viasna on patreon

"У сваёй прафесійнай дзейнасці я засветы раблю пастаянна". Пра што распавяла ўрач-афтальмолаг у судзе па справе аб лазерных указках?

2021 2021-05-06T15:41:37+0300 2021-05-07T15:58:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/special_laser_ofis1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот з відэа праграмы "Панарама". Выява з сайта TUT.BY

Скрыншот з відэа праграмы "Панарама". Выява з сайта TUT.BY

5 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска па крымінальнай справе палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі выступіла сведка – урач-афтальмолаг шпіталя МУС Інэса Вайцяховіч, якая распавяла, як лазерныя прамяні могуць уздзейнічаць на вочы.

Яна спецыялізуецца ў прафесійнай дыягностыцы і лячэнні афтальмалагічных захворванняў, стаж яе працы – больш за 30 гадоў. З абвінавачанымі Інэса Вайцяховіч не знаёмая.

Нагадаем, валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).

Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівае пракурор Раман Бізюк.

Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі

Раніцай 13 красавіка судовае паседжанне пачалося з допыту абвінавачаных. Першым дапытвалі Ігара Ярмолава.

Спачатку пытанні задаваў пракурор Раман Бізюк.

— Што вы можаце патлумачыць адносна характару ўздзеяння лазернага прамяня непасрэдна на вока? Якім чынам адбываецца ўздзеянне? Якім чынам яно выяўляецца? І якія магчымыя наступствы могуць быць у выніку ўздзеяння лазернага прамяня?

— Пытанне вельмі шырокае, усё залежыць ад магутнасці, шчыльнасці магутнасці, экспазіцыі і нейкіх спецыяльна створаных умоў пры ўздзеянні менавіта лазернага прамяня.

— Якім чынам адбываецца ўздзеянне на вока?

— Слаба магутныя лазерныя крыніцы не ўплываюць ніяк на стан сятчаткі – гэта адна з абалонак вока. Таму што, па-першае, існуюць фотахімічныя механізмы абароны. А па-другое, перад сятчаткай знаходзіцца шэраг біялагічных структур, якія процідзейнічаюць лазернаму апрамяненню. Каб нейкім чынам уплываць на сятчатку, калі нават гаворка не ідзе пра марфалагічныя пашкоджанні, трэба мець дастаткова магутны пучок лазернага выпраменьвання і, паўтараю, спецыяльна створаныя ўмовы.

— Ці можаце вы назваць сам механізм уздзеяння? Што адбываецца з вокам у выпадку, калі на яго трапляе прамень лазера?

— Калі гаворка ідзе пра сеткавую абалонку (сятчатку) – альбо каагуляцыя ў агульнапрынятым разуменні гэтага слова, альбо разрыў з-за нераўнамернага цеплавога нагрэву.

— Ці мае значэнне для ўспрымання органамі вока колер лазера: чырвоны, сіні, зялёны?

— Гэта добра вядомы факт, што найбольш адчувальная сеткаватая абалонка да сіне-зялёнага спектру, хутчэй да зялёнага, чым да сіняга.

— Што вы можаце патлумачыць адносна апёку сятчаткі: што адбываецца непасрэдна ў гэтым выпадку з клеткамі?

— Яны перастаюць з'яўляцца клеткамі сеткаватай абалонкі і не могуць выконваць сваю функцыю.

— Вы растлумачылі адносна таго, што павінна быць дастаткова магутнае выпраменьванне... Да якой катэгорыі небяспекі павінен належыць лазер? Маюцца адпаведныя крытэрыі і градацыі?

— Напэўна, гэта хутчэй пытанне да фізіка, але нешта я магу сказаць. На колькі мне вядома, лазерныя ўказкі зялёныя – маламагутныя. Заяўленая магутнасць у іх каля 5 міліВат (мВт). Гэта вельмі мала, хоць па літаратурных дадзеных, вядома, што існуюць лазерныя ўказкі ад 10 да 750 мВт. Каб было больш зразумела, магу сказаць, што наша прафесійнае афтальмалагічнае абсталяванне, якім уласна ўрач-афтальмолаг карыстаецца пастаянна ў сваёй дзейнасці мае наступныя характарыстыкі па магутнасці:

1) Афтальмаскоп звычайны – каля 700 Вт, не міліВат, а Ват на метр квадратны. Гэта я не кажу пра шчыльнасць магутнасці.

2) Лазер, якім праводзіцца фотакаагуляцыя сятчаткі ў лячэнні афтальмалагічныя захворванняў – каля 55 000 Вт/м2.

3) YAG-лазер перфаруючы, якім мы рэжам – 1 000 000 Вт/м2.

— Колькі класаў небяспекі існуе?

— Ва ўсякім разе я ведаю, што існуе тры класы небяспекі. Першы і другі А-Б – гэта бытавыя лазеры. Лячэбныя прафесійныя лазеры пачынаюцца ад класа небяспекі 3Б.

— Пры якіх абставінах прысвойваецца клас небяспекі лазеру?

— У залежнасці ад магутнасці і іншых характарыстык, але гэта фізічныя характарыстыкі.

— Лазер, які адносіцца да 2 класа небяспекі, ці здольны нанесці шкоду, у тым ліку органам зроку?

— На марфалагічным узроўні гэта немагчыма. У спецыяльна створаных умовах такі лазер здольны выклікаць так званы засвет, г.зн. кароткачасовае функцыянальнае зніжэнне вастрыні зроку, якое вяртаецца самаадвольна. У сваёй прафесійнай дзейнасці я засветы раблю пастаянна пры аглядзе.

— Хто-небудзь звяртаўся з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у паліклініку МУС у перыяд жнівень-верасень з пытаннямі, звязанымі са зніжэннем зроку альбо іншымі пашкоджаннямі органаў зроку, звязанымі з выкарыстаннем лазера?

— Не.

Суддзя Святлана Бандарэнка ўдакладніла некаторыя моманты ў Інэсы Вайцяховіч.

— Што гэта за спецыяльныя ўмовы, пры якіх могуць наступіць пашкоджанні органаў зроку лазерам 2 класа небяспекі?

— Я паўтару яшчэ раз, што гэта функцыянальнае пашкоджанне, якое хутка праходзіць і самаадвольна вяртаецца, калі гэтая форма наогул тут дарэчная. Спецыяльна створаныя ўмовы ўключаюць у сябе выключэнне ахоўных механізмаў, як самаадвольных, так і рэфлекторных: знерухомленне, анестэзія, страта адчувальнасці і так званы медыкаментозны мідрыаз – гэта ўздзеянне на зрэнка як дыяфрагму спецыяльных лекавых прэпаратаў, якія не дазволяць яму рэфлекторна звузіцца ў адказ на светлавое ўздзеянне.

— Мы зараз гаворым пра лазеры 2 класа небяспекі. Простай мовай кажучы зафіксавана вока, святлабоязі няма, не дазваляем звужацца зрэнку з выкарыстанне нейкіх медыкаментозных сродкаў. Колькі часу павінен свяціць лазер на зрэнка, каб адбылося пашкоджанне органаў зроку?

— Я думаю, дзясяткі хвілін.

Адвакаты абвінавачаных таксама задалі шэраг пытанняў сведцы.

— Ці можа на сятчатцы з'явіцца апёк, пашкоджанне ў выніку ўздзеяння лазерам 2 класа небяспекі?

— Не, апёку не будзе.

— Ці магчымы засвет сятчаткі з адлегласці ад 50 да 100 метраў, калі мы гаворым пра лазеры 2 класа небяспекі?

— Гэта немагчыма з прычыны аддаленасці крыніцы. Плошча вока зразумелая нават у побытавых адносінах, плошча зрэнкі яшчэ менш.

— У рамках прафесійнай дзейнасці вы ўказалі на тое, што пры дыягностыцы або лячэнні органаў зроку вы робіце ў сваёй працы так званы засвет. З якой адлегласці гэта адбываецца і пры якіх умовах?

— Калі пацыент не ў стане справіцца са сваімі рэфлексамі і выразна доўга фіксаваць погляд на прапанаванай мной кропцы – светлавой крыніцы, я магу выкарыстоўваць спецыяльныя лекавыя прэпараты, якія пашыраюць зрэнка. Калі пацыент можа справіцца са сваімі рэфлексамі, дастаткова фіксацыі яго на крыніцы святла, гэта будзе адлегласць выцягнутай рукі.

Я хачу ўдакладніць, што, калі фіксую погляд на крыніцы святла, я засвечваю і разглядаю менавіта цэнтр сятчаткі – макулярную зону, зону жоўтай плямы, тую вобласць сятчаткі, якую мы бачым. Перыферычны ўчастак нешматзначны у нашым жыцці.

— Якое-небудзь іншае пашкоджанне ад дзеяння лазера 2 класа небяспекі існуе ў медыцынскай тэрміналогіі? Што можа пашкодзіцца яшчэ ад дзеяння лазера?

— Калі вы мае на ўвазе беззваротнае, г.зн. марфалагічнае пашкоджанне, то не. А аб функцыянальным я ўжо казала – гэта засвет.

— Засвет з'яўляецца пашкоджаннем?

— Не.

— Свячэнне бытавой лазернай указкай 2 класа небяспекі з любой адлегласці больш за 1 метра не здольнае прычыніць якую-небудзь шкоду якой-небудзь асобе?

— Па-за спецыяльна створаных умоў – не.

Пасля ў судзе былі зачытаныя пісьмовыя паказанні Інэсы Вайцяховіч, якія яна давала на допыце ў следчага. У іх урач указвала, што пры трапленні любога светлавога прамяня, незалежна ад яго характарыстык (колеру, шырыні), зрэнка вока спрацоўвае як дыяфрагма – звужаецца. Пры гэтым у выпадку ўздзеяння святлом на працягу доляй секунды ў вочы прамым лазерным промнем пачынаецца працэс рэфлекторнага слёзацёку і зажмурвання, у поле зроку з'яўляюцца "чорныя мушкі". Усё гэта не пашкоджанні, а фізіялагічныя рэакцыі вока.

Для таго, каб адбыўся так званы засвет – функцыянальнае парушэнне, якое прыводзіць да кароткачасовага зніжэння вастрыні зроку без пашкоджання тканін, трэба, каб выконваўся шэраг умоў:

  • зрэнка павінна быць шырокім – да 8 мм: для яго пашырэння выкарыстоўваюцца спецыяльныя медыцынскія прэпараты, т. к. на раздражненне святлом зрэнка звужаецца, тым самым перашкаджае засвету ў цэнтральнай вобласці сятчаткі;
  • адлегласць не больш за 1 метр;
  • наўмысная фіксацыя погляду на крыніцы святла на працягу доляй секунды.

Лазерны прамень можа выклікаць апёк сятчаткі, г.зн. змярцвенне нейкай часткі светлаўспрымальнай абалонкі вока, арганічнае пашкоджанне пры спецыяльна створаных умовах:

  • прамень павінен быць строга вызначанай даўжыні хвалі сіне-зялёнага колеру спектра;
  • блізкая адлегласць – не больш за 1 метра;
  • доўгае, якое вылічаецца хвілінамі, і шматразовае паўтаральнае ўздзеянне святлом, якое вылічаецца месяцамі, калі не гадамі.

Такое пашкоджанне вачэй можа быць атрыманае ў працэсе шматгадовай прафесійнай дзейнасці з пэўнымі відамі хваль, і немагчыма па-за пэўных умоў, напрыклад, калі хтосьці працуе з падобнымі крыніцамі святла і грэбуе пры гэтым сродкамі абароны.

"Напрыклад, урач у замкнёным памяшканні ў асяроддзі святлоадбівальных паверхняў знаходзіцца гадамі, то цалкам магчымы такі характар выпраменьвання – шматкроць выпадкова адлюстраваныя прамяні, што паўтараюцца. Рэалізаваць такія ўмовы самому практычна немагчыма", – падкрэсліла Інэса Вайцяховіч.

Таксама на судзе быў дапытаны Павел Самусевіч, швагер Сяргея Лаўрыненкі, які працуе ў офісе па вул. Чэхава, 3 і прысутнічаў пры зборы лазерных указак абвінавачанымі.

Працяг судовага пасяджэння па справе прызначана на 10.00 раніцы 13 траўня.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка

У судзе Маскоўскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да валанцёраў штаба Віктара Бабарыка, палітвязняў Дзмітрыя Канапелькі, Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева і Уладзіслава Карэцкага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства