viasna on patreon

Малаткамі адкалупваць плітку, лазернымі ўказкамі свяціць у сілавікоў. У судзе аб масавых беспарадках выступіў яшчэ адзін сведка

2021 2021-04-22T13:27:58+0300 2021-04-22T13:27:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_valantery_babarico.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе па справе валанцёраў штаба Бабарыкі. Фота spring96.org

У судзе па справе валанцёраў штаба Бабарыкі. Фота spring96.org

21 красавіка ў рамках судовага працэсу па абвінавачванні палітвязняў Дзмітрыя Канапелькі, Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева і Уладзіслава Карэцкага ў масавых беспарадках у якасці сведкі быў апытаны ўладальнік офіса па вул. Чэхава, 3 - Сяргей Лаўрыненка. Менавіта там абвінавачаныя збіралі лазерныя ўказкі 11 жніўня.

Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Раман Бізюк.

Мужчын абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў і ч. 3 арт. 293 КК - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках.

"Я заўсёды ім ганарылася і ганаруся да гэтага часу". Што казалі сведкі ў судзе над валанцёрамі штаба Бабарыкі?

20 красавіка ў судзе па крымінальнай справе валанцёраў штаба Бабарыка, палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі пачаўся допыт сведкаў.

Сяргей Лаўрыненка з'яўляецца дырэктарам "Цэнтра тэхналагічных інвестыцый". У судзе ён распавёў, што з Дзмітрыем Канапелькам знаёмы некалькі гадоў і з ім у прыяцельскіх адносінах, з астатнімі хлопцамі пазнаёміўся толькі ў жніўні.

9 жніўня ў офіс да Сяргея прыходзіў Дзмітрый і магчыма нехта яшчэ, 11 жніўня - прыходзілі ўсе абвінавачаныя.

Увечары 9 жніўня ў памяшканні офіса абмяркоўвалі падзеі на Стэле, а 11 жніўня, калі ўсе сабраліся, падзеі папярэдняга дня. Сяргей Лаўрыненка кажа, што на вуліцы быў збор людзей і сутыкненні з міліцыянтамі. Сведка называе падзеі тых дзён беспарадкамі, кажа, што размовы пра гэта вяліся ў прысутнасці ўсіх абвінавачаных. Таксама яму вядома, што палітвязні ў тыя дні знаходзіліся ў тых месцах, дзе праводзілі масавыя мерапрыемствы.

9 жніўня ў офіс заходзіў Дзмітрый Канапелька і распавядаў, што на Стэле былі сутыкненні людзей з супрацоўнікамі міліцыі. Былі і барыкады, але Сяргей Лаўрыненка не памятае, распавядаў пра гэта менавіта Дмітрый ці ён даведаўся пра гэта з іншых крыніц.

Каля 20 гадзін 11 жніўня ўсе чацвёра абвінавачаных прыйшлі ў офіс да Лаўрыненкі - трое прыйшлі раней, адзін чалавек пазней. Усяго ў офісе было восем чалавек, у тым ліку сам сведка і яго жонка.

Палітвязні прынеслі з сабой скрынку з лазернымі ўказкамі, два малаточкі, якія пазней пераклалі ў заплечнік. Сведка не памятае, хто менавіта прынёс малаткі, і як збіраліся іх выкарыстоўваць абвінавачаныя, але памятае, што гучала фраза пра тое, што малаткі можна выкарыстоўваць для выкалупвання тратуарнай пліткі. На ягоную думку, у той момант прысутныя абмяркоўвалі масавыя беспарадкі, у тым ліку, што плітку можна куды-небудзь кідаць.

"Я самастойна зрабіў выснову аб тым, што плітку, напрыклад, можна выкарыстоўваць падчас масавых беспарадкаў, але абвінавачаныя абмяркоўвалі проста, што яе трэба адкалупваць малаткамі. Я ім пытанні не задаваў".

Ігар Ярмолаў прынёс заўвагу, бо сведка кажа, не тое, што памятае, а тое, што думае. Суд сказаў, што заўвага зафіксаваная. Допыт сведкі працягнуўся.

На яго думку, маскі і рэспіратары ў прысутных былі, бо быў і ёсць каранавірус, берушы і пальчаткі – не памятае. Ва ўказкі ў офісе устаўлялі батарэйкі, пасля чаго іх знеслі.

Запальніцы да моманту прыходу абвінавачаных сведка не бачыў. Калі палітвязні прыйшлі ў офісе, Сяргей Лаўрыненка бачыў газавыя запальніцы і прадметы, падобныя на петарды - хтосьці з абвінавачаных даставаў іх з пакета і перакладаў у сумку, хто дакладна гэта рабіў - не памятае. Сведка прыгадвае, што абмяркоўвалася пытанне, ці будзе хтосьці кідаць петарды. Нехта з абвінавачаных сказаў, што "так". Таксама ён кажа, што чуў фразу "калоць колы", але кантэксту размовы не памятае. Ці абмяркоўваліся спосабы выкарыстання рагатак, Лаўрыненка не памятае.

Сведка растлумачыў, што ўказкі даставалі са скрынкі, устаўлялі ў іх батарэйкі, правяралі, ці працуюць яны - свяцілі ў памяшканні, затым клалі ў пакеты. Усе абвінавачаныя прымалі ўдзел у гэтых дзеяннях, а таксама жонка сведкі дапамагала ім збіраць. Указкі планавалася раздаваць пратэстоўцам у месцах, дзе будуць праходзіць беспарадкі.

Па словах Сяргея Лаўрыненкі, абвінавачаныя планавалі ехаць на машыне ў Серабранку, не памятае, каб абмяркоўвалася тактыка паводзінаў пры затрыманні і неабходнасць пераапранання.

Сыходзячы ўсе прадметы абвінавачаныя забралі з сабой.

На наступны дзень з раніцы прыехалі двое абвінавачаных без папярэджання, адзін з іх – Дзмітрый Канапелька. Усяго было чатыры чалавекі, якія хацелі нешта абмеркаваць у офісе за зачыненымі дзвярыма. Прабылі гадзіну ці два, пасля чаго сышлі. Што менавіта абмяркоўвалася на сустрэчы Лаўрыненка не ведае.

Падчас папярэдняга следства Сяргею Лаўрыненка прадастаўляліся для прагляду відэазапісы 9 і 11 жніўня з камеры, усталяванай у яго офісе.

На пытанні адвакатаў сведка растлумачыў, што 8 жніўня ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук ён напісаў пост толькі для сяброў: "ведаючы, што плануюцца беспарадкі", прапанаваў тым, хто будзе знаходзіцца ў раёне стэлы і адчуе сябе небяспечна, прыйсці і схавацца ў яго офісе. Пры гэтым у судзе ён удакладніў, што бачыў заклікі выйсці на акцыю пратэсту 9 жніўня ў тэлеграм-каналах, але не бачыў там заклікаў да падпалаў, пагромаў, узвядзення барыкад, перакрыцця дарог, узброенаму супраціву супрацоўнікам міліцыі.

Пад "масавымі беспарадкамі" сведка разумее перакрыццё дарог, пагромы, падпалы, пры гэтым кажа, што пагромаў і падпалаў не было, а пра перакрыццё дарог чытаў у тэлеграм-каналах. Сам ён таксама не быў відавочцам пагромаў, падпалаў, гвалту, узброенага супраціву грамадзянаў супрацоўнікам міліцыі. Бачыў, як у раёне Каменнай Горкі нейкія хлопцы разбіралі кветкавыя клумбы, калі ў адзін з дзён вяртаўся дадому.

- Я магу называць тое, што адбывалася, іншым словам, калі слова "масавыя беспарадкі" вас бянтэжыць. Гэта былі падзеі, несанкцыянаваныя акцыі.

- Мяне вельмі бянтэжыць слова беспарадкі! Калі вам вядома, абвінавачаных абвінавачваюць у масавых беспарадках, што абмяжоўваецца выключна падпаламі, пагромамі, гвалтам, узброеным супрацівам і знішчэннем маёмасці. Таму, калі вы відавочцам гэтых падзей не былі, а былі відавочцам іншых падзей, то трэба канкрэтна выкарыстоўваць словы, – сказаў адвакат Дзмітрыя Канапелькі.

- Я прашу прабачэння, буду называць гэта несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі.

Настрой у абвінавачаных у офісе быў бадзёры, яны жартавалі, сведка дапускае, што абмеркаванне выкарыстання петард і малаткоў магло быць жартоўным, але дакладна не памятае.

Сяргей Лаўрыненка ўдакладніў, што прысутнасць абвінавачаных у яго офісе яму не вельмі падабалася, ён папрасіў іх сысці, яны сабрала ўказкі, перапакавалі рэчы і сышлі. Пры гэтым у лазерных указках ён не бачыў небяспекі, тым больш калі ў іх ёсць насадкі з "розных звяркоў".

Адзін з адвакатаў удакладніў:

- Вы памятаеце, што-небудзь пра размовы пра <...> свабоды дыназаўраў?

- Не, не памятаю.

- А якія-небудзь размовы пра штаны?

- Не памятаю.

- А што-небудзь пра размовы, як рабіць масаж АМАПаўцам?

- Не памятаю.

- Скажыце, калі ласка, чым вы можаце патлумачыць такую выбіральнасць сваёй памяці, што ўсе размовы, якія мелі месца і былі зафіксаваныя відэазапісам, вы цяпер не памятаеце, а размова пра малаткі, які не трапіў на відыёзапіс, вы адназначна памятаеце?

Пракурор выказаў нязгоду з гэтым пытаннем, і суд зняў яго.

На пасяджэнні таксама былі агучаныя пісьмовыя паказанні Сяргея Лаўрыненка, так як у яго паказаннях выявіліся супярэчнасці.

На допыце ў следчага Лаўрыненка тлумачыў, што 9 жніўня ў офіс прыйшоў Дзмітрый Канапелька, які эмацыйна распавядаў, як праходзяць масавыя беспарадкі на вуліцы, з чаго ён зрабіў выснову, што Дзмітрый сам знаходзіўся на Стэле і з'яўляўся ўдзельнікам названых беспарадкаў, мітынгаў. Больш падрабязна, што распавядаў Дзмітрый, не памятае з-за даўнасці падзей. У тыя дні ў офіс прыходзілі і невядомыя Лаўрыненку людзі, якія таксама распавядалі, што адбываецца на вуліцах, ён частаваў іх гарбатай.

11 жніўня Канапелька спытаў у Лаўрыненкі, ці не супраць ён, калі ў офіс прыйдуць яго сябры, для якіх мэтаў не тлумачыў. Мужчыны прыйшлі і прынеслі ўказкі, не менш за 100 штук, хоць сведка іх не лічыў. Ад убачанага ён расхваляваўся. Абвінавачаныя сталі збіраць указкі, Лаўрыненка папрасіў сваю жонку дапамагчы ім, каб яны хутчэй скончылі і сышлі. Мужчыны размаўлялі паміж сабой і гаварылі, што ўказкі будуць раздаваць пратэстоўцам, каб тыя свяцілі на супрацоўнікаў міліцыі. У нейкі момант сведка ўбачыў у нечым заплечніку прадметы, падобныя на петарды.

Ці прапаноўваў хтосьці Лаўрыненку пайсці з абвінавачанымі, ён не памятае, але Дзмітрый Канапелька дакладна не прапаноўваў, бо ведаў, што сведка не падтрымлівае масавыя беспарадкі і мітынгі. Дзе раздавалі ўказкі - ён не ведае. Пасля Лаўрыненка тэлефанаваў Дзмітрыю, той сказаў, што знаходзіцца ў раёне Серабранкі. Куды накіраваліся з ягонага офіса іншыя абвінавачаныя - сведка не ведае.

Следчы таксама паказваў відэазапісы Лаўрыненку, вынятыя з камеры відэаназірання, размешчанай у офісе сведкі. Ён даваў тлумачэнні па ім. У прыватнасці, на адным з відэазапісаў Дзмітрый Канапелька пытаецца: "Хто будзе каардынатарам?", што сведка расцаніў як удакладненне, хто застанецца прыглядаць за офісам. Таксама Канапелька пытаўся, ці ёсць у іншых абвінавачаных прадметы для праколкі колаў. У той момант сведка не надаў гэтаму пытанню палітвязня значэння, але ў дзень допыту выказаў здагадку, што абвінавачаныя мелі намер праколваць колы службовых аўтамабіляў супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым ніякіх прадметаў для праколкі колаў, рагатак у палітвязняў сведка не бачыў.

Дадзеныя паказанні ў следчага Сяргей Лаўрыненка ў судзе падтрымаў, супярэчнасці растлумачыў тым, што мог забыцца за даўнасцю падзей.

Пасля гэтага ў судовым пасяджэнні быў аб'яўлены перапынак да 10.30 гадзін 28 красавіка.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства