэхава, дзе яны збіралі лазерныя ўказкі – устаўлялі батарэйкі і правяралі іх працаздольнасць.
У тэлефонных размовах 12 жніўня паміж Ермаловым, Карэцкім і Канапелька згадваюцца рагаткі, стварэнне тэлеграм-групы ўдзельнікаў, забастоўкі.
У адной з гутарак Ігар Ярмолаў прамаўляе:
"У прынцыпе там не так дрэнна, у Серабранцы палкамі *** [нецэнзурнае слова, якому адпавядае "білі"] АМАП, дзесьці там бачыў, як закідваюць камянямі міліцэйскія машыны".
Суддзя спрабавала даведацца, аб чым ішла гаворка тады і якое стаўленне было ў палітвязня да такіх дзеянняў пратэстоўцаў.
Ігар Ярмолаў адказаў, што ў той момант глядзеў відэаролікі, на якіх супрацоўнікі розных падраздзяленняў збівалі людзей, у тым ліку – часткі жаночых валасоў, вырваныя разам са скурай, абмяркоўвалі агульную сітуацыю ў краіне і тое, што адбываецца ў відэароліках. Казаў, што ўжо не памятае, ці ўхваляў ён дзеянні людзей, якія білі палкамі АМАП і закідвалі міліцэйскі спецтранспарт камянямі.
У судзе выступілі сведкі абароны, якія характарызавалі Дзмітрыя Конопелько са станоўчага боку.
Дырэктар Altum Analytics Дзмітрый Коржык ведае Дзмітрыя каля 6 гадоў, былі бізнес-партнёрамі. У Канапелькі тады было, напэўна, першае ў Беларусі чайная кафэ, дзе яны і пазнаёміліся. Абодва мелі IT-адукацыю і развіваліся ў гэтым кірунку, вырашылі стварыць сумесна кампанію, якая працавала з Ізраілем. Дзмітрый Коржык характарызуе абвінавачанага як амбіцыйнага, вельмі разумнага, мэтанакіраванага чалавека і бізнес-партнёра. Лічыць Канапельку паспяховым чалавекам у сферы распрацоўкі мабільных прыкладанняў, які стварае працоўныя месцы, плаціць зарплату і падаткі. Сведку не вядома аб якіх-небудзь супрацьпраўных дзеяннях Канапелькі і яго ўдзеле ў масавых беспарадках. На пытанне, чаму Канапелька не з'ехаў з краіны (як іншыя айцішнікі), адказаў, што мабыць лічыў, што ён у бяспецы.
Дырэктар юрыдычнай кампаніі ТАА "Юнікон" Яўген Ходзькін распавёў, што знаёмы з палітвязнем з лета 2018 года, тады Дзмітрый Канапелька звярнуўся па дапамогу ў рэгістрацыі IT-кампаніі. Юрысты "Юнікон" дапамаглі кампаніі Дзмітрыя стаць рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій.
Сведка характарызуе Дзмітрыя Канапельку як прыстойнага чалавека, які стараўся развіваць свой бізнэс, прыцягваць інвестыцыі ў краіну і рабіў гэта максімальна законна, легальна, у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі заканадаўства. Кампанія палітвязня папаўняла дзяржбюджэт, стварала працоўныя месцы. Усе пытанні, з якімі звяртаўся Канапелька да "Юнікона", былі звязаныя выключна з легальнай дзейнасцю яго кампаніі.
19 траўня ў судзе прагледзелі відэазапісы з камер відэаназірання, усталяваных у офісе Сяргея Лаўрыненкі па вул. Чэхава, 3. Абвінавачаныя збіралі ўказкі і абмяркоўвалі розныя пытанні, часта жартавалі.
У тым ліку было зафіксавана, як Дзмітрый Канапелька кажа фразу:
"Калі ўбачыш хуткую, правярай ці няма там гэтых * * * [нецэнзурна], выкідваць іх, забіраць у іх дубінкі, пажадана рукі звязваць ... і хай паляжаць да раніцы".
Палітвязень растлумачыў, што ў інтэрнэце хадзілі чуткі, што незразумелыя асобы без апазнавальных знакаў у чорнай цывільнай вопратцы перамяшчаліся па горадзе ў машынах "хуткай дапамогі". Асабіста не бачыў, дзеянняў, пра якія казаў, не здзяйсняў, але калі гэта бандыты, здзяйсняюць розныя дзеянні, не прад'яўляюць дакументаў, то лічыць грамадзянскім абавязкам – спыняць такія незаконныя дзеянні.
Пры ператрусе ў Ярмолава быў канфіскаваны нататнік, у якім былі запісы: мэты; задачы; інструкцыі; па падрыхтоўцы сябе, адзення, абароны; агульныя рэкамендацыі; як збірацца і як сыходзіць; што не трэба рабіць на акцыях; тактычныя планы для розных сітуацый; задачы для акцый пратэсту; знайсці радыкальныя тг-каналы і наладзіць сувязь; шарыкі з вадой апрабаваць.
Ігар растлумачыў суду, што ў той час было шмат усяго, дакладна не можа ўзгадаць, у сувязі з чым рабіў такія запісы: магчыма, гэта было звязана і з выбарчай кампаніяй, зборам подпісаў, у далейшым – з назіральнікамі, таксама казаў, што звычайна пазначае размовы з іншымі людзьмі, магчыма, каб потым шукаць інфармацыю ў інтэрнэце для гэтых людзей па іх просьбе; хто казаў і прасіў пра гэта – не памятае.
Шарыкі хацеў паспрабаваць напоўніць вадой і страляць імі, але ні ў кагосьці канкрэтна. Лічыць, што гэта бяспечна, нікому шкоду такімі шарыкамі нанесці нельга. Ярмолаў падкрэсліў, што не імкнуўся нікому нашкодзіць, для яго гэта непрымальна.
Таксама была зачытаная перапіска па электроннай пошце паміж абвінавачанымі Ермаловым і Сасевым ад 9 жніўня, дзе абмяркоўваліся крычалкі, неабходнасць размінкі перад акцыяй, месца збору.
У тым ліку згаданы лозунг: "Мусора – позор страны".
Ігар Ярмолаў растлумачыў:
"Мусара – гэта нешта непатрэбнае, у тым ліку і краіне. І гэта людзі, якія сваімі дзеяннямі ў дачыненні да іншых людзей заслугоўваюць такога абазначэння".
Ярмолаў лічыць, што са сведкаў прычына агаворваць яго магла быць толькі ў Юрыя Васкрасенскага, бо яму неабходна было падтрымліваць інфармацыйную павестку, каб заставацца на волі.
Заяўленыя хадайніцтвы аб далучэнні характарыстык на Канапельку, пасведчанне аб рэгістрацыі кампаніі, дырэктарам якой ён з'яўляецца, рэзідэнтам ПВТ, працоўны дагавор.
Юрый Васкрасенскі ў якасці сведкі на пасяджэнне не з'явіўся, прывад яго не ажыццяўляўся. Абарона хадайнічала аб далучэнні інфармацыі з афіцыйнага сайта БЕЛТА, дзе Юрый Васкрасенскі дае паказанні, у тым ліку з нагоды набыцця лазерных указак. Пракурор выступаў супраць.
Аднак суд далучыў артыкул БЕЛТА і зачытаў яго.
Адвакат на падставе таварнага чэка набыла два сталярных малатка, аналагічных тым, што па просьбе Ярмолава купляў Сасеў, а таксама паветраныя шарыкі, і прасіла далучыць іх да матэрыялаў справы. На думку абароны, названымі малаткамі немагчыма адкалупваць плітку, а паветранымі шарыкамі – наносіць шкоду каму-небудзь.
Аднак Святлана Бандарэнка не дазволіла нават дастаць малаткі з пакета ў зале суда і адмовіла ў заяўленым хадайніцтве.
Таксама абарона хадайнічала аб далучэнні характарыстыкі з месца працы Ігара Ярмолава, подпісы пад якой займаюць 6 старонак, дыпломы і граматы, а таксама дакументы з вайсковага шпіталя з устаноўленым дыягназам пасля збіцця сілавікамі палітвязня пры затрыманні.
Суд хадайніцтва задаволіў.
25 траўня ў 10.30 раніцы судовае пасяджэнне працягнецца спрэчкамі бакоў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. |
"У сваёй прафесійнай дзейнасці я засветы раблю пастаянна". Пра што распавяла ўрач-афтальмолаг у судзе па справе аб лазерных указках?
Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка