viasna on patreon

"Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленне маё чыстае". Дзмітрый Канапелька ў апошнім слове ўзгадаў рэпрэсаванага прадзеда

2021 2021-06-08T14:25:30+0300 2021-06-08T16:36:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanapelka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Канапелька ў судзе. Фота Белсат

Дзмітрый Канапелька ў судзе. Фота Белсат

У судзе Маскоўскага раёна па крымінальнай справе супраць валанцёраў штаба Бабарыкі 8 чэрвеня з апошнім словам выступіў дырэктар IT-кампаніі Дзмітрый Канапелька.

"Тут прагучала шмат слоў дзяржаўнага абвінаваўцы, якія нічога не кажуць пра мяне як пра асобу, маіх матывах або аб тым, што фактычна адпавядала б прыкметах інкрымінаванага злачынства.

У мяне няма і не было жадання гвалціць асобу, будаваць барыкады, здзяйсняць падпалы, узброена супраціўляцца прадстаўнікам улады. Таксама я ніякім чынам не фінансаваў і не інструктаваў каго-небудзь, хто збіраўся б здзяйсняць названыя дзеянні. Мне, як у жніўні 2020 года, так і цяпер, не хочацца, каб пакутавалі людзі, незалежна ад таго, якія погляды яны падзяляюць, пад якім сцягам ходзяць і ў якую форму апранутыя. Маральныя прынцыпы ўнутры, а не нешта звонку, не дазваляюць мне нічога з пералічанага ў абвінавачванні. Мне аднолькава непрыемна думаць, што ад маіх дзеянняў могуць пацярпець як супрацоўнікі МУС, так і звычайныя грамадзяне альбо іх маёмасць.

У жніўні 2020 года я не быў знаёмы з Крымінальным кодэксам так падрабязна, як цяпер, але кіраваўся ўласнай мараллю і здаровым сэнсам. Да бягучага ўзросту – 37 гадоў – менавіта такі жыццёвы прынцып ні разу не прыводзіў мяне не тое, што да крымінальнага злачынства, але нават парушэння Адміністрацыйнага кодэкса, за выключэннем ДАІ, але штрафы, я ўпэўнены, ёсць у кожнага тут прысутнага.

Мне падабаецца выраз:

"Жыццё як бумеранг – заўсёды атрымліваеш тое, што ў яго кідаеш".

Я ніколі не кідаў што-небудзь, што магло вярнуцца да мяне ў выглядзе турэмнага зняволення.

9-12 жніўня было зусім незразумела, што адбываецца. Я, з'яўляючыся патрыётам Беларусі, хацеў на свае вочы пабачыць, што дзеецца ў маёй краіне. Калі жывеш звычайным жыццём і ў Крымінальны кодэкс не зазіраеш, то не разважаеш паняццямі: акцыя, мітынг, мерапрыемства, масавыя беспарадкі і гэтак далей. Проста разумееш, што табе цікава, а што не. Пра свае перамяшчэнні 9-12 жніўня я не думаў, як пра наведванне спецарганізаваных мерапрыемстваў. Проста людзі па ўсім горадзе – у некаторых месцах больш, у некаторых менш. Што іх хвалявала, было мне блізка, і таму я заставаўся некаторы час то ў адным, то ў іншым месцы. Але як толькі абстаноўка пагаршалася, я перабіраўся ў іншае месца, што пацвярджаецца шматлікімі матэрыяламі справы і фактамі. Пад пагаршэннем абстаноўкі я маю на ўвазе прыезд супрацоўнікаў АУС і пачатак разгону людзей: прымяненне імі спецсродкаў, святло-шумавых гранат, газу і т .д. Гэта наогул пытанне для асобнага абмеркавання – навошта яны гэта зрабілі? Як ужо я згадваў на спрэчках, нават былы міністр МУС Караеў сам абмовіўся, што дзесьці гэта было і пераборам.

Які сэнс супраціўляцца узброеным і навучаным супрацоўнікам АУС? Мне не было чаго тэрытарыяльна абараняць у любой з прадстаўленых у справе лакацый. Проста я і мая пазіцыя па пытанні выбараў 2020 года. На гэтую пазіцыю ніхто не мог паквапіцца, і я мог і магу спакойна трымаць яе пры сабе ў любым месцы горада, уключаючы СІЗА №1. Я ніколі не прытрымліваўся экстрэмісцкіх альбо радыкальных поглядаў. Я шмат займаўся спортам, што падарыла нават такую выдатную характарыстыку, як "хлопец спартыўнага целаскладу". Але гэта былі спрэс лёгкаатлетычныя заняткі: я займаўся сквошам 17 гадоў, бегам – 5 гадоў, канькамі – 20 гадоў, плаваннем, роварам. І як вы бачыце гэтыя мае спартыўныя заняткі не схіляюць да крытычнага супрацьдзеяння з кім-небудзь, хутчэй да хуткага пакіданне месца небяспекі.

За ўвесь перыяд з 9 па 12 жніўня і далей я не даваў згоды ні ў вуснай, ні ў пісьмовай форме нікому на ўдзел ў масавых беспарадках, роўна як і на дапамогу тым, хто ў такім хацеў бы паўдзельнічаць. Матэрыялы справы гэтаму не супярэчаць.

Слова "штаб", якое так спадабалася боку абвінавачвання, калі і ўжывалася 12 жніўня, то не разглядалася ў нейкім негатыўным мілітарысцкім значэнні. Дзеці таксама часта кажуць пра домік на дрэве альбо шалаш, як штаб. Ці з'яўляецца гэта падставай для таго, каб прыцягнуць іх да адказнасці па артыкуле Крымінальнага кодэкса? Аргументы па мерах канспірацыі, як я ўжо тлумачыў, былі звязаныя з тым, што ў тыя дні ў Мінску арыштоўвалі каго заўгодна з нагоды і без. Дэ-факта дзейнічала каменданцкая гадзіна.

Абвінавачванне сцвярджае, што абвінавачаныя збіраліся знаходзіцца ў гушчы падзей. Хто збіраўся гэта рабіць? Сасеў у панамцы, Карэцкі ў "баявых штанах", я ў шортах або Ярмолаў? Узгодненасці і агульнага плану не існавала, што адлюстроўваецца ў кожнай фразе з мноства відэа. < ... > Што наогул кажа пра тое, што хто-небудзь з абвінавачаных збіраўся наведаць масавыя беспарадкі, якіх, як сцвярджае следства, і не было? Чаму гэта не былі зборы на пратэстную акцыю ці наогул проста выхад у горад?

Адсутнасць жадання аказваць супраціў супрацоўнікам МУС цалкам пацвярджаецца паказаннямі і АВМ – праслухоўваннем. Там толькі і чуваць: "Яны прыехалі, мы схаваліся, давайце з'язджаць з гэтага месца куды-небудзь далей".

Ёсць сур'ёзнае падазрэнне, што дзяржабвінаваўца рэалізуе сваё асабістае негатыўнае стаўленне на глебе палітычнай, ідэалагічнай альбо іншай нянавісці да работнікаў МУС. Інакш, чым растлумачыць яго давер да інфармацыі з неправераных крыніц без належных для навуковых публікацый атрыбутаў, і пры гэтым недавер і ігнор паказанняў сведкі – афтальмолага з 30-гадовым стажам, супрацоўніцы шпіталя МУС. Пры допыце дадзенай сведкі былі шматлікія спробы выціснуць патрэбны для абвінаваўцы адказ. Жывы спецыяліст, эксперт распавядае аб сваім эмпірычным вопыце, у адрозненне ад артыкула аб абстрактным лазеры, які не можа адказаць на пастаўленыя пытанні і з'яўляецца проста адказам на пошукавы запыт у яндэксе або гугле – "небяспека лазерных указак". Так, нейкі гіпатэтычны лазер – небяспечны. Але пры чым тут я і астатнія абвінавачаныя? Ці набываў я лазер, ці фінансаваў куплю, збіраў, ці вывучаў інфармацыю аб указках і іх прымяненні, ці прымяняў указкі або перадаваў іх каму-небудзь? Ці ёсць у абвінавачвання падставы меркаваць, што адсутнічала мая добраахвотная адмову ад іх прымянення або раздачы? Сцвярджальнага адказу на ўсе гэтыя пытанні следства не дало за амаль ужо 9 месяцаў.

Абвінаваўца таксама дэманструе дзіўную неразборлівасць тэхнічных тэрмінаў. Нацыянальная акадэмія навук правяла даследаванне і паказала тэхнічныя характарыстыкі указак – менш 1000 міліват. Абвінаваўца ж некалькі разоў паўтарыў 1000 мегават, што ў 1 мільярд разоў больш.

Я быў затрыманы 11 верасня 2020 года. Я ведаў пра арышт Ярмолава са СМІ, але ніяк не звязваў гэта з тым часам, што быў праведзены сумесна ў горадзе. Я не рабіў спробаў схавацца, заставаўся ў краіне, працягваў жыць і працаваць, бо нічога супрацьпраўнага не рабіў. Пражываў у гасцініцы "Вікторыя Спа" пад сваім імем і выкарыстаў сваю сім-карту. У момант затрымання ў гасцініцы са мной знаходзіўся 5-гадовы сын Георгій. Я б вельмі хацеў паўдзельнічаць у яго эмацыйным, фізічным, інтэлектуальным развіцці. Мне пастаянна прыходзяць лісты, з якіх я даведваюся, у якім эмацыйным стане ён знаходзіцца з-за немагчымасці мець зносіны са мной.

Нягледзячы на перакананасць абвінаваўцы, усё ж я ўпэўнены, што я добры член грамадства і бацька, якому ёсць чаму навучыць сына і выхаваць яго дастойным чалавекам.

І падкрэсліваючы сувязь пакаленняў, хачу скончыць словамі майго прадзеда, якога судзілі дзесьці ў 37-ым пры падобных абставінах:

"Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленне маё чыстае".

Прысуд па справе будзе абвешчаны 10 чэрвеня ў 11.00

Нагадаем, палітвязняў Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзмітрыя Канапельку абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). 

Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Дзяржабвінаваўца Раман Бізюк запрасіў для іх па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На папярэднім пасяджэнні заслухалі апошняя слова Ігара Ярмолава і Мікалая Сасева. Уладзіслаў Карэцкі ад апошняга слова адмовіўся.

"Прама тут і цяпер вырашаецца мой лёс і лёс маіх сяброў". Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў выступілі з апошнім словам у судзе

28 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска абвінавачаныя па крымінальнай справе аб лазерных указках выступілі з апошнім словам.

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства