"Чаму тады не казаць, што ўказкі – для здзяйснення акту тэрарызму?" Аргументы абароны ў спрэчках бакоў па справе валанцёраў штаба Бабарыка
Як раней пісаў ПЦ «Вясна», 25 мая ў судзе па крымінальнай справе ў дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыка Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзмітрыя Канапелькі прайшлі спрэчкі бакоў. Пракурор Раман Бізюк запрасіў для палітвязняў па 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
У судзе па справе аб "лазерных указках" прайшлі спрэчкі бакоў
Якія довады ў спрэчках прыводзіў бок абароны?
На думку абароны, дзяржаўны абвінаваўца ў сваёй прамове ставіўся да словазлучэння "масавыя беспарадкі" таксама лёгка, як сабе гэта дазваляў сведка Сяргей Лаўрыненка – пры яго допыце ў судзе высветлілася, што пад гэтым паняццем сведка ўсё ж меў на ўвазе масавыя мерапрыемствы. І калі такое стаўленне яшчэ дапушчальна сведку, то бок абвінавачвання ўсё ж такі павінен больш выразна размяжоўваць гэтыя паняцці.
Ніякіх доказаў таго, што абвінавачаныя дзейнічалі сумесна, узгоднена з мэтай іншага матэрыяльнага забеспячэння і ўдзелу ў масавых беспарадках у матэрыялах справы няма. Некаторыя з іх былі незнаёмыя або малазнаёмыя на момант падзей 9-12 жніўня.
Масавыя мерапрыемствы былі стыхійнымі, затрыманні на іх былі масавыя, многіх прыцягнулі да адказнасці. Ярмолаў, як і іншыя абвінавачаныя, спрабаваў пазбегнуць затрымання, менавіта гэтыя фактары сталі падставай для запісаў у нататніку, які далучаны да матэрыялаў справы, а таксама наведвання офіса па вул. Чэхава і абмеркаванняў сітуацыі там.
Масавыя беспарадкі маюць дакладнае вызначэнне, дзе няма раздзяляльных саюзаў «ці/або», неабходна наяўнасць усіх прыкмет, а менавіта: пагромаў, падпалаў, гвалту над асобай, знішчэнне маёмасці, узброенага супраціву прадстаўнікам улады. У судзе не быў даказаны намер абвінавачаных здзяйсняць такія дзеянні.
Пракурор кажа пра масавыя беспарадкі як пра факт, які адбыўся, пры гэтым у Серабранцы, Уруччы, каля ГЦ "Рыга" не было пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці і гвалтоўнага супраціву грамадзянаў. Ніякіх доказаў гэтаму ў матэрыялах справы няма.
Па запыце следчага былі дадзеныя адказы з ГУУС Мінгарвыканкама, што ў названых месцах мелі месца асяродкі пратэстнай актыўнасці або стыхійныя групавыя парушэнні грамадскага парадку, або несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. З 9 жніўня па 16 студзеня 2021 года зафіксаваных фактаў прымянення лазерных указак і піратэхнічных вырабаў, металічных "вожыкаў" і іншых прадметаў, спецыяльна прызначаных для прычынення цялесных пашкоджанняў і пашкоджання маёмасці, не ўстаноўлена.
Па меркаванні абароны, адбываецца падмена паняццяў "масавых мерапрыемстваў" і "масавых беспарадкаў".
У судзе так і не быў дапытаны ключавы сведка Юрый Васкрасенскі, на пісьмовыя паказанні якога ўпірае пракурор.
"Абвінавачванне хоча выставіць Ярмолава ініцыятарам набыцця ўказак. Пры гэтым пытанне лазерных указак паўстала толькі 11 жніўня, якому папярэднічалі два дні пратэстных акцый, абмеркаванне падзей, што выклікала крайнюю ступень узбуджэння і эмацыйных перажыванняў", - падкрэсліла абаронца Ігара.
Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка
Таксама не былі даказаныя і абгрунтаваныя матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці, якімі нібыта кіраваліся палітвязні.
Офіс Лаўрыненкі нельга называць штабам, бо ён сам запрасіў усіх жадаючых туды прыходзіць, каб адпачыць і пагутарыць. Нават следства не характарызавала офіс як штаб. Абмеркаванні там як указак, так і іншых прадметаў - запальніц, петард - гэта таксама крайняя ступень узбуджэння маладых людзей: яны жартавалі, што характарызуе агульны іх эмацыйны стан, але не можа з'яўляцца доказам намеру матэрыяльна забяспечыць масавыя беспарадкі.
Доказам фактаў навучання асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках маглі б служыць індывідуальныя або калектыўныя заняткі з меркаванымі ўдзельнікамі, дзе паказваюць, як знішчаць або пашкоджваць маёмасць, прымяняць гвалт супраць грамадзян або прадстаўнікоў улады. Але абвінавачаныя гэтага не рабілі.
Маскі, берушы, пальчаткі, кепкі, а таксама накаленнікі, якія былі канфіскаваныя ў Ярмолава дома, з'яўляюцца сродкамі індывідуальнай абароны, і таксама не могуць быць доказамі забеспячэння і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пры гэтым хлопцы перасоўваліся адкрыта па горадзе, былі ў паўсядзённым адзенні, не прадпрымалі мераў канспірацыі.
У арт. 1 Закона "Аб зброі", пазначана, што "зброя – гэта прылады і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паразы жывой ці іншай цэлі". А ўказкі не здольныя паражаць цэлі, яны не здольныя прычыніць цялесныя пашкоджанні або быць прыладай узброеннага супраціву.
Заключэнне ўрача-афтальмолага не з'яўляецца супярэчлівым, бо пракурор сам адзначыў, што з траўмамі органаў зроку ад уздзеяння лазерных прамянёў у тыя дні жніўня ніхто да дактароў не звяртаўся. Па словах Ярмолава, лазерныя ўказкі патрэбныя былі, каб адцягнуць увагу і выйграць час, каб уцячы. Ніякіх іншых мэтаў выкарыстання лазерных указак не было.
Шкоды абвінавачанымі нанесена не было, прыкмет агрэсіўных паводзінаў з іх боку не ўстаноўлена.
Што тычыцца просьбы пракурора аб канфіскацыі аўтамабіля KIA Рыа, то, на думку абароны, такія патрабаванні не адпавядаюць патрабаванням закона. Машына належыць маці Ярмолава, была набытая за яе грошы, з'яўлялася выключна сродкам перамяшчэння, у ёй не перавозілася нічога забароненага, не з'яўлялася сама сродкам здзяйснення злачынства.
Запрошанае пакаранне ў 5 гадоў пазбаўлення волі з'яўляецца не абгрунтаваным. На думку боку абароны, адсутнічае склад злачынства па ўсіх прад'яўленых артыкулах абвінавачвання, а адпаведна палітвязняў трэба апраўдаць.
Пракурор у рэпліках: "Папярэдняя змова – як толькі яны пачалі абмяркоўваць здзяйсненне злачынства, яна ёсць"
У рэпліках дзяржабвінаваўца Раман Бізюк сцвярджаў, што пазіцыя адвакатаў будуецца на тым, што ў Мінску не было масавых беспарадкаў, у той час як у абвінавачванні не прапісана, што беспарадкі былі. Там усяго толькі гаварыцца аб тым, што масавыя беспарадкі былі папярэджаныя сіламі супрацоўнікаў унутраных спраў.
"Не буду паглыбляцца ў падрабязную тэорыю, магу сказаць так: калі не было тэракту, то не можна казаць аб падрыхтоўцы названага злачынства".
Адносна ступені небяспекі ўказак пракурор адзначыў, што для вызначэння складу злачынства гэта не мае істотнага значэння, але ў той жа час указкі нават у першай катэгорыі могуць прычыняць шкоду здароўю пры пэўных умовах. Пра гэта казаў і судова-медыцынскі эксперт у судзе, які не выключаў магчымасць прычынення цялесных пашкоджанняў з дапамогай указак – апёку органаў зроку.
"Довады боку абароны, што, калі няма цялесных пашкоджанняў, няма і гвалту, не заснавана ні на нормах права, ні на чым.
Але калі ў дадзеным выпадку такім чынам прычыняецца гвалт і ў выніку магчыма прычыненне цялесных пашкоджанняў, гэтага цалкам дастаткова, гэта спосаб прымянення гвалту", – заявіў Бізюк.
Таксама, паводле яго слоў, навучанне і падрыхтоўка іншых асобаў абвінавачаным у віну не ставіцца, а іншае матэрыяльнае забеспячэнне заключаецца ў перадачы лазерных указак для далейшага ўдзелу грамадзянаў у мітынгах, і яно мела месца быць.
Што тычыцца матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, то калі ўсе абвінавачаныя самі тлумачылі, што яны там рабілі і па якой прычыне, яны менавіта гэтую акалічнасць ўкладвалі ў аснову.
"Я гэта бяру не з галавы або з паказанняў нават сведак, гэта вынікае як з праслушкі, так і з паказанняў абвінавачаных", – сказаў дзяржабвінаваўца.
Па яго словах, довад аб тым, што палітвязні не былі знаёмыя або малазнаёмыя між сабой, не з'яўляецца акалічнасцю, выключаючай іх дзеянні групай:
"Група – гэта сумесная дзейнасць. Папярэдняя змова – як толькі яны пачалі абмяркоўваць здзяйсненне злачынства, яна ёсць. Тое, што яны мала знаёмыя, як раз паказвае, што менавіта гэтыя абставіны з'яўляюцца рухаючай сілай іх згуртавання для далейшага здзяйснення злачынства".
Абаронца: "З такім жа поспехам можна сказаць, што, узяўшы ў рукі аловак, чалавек збіраецца здзяйсняць акт тэрарызму"
Адвакат Дзмітрыя Канапелькі ў рэпліках сказаў, што прыклад з тэрактам, які прывёў дзяржабвінаваўца, вельмі паказальны ў тым, што не можа быць выкарыстаны па гэтай справе.
"Так, Канапелька ўставіў тры батарэйкі ў тры лазерныя ўказкі, узяў і паклаў іх сабе ў заплечнік. Для чаго ён гэта зрабіў? Дзяржабвінаваўца спрабуе нас пераканаць у тым, што ён гэта зрабіў для здзяйснення масавых беспарадкаў. Але якія прыкметы ёсць, што гэтыя ўказкі павінны былі выкарыстоўвацца для масавых беспарадкаў?
Чаму тады не казаць, што гэтыя ўказкі павінны былі выкарыстоўвацца для здзяйснення акта тэрарызму? І чаму б не абвінаваціць яго [Канапельку – заўв. рэд.] у тэрарызме? Чаму б не абвінаваціць яго ў мэце звяржэння ўлады?"
Далей адвакат растлумачыў, што існуе іерархія вызначэння супрацьпраўных дзеянняў:
- несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – гэта калі людзі проста сабраліся на тратуары і выказваюць сваё стаўленне да палітычных падзей;
- дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак – калі чалавек выйшаў на праезную частку і перагарадзіў рух транспарту;
- гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – калі чалавек узяў і кінуў палку ў міліцыянта;
- масавыя беспарадкі – дзеянні, якія прадугледжваюць падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў;
- вышэй ідзе тэрарызм.
Бок абароны задаецца пытаннем, зыходзячы з прыведзенай іерархіі, якія ёсць доказы таго, што Канапелька ўзяў указку і збіраўся здзейсніць масавыя беспарадкі? І чаму немагчыма сцвярджаць, што ён збіраўся выйсці ў горад для таго, каб папляскаць у далоні і выказаць сваю незадаволенасць вынікамі абвешчаных выбараў?
"Мы кажам аб тым, што, калі чалавек бярэ указку, неабходна ўказаць мэту яе выкарыстання, а для масавых беспарадкаў мэта – гэта падпал, пагром, гвалт, знішчэнне маёмасці, ўзброены супраціў.
Як можна сцвярджаць аб спробе здзяйснення масавых беспарадкаў з дапамогай ўказкі, па якой ёсць заключэнне НАН, дзе гаворыцца аб тым, што яна няздольная нанесці шкоду, і ёсць тлумачэнні спецыяліста – ўрача-афтальмолага, што прычыненне шкоды выключаецца ад ўздзеяння бытавой указкай, а само МУС ў сваім лісце сцвярджае, што былі проста скапленні грамадзянаў, якія пераходзілі ў дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Таму тое, валодае ўказка прыкметамі зброі ці не – мае прынцыповае значэнне. І яно ўплывае на тое, ці можа ўказка быць сродкам або доказам таго, што планавалася здзяйсненне масавых беспарадкаў. Калі мы гаворым пра тое, што ўказка не здольная прычыніць гвалт ні ў якім выглядзе і не здольная быць выкарыстана ва ўзброенным супраціве, то немагчыма казаць пра тое, што чалавек збіраўся здзяйсняць масавыя беспарадкі.
З такім жа поспехам можна сказаць, што, узяўшы ў рукі аловак, чалавек збіраецца здзяйсняць масавыя беспарадкі або акт тэрарызму".
На думку адваката, неабходна даказаць таксама і тое, што злачынства было спынена ці не даведзена да канца па незалежных ад боку абставінах. Пры гэтым у судзе высветлілі, што ў кожнае з трох месцаў правядзення акцый, дзе знаходзіліся абвінавачаныя, праз 30-40 хвілін прыязджалі сілавікі. Фігуранты крымінальнай справы знаходзіліся сярод пратэстоўцаў, у іх была магчыма раздаваць указкі, але яны гэта не рабілі, таму што не хацелі.
"Не манеўраныя атрады, аб якіх кажа дзяржабвінаваўца, перашкаджалі раздачы указак, а тое, што сам чалавек не збіраўся іх раздаваць. Таму не было ніякага спынення злачынства. У лепшым выпадку гэта адмова ад здзяйснення злачынства, што не цягне крымінальную адказнасць", – падкрэсліў абаронца.
28 траўня чакаюцца выступы палітвязняў з апошнім словам.
Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. |
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс