viasna on patreon

"Высновы аб выніках выбараў зрабіў на аснове статыстычных дадзеных, асабістым вопыце і здаровым сэнсе". Пра што ў судзе казаў Канапелька Дапоўнена

2021 2021-04-20T18:42:55+0300 2021-04-21T13:23:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanapelka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Канапелька ў судзе. Фота Белсат

Дзмітрый Канапелька ў судзе. Фота Белсат

19 і 20 красавіка працягнулася судовае пасяджэнне па крымінальнай справе валанцёраў штаба Бабарыка, палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі. Мужчын абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў і ч. 3 арт. 293 КК - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках.

Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.

19 красавіка ў працэсе працягнулі зачытваць пратаколы допытаў Уладзіслава Карэцкага з-за разыходжанняў у паказаннях абвінавачанага падчас папярэдняга следства і ў судзе.

Уладзіслаў Карэцкі распавёў на судзе, што не аказваў супраціву сілавікам, паколькі не лічыць сябе вінаватым і нічога кепскага не зрабіў.

"З вашых слоў, Ярмолаў не аддаваў людзям лазерныя ўказкі, але раней вы паказвалі, што такое было пры вас асабіста. Чаму паказанні разыходзяцца? Дайце каментар на дзеянні Ігара Ярмолава", – запыталася ў Карэцкага суддзя.

Мужчына патлумачыў гэтыя разыходжанні там, што ўсё гэта пісалася ў КДБ пад вельмі моцным ціскам.

Уладзіслаў расказаў, што ў офісе сам свяціў указкамі сабе ў вочы, каб праверыць, ці з’яўляюцца яны бяспечнымі, зрок вярнуўся праз некалькіх секунд, болевых адчуванняў не было. Па словах Уладзіслава, указкамі можна было б свяціць у неба, атрымаўся б такі «open air».

На судзе па справе аб "лазарных указках" Уладзіслаў Карэцкі даў паказанні

Палітвязень распавёў, што з Ігарам Ярмолавым знаёмыя каля года, пазнаёміліся на танцавальным мерапрыемстве, з Мікалаем Сасевым пазнаёміўся дзесьці за месяц да 9 жніўня, а з Дзмітрыем Канапелькам у дзень выбараў прэзідэнта. На масавыя мерапрыемствы 9, 10 і 11 жніўня выходзіў з іншымі фігурантамі справы, але закон не парушаў.

Пасля гэтага пачаўся допыт чацвертага абвінавачанага Дзмітрыя Канапелька. Ён распавёў, што ўсвядоміў важнасць прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, сабраў неабходныя подпісы і зарэгістраваўся незалежным назіральнікам на выбарчым участку ў Радашковічах. На яго і яшчэ двух участках горада пасля заканчэння выбараў быў вывешаны выніковы пратакол, згодна з якім перамогу на выбарах атрымала Святлана Ціханоўская пры яўцы больш за 90%.

"Свае высновы аб выніках і дакладнасці афіцыйна агучаных я зрабіў на аснове статыстычных абгрунтаваных дадзеных, асабістым вопыце і здаровым сэнсе, а не дзякуючы публікацыям у інтэрнэце або пад уздзеяннем нейкай інфармацыі, якая выклікае напружанасць у грамадстве па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці".

Дзмітрый накіраваўся ў Мінск, бо у панядзелак яму трэба было вырашаць працоўныя пытанні. Там ён сустрэўся з Ярмолавым, з якім пазнаёміўся летам 2020 года. Рух па горадзе самога абвінавачанага 9-12 жніўня быў абцяжараны, бо ён выкарыстоўвае каршэрынгавы сэрвіс, а інтэрнэт у тыя дні не працаваў. На машыне Ігара Ярмолава мужчыны даехалі да вул. Р. Люксембург, дзе сустрэліся з Сасевым і Карэцкім. Іх Канапелька бачыў упершыню, мужчыны пайшлі прагуляцца па горадзе і паразмаўляць. Яны дайшлі да Стэлы, там Ярмолаў з Сасевым згубіліся, і Канапелька застаўся разам з Карэцкім сярод людзей, якія мірна гулялі, ніякіх агрэсіўных грамадзян побач не было. Гэта было спантаны хаатычны натоўп людзей, назваць акцыяй або мерапрыемствам тую сітуацыю Дзмітрый не можа.

Адзін са знаёмых Канапелькі размясціў пост у Фэйсбуку, што людзі могуць прыйсці да яго ў офіс, калі будзе неабходнасць. Дзмітрый з Уладзіславам зайшлі да яго папіць вады. Калі яны зноў выйшлі на вуліцу – людзей было больш, стаяў АМАП, людзі свяцілі ліхтарыкамі на тэлефонах. У нейкі момант без усялякага папярэджання сілавікі пачалі закідваць мірных людзей светла-шумавымі гранатамі, людзі сталі разбягацца. Канапелька вярнуўся ў офіс, каб не пацярпець, Карэцкі рушыў услед за ім. Калі стала бяспечна, Дзмітрый дабраўся да арандаванай кватэры.

На наступны дзень абвінавачаны займаўся сваімі справамі, а ў другой палове дня сустрэўся з Ярмолавым і паехаў у краму "Гіпа" ў Серабранцы, дзе хацеў набыць прадукты. У машыне з Ігарам апынуліся Сасеў і Карэцкі. У мікрараёне сталі збірацца людзі, якія былі не згодныя з вынікамі выбараў.

"Так як тэма мне была цікавая, я застаўся ў асяроддзі, каб пагутарыць з людзьмі і даведацца іх меркаванне з нагоды падзей. У нейкі момант прыехалі супрацоўнікі МУС і без якіх-небудзь папярэджанняў пачалі разганяць людзей. Загадаў разыходзіцца не было, людзі паводзілі сябе спакойна. Стала відавочна, што заставацца там не варта, я сеў у машыну да Ярмолава і з'ехаў з раёна".

Хлопцы паехалі да ст. м. "Пушкінская", там было шмат людзей, Дзмітрый Канапелька ішоў у краму "Віталюр", калі на месца прыехаў АМАП і пачаў разганяць людзей – прымяняць святло-шумавыя гранаты і слёзатачывы газ. Уцякаючы ад разгону, абвінавачаны апынуўся каля ст. м. "Спартыўная", ён увесь час губляў сувязь з Ярмолавым і астатнімі. Стэлефанаваўшыся з апошнім, ён папрасіў Ігара адвезці яго дадому, што той і зрабіў.

11 жніўня Дзмітрый займаўся сваімі справамі, а ў 18 гадзін апынуўся ў офісе ў Лаўрыненка, бо раней у яго нешта забыў. Дзесьці праз гадзіну Канапелька выйшаў у краму, у гэты ж час патэлефанаваў Ярмолаў і спытаў, дзе знаходзіцца Дзмітрый, сказаў, што хоча пад'ехаць, абвінавачаны назваў адрас - вул. Чэхава, 3. Калі вярнуўся ў офіс, знайшоў там Ярмолава і Карэцкага, якія збіралі лазарныя ўказкі. Ён стаў дапамагаць ім, падчас збору на яго траплялі лазарныя прамяні, але ніякіх наступстваў для здароўя ён не адчуваў.

"Мне падалося, што ўказкі могуць ствараць прыгожы эфект", - сказаў абвінавачаны і дадаў, што пажартаваў у той момант, што яны з указкамі як настаўнікі геаграфіі. 

Незадоўга да таго, як мужчыны сышлі з офіса, прыехаў Мікалай Сасеў. Атмасфера ў офісе ў той дзень была спакойнай - людзі проста размаўлялі паміж сабой. Мужчыны паехалі ў раён Серабранкі, па дарозе заехалі за сябрам Ігара, а Дзмітрый Канапелька зразумеў, што выкарыстоўваць указкі на пратэстнай акцыі - дрэнная ідэя. Адзін пакет з указкамі ляжаў у заплечніку абвінавачанага, ён яго ні разу за вечар не даставаў.

Праз 30-40 хвілін знаходжання ў Серабранцы туды прыехалі сілавікі, людзі сталі разбягацца, а абвінавачаныя паехалі ва Уруччы. Там таксама знаходзіліся каля паўгадзіны, і ўжо ехалі па дамах, калі, праязджаючы каля ГЦ "Рыга", убачылі вялікую групу людзей – спыніліся і вырашылі пагутарыць. Праз 25 хвілін прыехала міліцыя, людзі сталі разбягацца і абвінавачаныя таксама. Дзмітрый Канапелька схаваўся ў пад'ездзе, знаходзіўся там каля гадзіны, а потым злавіў першае таксі і з'ехаў дадому.

Раніцай 12 жніўня Дзмітрый займаўся сваімі справамі, пасля яму патэлефанаваў Ярмолаў і прапанаваў сустрэцца: ён павінен быў прыехаць у 18.00, але не з'явіўся нават і ў 20.00. Канапелька спрабаваў датэлефанавацца да Ігара, але той не здымаў, як і ў наступныя дні. Пазней са СМІ абвінавачаны даведаўся пра затрыманне Ярмолава, але выказаў здагадку, што гэта было звязана з яго працай у штабе Бабарыка.

Далей Канапелька жыў сваім звычайным жыццём, пакуль не быў затрыманы 11 верасня.

На пытанні пракурора адказаў, што 9-12 жніўня не назіраў масавых беспарадкаў, пагромаў, падпалаў, сутыкненняў грамадзян з міліцыяй. Тое, што каля Стэлы на праезную частку выкацілі некалькі сметніц, барыкадамі назваць не можа. На думку абвінавачанага, пасля выбараў і ў наступныя дні прымяненне спецсродкаў супрацоўнікамі міліцыі – света-шумавыя гранаты, слёзатачывы газ – было зусім неабгрунтавана. Сам Дзмітрый Канапелька не браў удзел у пратэстах, а проста знаходзіўся сярод людзей, назіраў за тым, што адбываецца, камунікаваў. Так як абвінавачаны быў назіральнікам, яму было цікава пагутарыць з людзьмі і даведацца, што яны думаюць пра вынікі выбараў, што яны назіралі на ўчастках.

З сярэдзіны жніўня Дзмітрый Канапелька здымаў нумар у гасцініцы "Вікторыя", ён растлумачыў суду, што яму было зручна там жыць: кошт 700 рублёў у месяц, ёсць басейн і сауны. У сваім нумары абвінавачаны размясціў відэакамеру ў мэтах сваёй бяспекі: замацаваў яе пад сталом.

У офіс па вул. Чэхава, 3 заходзіў некалькі разоў, упершыню - 9 жніўня. Што там за фірма знаходзіцца - не ведаў, назву даведаўся толькі з матэрыялаў справы. 11 жніўня, па словах абвінавачанага, ніхто з прысутных у офісе не збіраўся ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах. Малаткі ён бачыў мімаходам, рэспіратары і берушы яму ніхто не прапаноўваў, ён нічога не браў, у Дзмітрыя была медыцынская маска. Запальніцы бачыў, пра іх жартавалі. Ярмолаў папрасіў Канапельку замовіць рагаткі, але інтэрнэт працаваў дрэнна, Дзмітрый нічога не замаўляў, просьбу праігнараваў.

Выходзячы з офіса, абмяркоўвалі, што ўказкі можна раздаваць людзям, а тыя могуць сьвяціць імі ў неба і ствараць прыгожую карцінку.

"Я не ведаю, як можна выкарыстоўваць указкі супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў", - сказаў Дзмітрый.

Абвінавачаны не бачыў, каб хтосьці раздаваў ўказкі, дапускае, што хтосьці з траіх абвінавачаных мог іх выкарыстоўваць – напрыклад, свяціць на будынак, але дакладна сказаць не можа. Сам не выкарыстоўваў. 

У офісе Канапелька бачыў петарды, але не бачыў, каб хтосьці браў іх з сабой. Не дакранаўся ні да петардаў, ні да малаткоў. Не бачыў, каб хтосьці з абвінавачаных раздаваў людзям якія-небудзь прадметы.

Указкі, якія засталіся ў Дзмітрыя, ён выкінуў: форма атрымання іх не абавязвала абвінавачанага ні да чаго.

Канапелька быў затрыманы каля 21-22 гадзін 11 верасня ў гасцініцы "Вікторыя", у момант затрымання з Дзмітрыем знаходзіўся яго сын, які глядзеў мульцікі.

20 красавіка ў судзе допыт Дзмітрыя Канапелькі працягнуўся пытаннямі ад адвакатаў. Пасля гэтага ў працэс былі выкліканыя сведкі.

"Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу". Што казалі сведкі ў судзе над валанцёрамі штаба Бабарыкі?

20 красавіка ў судзе па крымінальнай справе валанцёраў штаба Бабарыка, палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі пачаўся допыт сведкаў.

У судзе аб'яўлены перапынак да 14.30 гадзін 21 красавіка. 

Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі

Раніцай 13 красавіка судовае паседжанне пачалося з допыту абвінавачаных. Першым дапытвалі Ігара Ярмолава.

"З маіх рук ні адзін чалавек не атрымаў ніводнага прадмета". Пра што казаў у судзе палітвязень Мікалай Сасеў

Наступным у зале быў дапытаны Мікалай Сасеў. Ён распавёў пра падзеі тых дзён: чуў аб плануемых пратэстах пасля выбараў і дамовіўся сустрэцца з Ігарам Ярмолавым ў 20 гадзін 9 жніўня.

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства