"З маіх рук ні адзін чалавек не атрымаў ніводнага прадмета". Пра што казаў у судзе палітвязень Мікалай Сасеў
У судзе Маскоўскага раёна Мінска яшчэ 13 красавіка на судовым пасяджэнні па крымінальнай справе ў дачыненні да валанцёраў выбарчага штаба Віктара Бабарыка Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі, адбыўся допыт дваіх палітзняволеных.
Масавыя беспарадкі з дапамогай лазарных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі
Мужчын абвінавачваюць па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў, і ч.3 арт. 293 КК – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці.
Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.
Пра што ў судзе казаў Мікалай Сасеў?
Наступным у зале быў дапытаны Мікалай Сасеў. Ён распавёў пра падзеі тых дзён: чуў аб плануемых пратэстах пасля выбараў і дамовіўся сустрэцца з Ігарам Ярмолавым ў 20 гадзін 9 жніўня па вул. Р. Люксембург, хоць месца яму не падабалася з-за боязі якіх-небудзь эксцэсаў - там побач адміністрацыя Маскоўскага раёна. На сустрэчу Ігар прыехаў не адзін, а разам з Уладзіславам Карэцкім і Дзмітрыем Канапелькам. Мікалай знаёмы з Ігарам каля 10 год, падтрымлівае прыяцельскія стасункі, Уладзіслава - бачыў некалькі разоў да гэтага, Дзмітрыя - не ведаў. Мужчыны пайшлі ў бок Стэлы, пазней падзяліліся, Мікалай з Ігарам стаялі на пагорку і глядзелі, што адбываецца. Сітуацыя стала абвастрацца, палітвязень вырашыў ехаць дадому - пайшоў дварамі ў бок ст. м. "Фрунзенская". Каля Нацыянальнай школы прыгажосці быў ланцуг з сілавікоў, яму сказалі, што лепш сыходзіць альбо будуць разганяць. Каля станцыі метро сустрэў Ігара, папрасіў яго адвезці дадому. Яны дайшлі да машыны, рухаючыся на аўтамабілі па дарозе ўбачылі Карэцкага і Канапельку, падабралі іх. Праехалі далей па Кальварыйскай, там адбываўся мітынг, Сасеў выйшаў з машыны паглядзець з цікавасці, праз некаторы час там таксама стала некамфортна, Мікалай паехаў дадому.
На наступны дзень ён вырашаў асабістыя справы, а ўвечары хацеў паехаць у школу танцаў. Дабрацца да планаванага месца не змог. Мікалай патэлефанаваў Ярмолаву, той прыехаў і забраў яго на прыпынку "Куйбышава". Затым заехалі за сябрам Ігара, накіраваліся ў раён Серабранкі. Там было шмат людзей, палітвязень зайшоў у краму, купіў ваду, выйшаў - убачыў, што людзей стала больш, перайшоў на іншы бок дарогі. Ніякіх лозунгаў не выкрыкваў, проста хадзіў, стаяў і назіраў за тым, што адбываецца, у гутаркі ні з кім не ўступаў. У нейкі момант яму стала няўтульна, ён адышоў далей ад натоўпу людзей. Пасля вярнуўся да машыны Ігара, туды ж прыйшлі Ярмолаў, Канапелька і Карэцкі, хтосьці прапанаваў ехаць да Пушкінскай. Там было шмат людзей, Мікалай знаходзіўся каля гасцініцы "Арбіта", потым пайшоў да ст. м. "Спартыўная", пабыў нейкі час там. Пасля паехаў з астатнімі дадому, па дарозе Карэцкі сказаў, што яму дрэнна - трапіў пад газ. Мужчыны спыніліся, Уладзіслаў прамыў вочы. Потым паехалі далей. Па дарозе Ігар спытаў пра планы, Мікалай сказаў, што збіраецца назаўтра ў будаўнічую краму.
11 жніўня Мікалай Сасеў паехаў у будаўнічую краму, адтуль патэлефанаваў Ігару Ярмолаву, той папрасіў яго купіць два малаткі. Акрамя гэтага Мікалай купіў бярушы, будаўнічыя акуляры і рэспіратар, бо дома планаваўся рамонт. Чаму купіў не па адным экзэмпляры, а па некалькі штук, патлумачыў тым, што маскі трэба мяняць кожныя тры гадзіны, бярушы - аднаразовыя, нікому раздаваць на мітынгах гэтыя рэчы ён не збіраўся.
Калі быў дома спісаўся з Ігарам, той прапанаваў палітвязню прыехаць у офіс па вул. Чэхава, 3. Сасеў не ведаў, што там знаходзіцца, але давяраў Ярмолаву. Калі прыехаў, у памяшканні ўжо знаходзіліся Канапелька, Карэцкі і Ярмолаў - яны ўстаўлялі батарэйкі ў лазерныя ўказкі. Ігар папрасіў дапамагчы, Мікалай пагадзіўся, але адчуваў сябе не вельмі ўтульна - "здавалася, што я не пажаданы госць".
"Таксама Ярмолаў задаў пытанне, ці будзе хтосьці кідаць петарды - я адмовіўся".
На стале ляжалі запальніцы незвычайнай формы, Мікалай Сасеў узяў іх паглядзець, потым паклаў назад і больш не чапаў. Таксама ён агледзеў петарды - яны былі невялікія і запакаваныя, на думку Мікалая, не маглі прычыніць камусьці шкоду. Ён прапанаваў узяць рэспіратары і акуляры, памятаючы пра газ, які быў распылены на Карэцкага, але атрымаў ад апошняга бурную рэакцыю.
Сасеў паведаміў Ярмолаву, што купіў малаткі, але не пытаўся, навошта яны яму, а Ігар і не казаў.
Да выхаду з офіса Ярмолаў спытаў у Канапелькі, ці замовіў ён рагаткі. Сасеву гэта здалося смешным, таму што да гэтага рагаткі ніхто не абмяркоўваў, ён засмяяўся. Мікалай адзначыў, што ніколі не бачыў ні ў каго з абвінавачаных рагаткі, ці збіраліся іх заказваць - яму невядома.
Ён бачыў, што ў Ярмолава шмат рэчаў, таму паклаў у свой заплечнік два пакеты з указкамі і адзін малаток.
Пасля яны сабралі смецце і выкінулі яго. Ігар Ярмолаў вырашыў заехаць за Дзмітрыем Гарбачовым, потым на машыне яны ўсе разам паехалі ў Серабранку. Там Мікалай перадаў Ігару два пакеты з указкамі і малаток, той паклаў іх у багажнік машыны, больш гэтыя прадметы ён не бачыў. Каля "Гіпа" было шмат людзей, але настрой быў нармальны, не было ніякіх беспарадкаў, ніякай небяспекі Сасеў не адчуваў. Праз час мужчыны з'ехалі адтуль, Мікалай сцвярджае, што пры ім не было масавых беспарадкаў.
Паехалі да ГЦ "Спектр", былі там нядоўга, калі стала небяспечна - пайшлі па вул. Ложынская да машыны.
Пасля палітвязні паехалі да ГЦ "Рыга", Сасеў выйшаў з машыны, назіраў за тым, што адбываецца. Пазней убачыў, што едзе вадамёт, сышоў у двары і зайшоў разам з Карэцкім у пад'езд. Ігар сказаў, што сітуацыя небяспечная, і адвезці Мікалая дадому ён не можа. Сасеў каля паўгадзіны прачакаў, пасля чаго разам з Карэцкім пайшлі паралельна праспекту Незалежнасці ў бок Уручча. Выйшлі на праспект Незалежнасці, селі на спадарожную машыну, Мікалай Сасеў даехаў да Парку Чалюскінцаў, а Уладзіслаў Карэцкі паехаў далей.
Пасля гэтага палітвязень пракаментаваў абвінавачванне. Ён удакладніў, што:
- у яго дзеяннях не было ніякай узгодненасці з іншымі ўдзельнікамі, з усіх меў зносіны толькі з Ігарам;
- выходзіў на сходы, каб паглядзець на падзеі ў жыцці краіны, якія здаваліся яму важнымі, і не больш, ніякіх заклікаў не здзяйсняў;
- проста прысутнічаў на акцыях і ніякіх сваіх палітычных поглядаў публічна не выказваў, лозунгаў не выкрыкваў, нічога супрацьзаконнага не здзяйсняў;
- дзеянням супрацоўнікаў міліцыі не перашкаджаў;
- іншае забеспячэнне асобаў, якія ўдзельнічалі ў масавых беспарадках, не ажыццяўляў;
- усе прадметы былі набытыя на законных падставах, ніякіх канструктыўных змяненняў у іх ўнесена не было – гэта звычайныя рэчы, якія знаходзяцца ў шырокім продажы і не патрабуюць дазволаў на выкарыстанне;
- ніякіх запальніц, лазерных указак, піратэхнічных вырабаў, а таксама "іншых прадметаў, якія валодаюць кідальнымі і паражальнымі ўласцівасцямі" не набываў і выкарыстоўваць іх у якасці прылад або сродкаў для ўдзелу ў масавых беспарадках не збіраўся.
"Так, сапраўды я быў у месцах правядзення сходаў – на пр. Ракасоўскага, каля ГЦ "Спектр" і ГЦ "Рыга", але з маіх рук ні адзін чалавек не атрымаў ніводнага прадмета.
Ніякіх масавых беспарадкаў я не нёс. Ад усіх ідэй, якія мне здаваліся дзіўнымі, я адмаўляўся".
З нагоды лазерных указак Мікалай Сасеў адзначыў: лічыў іх бяспечнымі тады, лічыць іх такімі і цяпер. Ніякіх канструктыўных змяненняў у іх не ўносілася. Не бачыў, каб хтосьці выкарыстаў петарды. Мэтай набыцця масак была абарона здароўя чалавека. Намеру на супрацьпраўныя дзеянні ў палітвязня не было.
Сцвярджае, што прыходзіў на масавыя мерапрыемствы па ўласнай ініцыятыве, бо лічыў, што там праходзяць значныя падзеі для краіны, прымаць удзел у мітынгах не збіраўся – ездзіў паглядзець. Бачыў, што людзі будавалі барыкады толькі ля стэлы, не назіраў, каб у супрацоўнікаў сілавых ведамстваў кідалі нейкія прадметы.
У Мікалая Сасева была з сабой лазарная ўказка, якую ён набыў каля 5 гадоў таму, носіць з сабой яе даволі часта. Таксама ён абмяркоўваў да гэтага ўказкі з Ігарам Ярмалавым агулам, не казалі пра іх выкарыстанне на масавых мерапрыемствах. Мікалай сфатаграфаваў налепку на сваёй указцы, адправіў Ігару фота і спасылку на запыт у пашукавіку "Лазарная ўказка, купіць".
11 жніўня Мікалай узяў указку ў тым ліку, каб свяціць у вячэрняе неба, чуў, што ў мірных людзей на акцыях страляюць: палітвязень хацеў, калі ўзнікнуць падобныя абставіны, папярэдзіць навакольных аб небяспецы - свяціць у бок узброеных людзей.
З вечара 11 жніўня Ігар Ярмолаў перастаў выходзіць на сувязь, Сасеў адразу не надаў гэтаму значэнне, але пасля стаў хвалявацца. Мікалай тэлефанаваў у хуткую дапамогу і ў 102, але яму адказалі, што такога чалавека не паступала. Пасля гэтага палітвязень выказаў здагадку, што Ярмолаў можа быць затрыманы, бо ён з'яўляўся актыўным удзельнікам штаба Бабарыкі. Тады Сасеў патэлефанаваў у штаб, там яму сказалі, што іх членаў затрымліваюць пастаянна, але канкрэтнай інфармацыі з нагоды Ярмолава ў іх няма. Пасля гэтага Мікалаю патэлефанаваў Уладзіслаў Карэцкі, які прапанаваў сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю са знікненнем Ігара. Сустрэліся на Уруччы, абмеркавалі і вырашылі паехаць у Расійскую Федэрацыю - перачакаць і зразумець, што адбылося з Ігарам, а пасля гэтага вярнуцца. Паехалі ў Барысаў, па шляху абмяркоўвалі, чаму яны вырашылі ехаць. Потым думалі ехаць у Воршу, а затым на аўтобусе - у Маскву.
Даехаўшы да Воршы і пагаварыўшы з Уладзіславам яшчэ раз, Мікалай Сасеў прыйшоў да думкі, што незразумела, што «мы тут робім, з-за чаго мы бяжым, мы нічога не рабілі». Ён вырашыў, што нічога супрацьзаконнага не здзяйсняў і не хаваў, затрымліваць яго няма за што.
Аднак Мікалай Сасеў быў затрыманы 13 жніўня.
Пракурор заявіў хадайніцтва - агучыць у судзе пратакол допыту Сасева папярэдняга следства, бо ёсць супярэчнасці дадзеных раней паказанняў і ў судзе.
З гэтага і павінна пачацца судовае пасяджэнне сёння - 15 красавіка.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.