Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка
У судзе Маскоўскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да валанцёраў штаба Віктара Бабарыка, палітвязняў Дзмітрыя Канапелькі, Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева і Уладзіслава Карэцкага.
Мужчын абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).
Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівае пракурор Раман Бізюк.
Малаткамі адкалупваць плітку, лазернымі ўказкамі свяціць у сілавікоў. У судзе аб масавых беспарадках выступіў яшчэ адзін сведка
У працэсе працягваецца допыт сведак. Так, яшчэ 28 красавіка ў судзе былі дапытаныя сведкі Кацярына Брудзейка, Яўген Казакоў, Сяргей Скараходаў, Вадзім Самбросаў. Таксама сведка Клімчук не з'явіўся, зачыталі яго пісьмовыя паказанні.
4 траўня ў працэссе быў дапытаны спецыяліст Ігар Вярлыга – начальнік аддзела агульных экспертыз №4 Упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз па крымінальных справах, спецыялізацыя якога – "судовая медыцына", а стаж працы – 32 гады. Ён патлумачыў суду, што не было ўстаноўлена, што ўздзеянне прамяня лазернай ўказкі можа прывесці да страты зроку альбо аказаць любое іншае негатыўнае ўздзеянне.
На думку спецыяліста, для фактычнай часткі вока, паколькі лазерны прамень праходзіць праз аптычныя прадметы, якіх-небудзь пашкоджанняў не ўтворыцца. Сятчатка – калярова- і светлаўспрымальная частка вока – можа пашкоджвацца, а менавіта могуць утварацца апёкі. Аб'ём такога пашкоджання можа залежаць ад двух прычын: часу экспазіцыі – працягласць ўздзеяння на сятчатку, і прадугледжаных прыродай ахоўных механізмаў: скарачэнне зрэнкі, закрыццё павека, змяненне палажэння вока адносна любога прамяня.
Выказаць здагадку, што адбылося б, калі б прамень лазернай указкі трапіў у вочы, адназначна нельга, а каб рабіць заключэнне, спецыялістам трэба мець канкрэтныя звесткі аб пашкоджанні вока, дыферэнцаваць іх ад якіх-небудзь іншых прычын, і ў далейшым вызначыць, наколькі змяніўся зрок у канкрэтным выпадку і, адпаведна, вызначаць цяжар пашкоджання вока.
"Судовая медыцына – навука пра факты, спачатку трэба пераканацца ў наяўнасці пашкоджанняў, а потым ужо разважаць пра тое, як яно магло быць прычынена", – сказаў спецыяліст.
Таксама ён адзначыў, што ў сваёй практыцы не сутыкаўся з пашкоджаннем сятчаткі прамянём лазернай указкі, таму не можа зрабіць высноваў аб такім уздзеянні на вочы, з экспертызамі з такой нагоды не знаёмы.
Ужо другі раз у суд у якасці сведкі выклікаюць Юрыя Васкрасенскага, які прасіў Ігара Ярмолава купіць лазерныя ўказкі і выдаў абвінавачанаму на гэта грошы. У першы раз сведка не з'явіўся з-за хваробы, сёння прычынай няяўкі стала "аднадзённая камандзіроўка". Пракурор прасіў прызнаць прычыну няяўкі паважнай і зачытаць пісьмовыя паказанні Васкрасенскага, якія ён даваў на папярэднім следстве. Адвакаты настойвалі на выкліку Васкрасенскага ў судовае пасяджэнне. Пры гэтым указалі і на тое, што хвароба, на якую спасылаўся сведка для адсутнасці ў судовым пасяджэнні, не перашкодзіла яму ўзяць удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Абарона мяркуе, што Васкрасенскі пазбягае ўдзелу ў судовым працэсе, але разам з тым яго допыт у судзе мае істотнае значэнне ў рамках прад'яўленага абвінавачвання і можа выключыць супярэчнасці ў яго паказаннях, якія ён даваў раней, і тых звестак, якія ён распаўсюджвае, калі ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах.
Суд пастанавіў агалосіць пісьмовыя паказанні Васкрасенскага, і гэта не перашкаджае забеспячэнню яўкі сведкі ў далейшым.
Юрый Васкрасенскі быў дапытаны ў якасці абвінавачанага паводле ч. 2 арт. 293 КК 28 снежня 2020 года. Ён не прызнаў сябе вінаватым, распавёў, што ў траўні 2020 года добраахвотна ўступіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, пасля рэгістрацыі якой атрымаў пасведчанне і прыступіў да збору подпісаў у падтрымку кандыдата на тэрыторыі Першамайскага раёна г. Мінска. У траўні 2020 года пазнаёміўся з Ігарам Ярмолавым, які быў кіраўніком ініцыятыўнай групы па Кастрычніцкім раёне г. Мінска. З ім Васкрасенскі блізка не меў зносінаў, з траўня па 9 жніўня пару разоў сустракаўся з Ігарам у штабе, абмяркоўвалі палітычныя пытанні, ход выбарчай кампаніі, таксама пару разоў на месяц стэлефаноўваліся. Ніколі ў размовах Ярмолаў не распавядаў Васкрасенскаму пра сваі планы на 9 жніўня і ў наступныя дні.
"11 жніўня каля 12 гадзін мы сустрэліся з Ярмолавым ў ГЦ «Спектр», каб абмеркаваць грамадска-палітычную абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь. Ініцыятарам сустрэчы быў, па-мойму, я. на сустрэчы былі яшчэ два валанцёры штаба Бабарыкі. Сустрэліся мы ў кавярні "Бургер Кінг", пілі гарбату, абмяркоўвалі грамадскую абстаноўку, глядзелі ролікі ў інтэрнэце пра падзеі, якія адбываліся ў Беларусі з 9 жніўня, у якіх бачылі гвалт з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дачыненні да пратэстоўцаў, ужыванне вадамётаў і зброі.
Ярмолаў адклікаў мяне ў бок і сказаў, што бачыў відэаролік, як пратэстоўцы ў Ганконгу свяцілі ў вочы прадстаўнікам праваахоўных органаў для адцягнення ўвагі, каб яны не збівалі людзей. Ён сказаў, што было б нядрэнна набыць лазерныя ўказкі, якімі можна будзе свяціць ў вочы праваахоўных органаў падчас правядзення несанкцыянаваных мітынгаў. Для гэтых мэтаў Ярмолаў папрасіў у мяне грошай", – зачытала суддзя паказанні Васкрасенскага.
У той момант у Юрыя пры сабе было 30 000 расійскіх рублёў, ён перадаў іх Ігару. Пры гэтым Ярмолаў не прасіў якой-небудзь пэўнай сумы грошай, не паведамляў пра колькасць лазерных указак, якія збіраўся набываць. Абвінавачаны з'ехаў, а праз дзве гадзіны зноў патэлефанаваў Васкрасенскаму, сказаў, што купіў ўказкі, і прапанаваў сустрэцца. На падлозе салона аўтамабіля Ярмолава сведка пабачыў скрынкі з указкамі, петардамі, "два-тры прадметы візуальна падобныя на рагаткі" і два-тры прадметы "візуальна падобныя на вожыкі для праколкі колаў транспартных сродкаў". Таксама Васкрасенскі казаў, што Ярмолаў папрасіў у яго яшчэ грошай, аднак ён яму адмовіў. Тады абвінавачаны спытаў, ці ёсць у Юрыя знаёмыя, якія маглі б яго прафінансаваць. Для якіх мэтаў былі патрэбныя грошы Ярмолаў не ўдакладняў, але Васкрасенскі выказаў здагадку, што для куплі розных прадметаў, якія можна выкарыстоўваць падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Аб сваіх планах Ярмолаў Васкрасенскаму не распавядаў, таксама сведка не ведаў, ці прымаў удзел Ігар у масавых беспарадках 9-12 жніўня. З іншымі абвінавачанымі Юрый Васкрасенскі не знаёмы.
Варта адзначыць, што раней Юрый Васкрасенскі даваў паказанні, якія былі апублікаваныя ў афіцыйных СМІ 14 жніўня. Васкрасенскі казаў, што на яго выйшаў расейскі палітолаг Дзмітрый Балкунец, які прапанаваў яму 30 000 расійскіх рублёў "на дэмакратыю" і параіў купіць на гэтыя грошы лазерныя ўказкі. На шэраг пытанняў Васкрасенскі адказвае наступнае:
– Для чаго яны былі патрэбныя, лазерныя ўказкі?
– На выпадак прымянення гвалту з боку АМАПу і на выпадак для дэстабілізацыі іх ланцугоў.
– Як менавіта павінны былі прымяняцца лазерныя ўказкі?
– Свяціць у супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у твары супрацоўнікаў праваахоўных органаў, для таго каб яны не змаглі выконваць свае функцыі па затрыманні пратэстоўцаў.
– Непасрэдна для разрыву ланцугоў супрацоўнікаў АМАПу?
– Так, непасрэдна для разрыву ланцугоў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
– Вы прынялі названыя грашовыя сродкі?
– Так, я прыняў названыя грашовыя сродкі ў памеры 30 тысяч рублёў. 12 жніўня 2020 года, усвядоміўшы, што масавыя мерапрыемствы ператвараюцца ў татальны некіравальны хаос, я вырашыў звярнуцца з павіннай у Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, дзе выклаў усе наяўныя ў мяне звесткі аб правапарушэннях.
Таксама ў судзе былі зачытаныя пісьмовыя паказанні жонкі ўладальніка офіса па вул. Чэхава Сяргея Лаўрыненкі, якая дапамагала збіраць лазерныя ўказкі абвінавачаным, і сведкі Віталя Лікага, бо абодва мелі паважлівыя прычыны для няяўкі ў суд.
Судовае пасяджэнне працягнецца 5 траўня ў 10.30.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Храналогія судовага працэсу:
Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі
"З маіх рук ні адзін чалавек не атрымаў ніводнага прадмета". Пра што казаў у судзе палітвязень Мікалай Сасеў
На судзе па справе аб "лазарных указках" Уладзіслаў Карэцкі даў паказанні
"Высновы аб выніках выбараў зрабіў на аснове статыстычных дадзеных, асабістым вопыце і здаровым сэнсе". Пра што ў судзе казаў Канапелька
"Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу". Што казалі сведкі ў судзе над валанцёрамі штаба Бабарыкі?