"Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу". Што казалі сведкі ў судзе над валанцёрамі штаба Бабарыкі?
20 красавіка ў судзе па крымінальнай справе валанцёраў штаба Бабарыка, палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі пачаўся допыт сведкаў. Нагадаем, мужчын абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў і ч. 3 арт. 293 КК - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках.
Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.
"Высновы аб выніках выбараў зрабіў на аснове статыстычных дадзеных, асабістым вопыце і здаровым сэнсе". Пра што ў судзе казаў Канапелька
Святлана Ярмолава: "Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу"
Першай у судзе ў якасці сведкі дапыталі маці Ігара Ярмолава - Святлану. Яна сказала, што з поўнай упэўненасцю можа заявіць пра тое, сын выхаваны ў досыць сур'ёзных рамках законаў і нормаў, прынятых у грамадстве.
"Мой сын, я гэта ўпэўнена заяўляю, інфармаваны і ніяк не мог здзяйсняць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў: ні падпалаў, ні пагромаў, ні нейкага гвалту над асобай, нічога супрацьпраўнага. Ён не збіраўся аказваць ніякага ўзброеннага супраціву органам міліцыі.
Падзеі тых дзён - яны перавярнулі маё асабіста жыццё на "да" і "пасля". Я памятаю сам факт размовы апошняй з сынам 12-га жніўня. Аб чым была размова, я дасканала не памятаю, але мне нагадала следчая Малаш, калі ўключыла аўдыёзапіс нашай з сынам размовы".
Маці абвінавачанага патлумачыла, што Ігар не распавядаў ёй пра падзеі 9-12 жніўня, не паведамляў пра свой удзел у акцыях пратэстаў. Апошні раз яна размаўляла з сынам 12 жніўня - гэта была эмацыйная размова з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, пра забастоўку. Запіс размовы знаходзіцца ў матэрыялах справы.
"Забастоўка – гэта адна з формаў для насельніцтва пасля таго, як здарыліся гэтыя выбары ў нашай краіне. Я сама была сведкай, я хадзіла да школы, [бачыла], як разганялі і пагражалі людзі без апазнавальных знакаў, і нас разагналі ад гэтай школы".
Пракурор удакладніў:
– Хто першы загаварыў пра забастоўку?
– Такое ўпершыню прагучала ад сына.
– Да названай размовы вы па гэтай нагодзе яшчэ калі-небудзь размаўлялі?
– Не магу сказаць. У мяне занадта шмат было эмоцый, і з-за майго стану я не магла зразумець, што рабілася ў краіне – безлімітны гвалт і бязмежжа. У нас размовы ішлі ва ўсіх кабінетах, у курылках, на кухнях.
– Падчас названай размовы, сын звяртаўся да вас з канкрэтнымі просьбамі зладзіць забастоўку?
– Гэта былі проста размовы. Эмацыйная размова, калі ты проста не ведаеш, як абараніць сябе, свой голас. Забастоўка – гэта не бунт, гэта права, якое нам вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, што мае вышэйшую юрыдычную сілу і вызначаецца асноўным законам…
Суддзя перабіла сведку і прапанавала пракурору апытваць Святлану ў рамках абвінавачвання.
Ігар Ярмолаў перасоўваўся ў жніўні на машыне сваю маці, якую яна дала яму ў карыстанне: "Калі патрэбна машына, забіраю я, калі патрэбна сыну – ён бярэ". Машыну Святлане Ермаловай дагэтуль не вярнулі, хоць пракурорам быў дадзены адказ на скаргу аб адмене пастановы на арышт машыны.
"Я проста хачу сказаць аб тым, што чалавек нават патэнцыйна нічога не мог здзейсніць. Таму што за ўвесь час яго выхавання і пражывання як са мной, так і цяпер, я не атрымала ні аднай ніякай заўвагі, ніякага спагнання за паводзіны майго сына. Гэта тычылася школы, універсітэта. Школу ён скончыў з сярэбраным медалём.
Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу. Ён ніколі не быў незаканапаслухмяным грамадзянінам. Ва ўніверсітэце БДУ вучыўся на спецыяльнасці прыкладная матэматыка і інфарматыка. Ён паступіў на працу ў IT-кампанію, дзе дастаткова добра зарабляў. Ён не проста там працаваў, ён заўсёды развіваўся: пайшоў на курсы, атрымаў сертыфікат, пахвальны ліст.
Ігар заўсёды быў творчым, шмат чытаў. Яму падабаецца тэатр, ён захапіўся танцамі. У яго вельмі шмат розных узнагарод. Ён удзельнічаў у розных рэгіянальных і міжнародных конкурсах. Мае незлічоную колькасць кубкаў і ўзнагарод. Гэта значыць, чалавек, які стварыў школу танцаў, каб сабраць вакол сябе людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця, культурна праводзяць свой вольны час... я проста не магу ўявіць, што ён нешта мог парушыць".
Маці Ярмолава кажа, што Ігар не мог заставацца ўбаку ад таго, што адбывалася ў краіне, прыняў актыўны ўдзел у кампаніі па падрыхтоўцы да выбараў прэзідэнта – абсалютна законна ўступіў у штаб Бабарыка і збіраў подпісы. Яна таксама распавяла, што 12 жніўня не магла датэлефанавацца да сына, з мужам прыехала ў Мінск, шукалі Ігара на Акрэсціна, у спісах затрыманы, з дапамогай валанцёраў знайшлі яго ў вайсковым шпіталі.
"Мы знайшлі яго збітым, з страсеннем галаўнога мозгу, у гематомах. У яго былі зламаныя рэбры, прабіта лёгкае (плача). Тыя бандыты, якія ўварваліся да яго, яны ўзламалі дзверы, яны не прадставіліся, ён не аказваў ніякага супраціву, а яго проста жорстка білі. Яны білі яго ў машыне, калі вазілі, і потым, калі яго ў мяшку чорным вадзілі па двары збітага. Гэта ўсё кажа аб тым, што проста нечалавечае гвалт быў здзейснены над маім сынам. Усе заявы, усе скаргі ў пракуратуру і адпаведныя органы дагэтуль не знайшлі ніякага руху".
Пракурор угледзеў супярэчнасці ў пісьмовых і судовых паказаннях Святланы і папрасіў зачытаць пратакол допыту ў следчай.
У пісьмовых паказаннях было сказана, што Святлана набыла аўтамабіль Кіа Рыа чырвонага колеру ў 2012 годзе, а ў 2018 годзе перадала сыну аўто ў пастаяннае карыстанне.
Святлана Ярмолава патлумачыла, што следчая сама прапаноўвала адказы на пытанні, а яна не разумела розніцы ў тэрміналогіі.
"Як мяне пыталіся, так я і адказвала. Мне наогул здавалася, што мяне не выпусцяць адтуль і пасадзяць у турму, і мая мама памрэ. Таму я адказвала так, як мяне пыталася [следчая]", - удакладніла жанчына.
Прапаноўвалі ўказкай свяціць у вочы кіроўцам аўтазакаў. Пра што казаў Дзмітрый Гарбачоў?
Наступным выступіў Дмітрый Гарбачоў, які распавёў, што Ігара Ярмолава ведае са студэнцтва, адзін з лепшых яго сяброў, Улада Карэцкага – бачыў да падзей жніўня ў танцавальнай школе, з Канапелькам і Сасевым пазнаёміўся 10 жніўня.
11 жніўня Ярмолаў патэлефанаваў і сказаў, што заедзе за Гарбачовым. Ігар прыехаў з астатнімі абвінавачанымі, усе хацелі паехаць на якую-небудзь акцыю, сталі абзвоньваць знаёмых, каб даведацца, дзе і што праходзіць. Даведаліся, што людзі збіраюцца ў Серабранцы, прынялі рашэнне ехаць туды. У машыне Канапелька прапанаваў Гарбачову ўзяць указку, сказаў, што яе можна будзе выкарыстоўваць, напрыклад, для таго, каб пасвяціць кіроўцу аўтазака ў вочы. Сведка адмовіўся.
У Серабранцы Гарбачоў сустрэў некалькіх знаёмых і падышоў да іх пагутарыць. Калі пачуў, што едзе АМАП, Дзмітрый уцёк у двары, потым вярнуўся. Не ведаў, дзе знаходзяцца астатнія хлопцы, стэлефанаваўся з Ігарам. Па словах сведкі, Ярмолаў указкай паказаў, дзе ён знаходзіцца. Гарбачоў не бачыў, каб хтосьці раздаваў указкі грамадзянам, яму таксама ніхто не прапаноўваў здзяйсняць такія дзеянні.
Калі сустрэліся – селі ў машыну і паехалі ва Уручча. Там Дзмітрый Гарбачоў, прабыўшы нейкі час, пайшоў на прыпынак і паехаў дадому. Дарога займала значны час, транспарт хадзіў дрэнна, тады Гарбачоў патэлефанаваў Ярмолаву і папрасіў яго адвезці дадому. Ігар забраў сведку на прыпынку, па дарозе абвінавачаны распавёў, што быў каля ГЦ "Рыга". Калі мужчыны пад'ехалі да дома Гарбачова, Ярмолаў сказаў, што перажывае, што машыну могуць абшукаць, і папрасіў Дзмітрыя ўзяць два пакеты з указкамі. Сведка пагадзіўся. На наступны дзень спрабаваў датэлефанавацца да Ярмолаву, а праз яшчэ некалькі дзён, калі даведаўся, што сябр затрыманы – выкінуў указкі.
Масавых беспарадкаў сведка сам не назіраў, на масавыя мерапрыемствы ездзіў, каб паглядзець, што адбываецца, удзельнічаць у акцыя не збіраўся.
У судзе былі зачытаныя паказанні, якія Дзмітрый Гарбачоў даваў раней, бо былі выяўленыя супярэчнасці. У прыватнасці, сведка сцвярджаў, што абвінавачаныя былі актыўнымі пратэстоўцамі, на іх былі маскі, кепкі, але што яны збіраліся рабіць – не ведае. Сам сведка быў стомленым і хацеў ехаць дадому. Супярэчнасці Гарбачоў патлумачыў тым, што на допыце ў следчага быў у стрэсе, мог нешта напутаць, зараз ён лепш падрыхтаваны і можа ўспомніць дэталі тых падзей.
Перадала ўнуку 3000 долараў на паездку ў Маскву
Бабуля Мікалая Сасева ў суд у якасці сведкі не прыйшла, таму што яна сталага ўзросту – 1939 года нараджэння, інвалід II групы. У працэсе зачыталі яе пісьмовыя паказанні.
Паводле пратаколу допыту, бабуля Мікалая жыве з унукам – братам абвінавачанага, які з'яўляецца інвалідам. Палітвязень пражывае асобна, у кватэры, якая перайшла яму ў спадчыну, вучыўся ў БДУІР. Дзе працуе і колькі зарабляе бабуля абвінавачанага не ведае. Ці ўдзельнічаў Мікалай у несанкцыянаваных мерапрыемствах яна не ведае. Па словах бабулі, 13 або 14 жніўня абвінавачаны прыязджаў да яе і казаў, што хоча з'ездзіць у Маскву, каб пагуляць і набыць рэчы. Жанчына перадала ўнуку каля 3000 даляраў ЗША, бо блізкіх сваякоў у яго няма і ніхто яго не падтрымлівае. Таксама ў бабулі Мікалая ёсць зберажэнні, якая яна назапасіла за 20 гадоў.
Сведка Юры Васкрасенскі ў суд не з'явіўся праз хваробу, адвакаты выступілі супраць зачытвання яго пісьмовых паказанняў. У суд яго будуць выклікаць паўторна.
Сведка Аляксей Ліхій таксама ў суд не з'явіўся, але не прадаставіў паважлівай прычыны сваёй няяўкі. Яго яўку ў суд будуць забяспечваць прымусова.
Судовае пасяджэнне працягнецца сёння ў 14.30 гадзін.
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс