viasna on patreon

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

2021 2021-05-18T11:25:26+0300 2021-05-18T11:55:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_svaboda_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ціханоўскі. Фота: svaboda.org, Уладзь Грыдзін

Сяргей Ціханоўскі. Фота: svaboda.org, Уладзь Грыдзін

Год таму, у траўні 2020-га, у Беларусі стартавала выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта. Да выбараў-2020 многія падыходзілі даволі скептычна ў сувязі з першай хваляй пандэміі COVID-19 і фактычна выпаленым палітычным полем з-за масавых парушэнняў правоў чалавека падчас папярэдніх электаральных кампаній па выбарах кіраўніка дзяржавы.

Аднак шмат хто не змог і блізка прадказаць, якую рэакцыю ў грамадстве выкліча з'яўленне на палітычнай арэне новых фігураў, якія заявяць пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Менавіта смелыя і актыўныя крокі новых асобаў у палітыцы паказалі, што беларусы гатовыя да перамен. Адзіным супраціўнікам гэтых перамен з'яўляецца да гэтага дня рэпрэсіўны апарат дзяржавы, які дэманстратыўна парушае правы ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і тых, хто выступае за дэмакратычныя змены ў краіне.

На фоне акцый пад назвай «кармленне галубоў» вясной мінулага года і інтэрв'ю Сяргея Ціханоўскага з простымі беларусамі, улады ў момант сталі пераследаваць прыхільнікаў руху «Краіна для жыцця». Праз некалькі тыдняў самога Ціханоўскага ў выніку правакацыі затрымаюць сілавікі, карыстаючыся крымінальным пераследам для яго ізаляцыі і поўнага выключэння з выбарчага працэсу.

Амаль год Сяргей Ціханоўскі ўтрымліваецца пад вартай па палітычна матываванаму абвінавачанню. 5 траўня Генпракуратура паведаміла аб перадачы яго крымінальнай справы ў суд. 12 траўня стала вядома, што крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага разгледзіць Гомельскі абласны суд.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» напярэдадні пачатку працэсу над палітвязнем успамінае храналогію парушэнняў правоў Сяргея Ціханоўскага, фігуру якога ўлады «падстрэлілі» на ўзлёце, не даўшы яму браць удзел у выбарчай кампаніі ні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты, ні ў якасці кіраўніка выбарчага штаба Святланы Ціханоўскай.

Улады парушылі права Ціханоўскага на ўдзел у выбарах

6 траўня мінулага года супрацоўнікі АМАПа затрымалі Сяргея Ціханоўскага на трасе недалёка ад Магілёва, куды ён накіроўваўся для сустрэчы са сваімі падпісантамі. На наступны дзень стане вядома, што блогера адправілі адбываць 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, якая прайшла яшчэ ў снежні 2019 года. Пастанова была вынесена судом яшчэ 10 студзеня 2020 года, аднак улады вырашылі адправіць Ціханоўскага на суткі ў самым пачатку выбарчай кампаніі.

Доўгі час да Сяргея Ціханоўскага не пускалі адваката ў ізалятар, з-за чаго ён не змог своечасова падпісаць заяву на рэгістрацыю ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду Прэзідэнта і яго ініцыятыўнай групы. Яго жонка Святлана Ціханоўская паспрабавала падаць такія дакументы па даверанасці, але Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Ціханоўскаму было адмоўлена ў рэгістрацыі па матывах таго, што на заяве адсутнічае яго асабісты подпіс. Пасля гэтага рашэнне аб ўдзеле у выбарах прыняла Святлана Ціханоўская, якая зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу пад кіраўніцтвам мужа.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначыла, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага неправамерная, бо ўлады самі стварылі ўсе ўмовы, каб пазбавіць яго магчымасці рэалізаваць права на ўдзел у выбарах. Дзеянні ўладаў выглядалі як спецаперацыя па нейтралізацыі блогера ў якасці удзельніка выбарчага працэсу.

Адвольнае затрыманне блогера ў Гродне

29 траўня мінулага года Сяргей Ціханоўскі як кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай праводзіў пікет па зборы подпісаў за яе вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты. Для збору подпісаў выбарцаў атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання не патрабуецца, калі гэта робіцца ў месцах, не забароненых выканкамам.

Шматлікія стрымы з месца падзей дазваляюць зрабіць выснову: парушэння грамадскага парадку не адбывалася, паколькі грамадзяне, што сабраліся, спакойна стаялі ў чарзе перад сталамі, дзе збіраліся подпісы. Чэргі грамадзянаў не пацягнулі спынення транспарта і не перашкаджалі працы ўстаноў.

Спроба жанчыны, якая падышла да Ціханоўскага, стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце, і наступнае ўмяшанне міліцыі з дэманстрацыйным паданнем на асфальт участковага міліцыянера, рэакцыя на інцыдэнт дзяржСМІ, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што сілавікі скарысталі правакацыю, якая відавочна дэманструе адвольнасць затрымання блогера.

МУС і Следчы камітэт хутка адрапартавалі аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага ўзбуджаная крымінальная справа аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама аб гвалце над міліцыянерамі з мэтай перашкаджэння іх законнай дзейнасці. З паведамлення Генпракуратуры аб перадачы справы ў суд стане вядома, што артыкул аб гвалце ў дачыненні да міліцыянераў знікне з абвінавачання Ціханоўскага.

Міжнародна-прававы стандарт права на свабоду і асабістую недатыкальнасць прадугледжвае, што адвольным з'яўляецца затрыманне і ўзяцце пад варту ў сувязі з мірным ажыццяўленнем права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў.

З прычыны відавочнасці парушэння гэтых правоў Сяргей Ціханоўскі з моманту затрымання прызнаны палітвязнем праваабарончай супольнасцю Беларусі, якая запатрабавала яго неадкладнага вызвалення. Аўтарытэтная міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сяргея Ціханоўскага вязнем сумлення і запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення блогера.

Агучаныя следчым камітэтам канчатковыя абвінавачанні сведчаць аб тым, што Сяргей Ціханоўскі абвінавачваецца ў крымінальным злачынстве выключна ў сувязі з выказваннем поглядаў па грамадска-палітычных пытаннях і за рэалізацыю свайго права на свабоду сходаў. Пазбаўленне волі за ажыццяўленне сваіх асноўных правоў, у прынцыпе, непрымальна ў міжнароднай практыцы, тым больш, калі словы не прыводзяць да непасрэдных рэальных пагроз.

«Рашэнне» па Ціханоўскім прымаў Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка напачатку кампаніі па выбарах неаднаразова выказваўся пра сваіх апанентаў. З яго публічных выказванняў ідзе адназначная выснова: рашэнні аб затрыманні Сяргея Ціханоўскага, аб пачатку яго крымінальнага пераследу прымаліся не ў прававым полі, а па непасрэдным указанні прэзідэнта.

Яшчэ 29 траўня, у дзень затрымання Ціханоўскага ў Гродне, А. Лукашэнка наведаў з працоўным візітам Мінскі трактарны завод. Падчас камунікавання з працоўным калектывам прадпрыемства ён назваў свайго апанента «шалудзівым» і прадказаў затрыманне Ціханоўскага, якое адбылося ўжо праз некалькі гадзін.

Праз месяц, 28 чэрвеня, выступаючы на закрытым сходзе актыву Мінскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка выкажацца і пра тое, што менавіта ён і быў ініцыятарам крымінальнага пераследу Ціханоўскага. Тады Лукашэнка заявіць: «Так, я даў сігнал з Ціханоўскім». Фрагменты сустрэчы былі паказаны ў «Галоўным эфіры» на «Беларусь 1».

10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. На сустрэчы са сваімі апанентамі ён сказаў Сяргею Ціханоўскаму: «Палітыка — брудная справа, што, ідучы ў палітыку, вы павінны былі быць гатовыя, што вам могуць падкінуць грошы, учыніць правакацыю, як у Гродне, ці пасадзіць у турму». Ён проста сказаў, што ад яго залежыць, сядзець палітвязням ці не. Што тыя, хто будзе «супрацоўнічаць», выйдуць. Падчас гэтай сустрэчы Ціханоўскаму далі зразумець, што яго выпусцяць з-пад варты не хутка.

Такім чынам, відавочна, што ініцыятарам узяцця пад варту і крымінальнага пераследу заснавальніка YuoTube-канала «Краіна для жыцця» выступіў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Такое ўмяшанне ўлады не сумяшчальна з прыняццем законных працэсуальных рашэнняў у прававым полі і дазваляе зрабіць выснову аб прадузятых адносінах да асобы блогера і яго крымінальным пераследзе з боку праваахоўных органаў.

Пазней, у снежні мінулага года, у інтэрнэце з'явіцца запіс прамовы Юрыя Караева, былога міністра ўнутраных спраў, у якой, як сцвярджаюць тыя, хто яе апублікаваў, высокапастаўлены сілавік кажа пра Ціханоўскага. МУС не выступала з абвяржэннем таго, што голас не належыць Юрыю Караеву. Змест запісу пацвярджае, што рашэнне аб затрыманні Ціханоўскага не мае нічога агульнага з падставамі, прадугледжанымі ў законе: «Няма на яго артыкула – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць!».

Судовая праверка законнасці затрымання і ўзяцце пад варту не адпавядае міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы

Сяргей Ціханоўскі на працягу года ўтрымліваецца пад вартай, аднак такая працягласць відавочна немэтазгодная. З моманту ўзяцця пад варту і за ўвесь час папярэдняга расследавання орган расследавання не прыводзіў дадзеных аб тым, што ён можа ўяўляць небяспеку для грамадства, уцячы або аказваць ціск на сведкаў, якія праходзяць па крымінальнай справе.

Беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае, што ўзяцце пад варту санкцыянуецца пракурорам і ім жа падаўжаецца, не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, у адпаведнасці з якімі такія рашэнні мае права прымаць толькі судовая ўлада.

У беларускай практыцы пры абскарджанні ўзяцця пад варту і падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у судовым паседжанні абвінавачаны не прысутнічае, не маючы магчымасці высоўваць аргументы ў сваю абарону, а само паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме.

У выніку, Сяргей Ціханоўскі аніразу за год свайго зняволення не паўстаў перад судом пры рашэнні пытанняў, звязаных з правамернасцю яго ўзяцця пад варту, што несумяшчальна з міжнародным абавязальніцтвамі дзяржавы стварыць неабходныя ўмовы для таго, каб кожная арыштаваная па крымінальным абвінавачанні асоба ў тэрміновым парадку дастаўлялася да суддзі.

Жорсткае абыходжанне і катаванні ў дачыненні да палітвязня ў СІЗА

З моманту, калі беларускія ўлады ізалявалі Ціханоўскага, на яго сталі аказваць ціск, выкарыстоўваючы даўно вядомы інструментар адміністрацыі месца зняволення ў выглядзе злоўжывання правамі на прымяненне дысцыплінарных спагнанняў да зняволеных і выкарыстання нефармальных адносінаў у асяроддзі зняволеных для стварэння невыносных умоў.

У чэрвені, пасля таго, як палітвязня змясцілі ў СІЗА на Валадарскага, да яго ўжылі два спагнанні. Першае спагнанне наклалі, калі ён знаходзіўся ў звычайнай камеры, за парушэнне рэжыму. Другое спагнанне – за дрэннае прыбіранне памяшкання: паводле слоў Ціханоўскага, у камеры пад трохмятровай столлю супрацоўнікі СІЗА знайшлі павуцінне. За гэта Ціханоўскаму далі па сем сутак у карцары – памяшканні для адзіночнага знаходжання, дзе былі створаныя ўмовы, не сумяшчальныя з мінімальнымі стандартамі абыходжання са зняволенымі, якія падпадаюць пад крытэры жорсткіх і бесчалавечых.

Сяргей Ціханоўскі абскардзіў зняволенне ў карцар, аднак разгляд скаргі праходзіў у закрытым пасяджэнні ў парушэнне прынцыпу галоснасці. Суд адмовіў у задавальненні скаргаў палітвязня. Пасля гэтага Ціханоўскага яшчэ на чацвёра сутак змясцілі ў карцар за «няголенасць».

Падчас утрымання Ціханоўскага ў СІЗА-1 паступалі звесткі аб ўжыванні ў дачыненні да яго маральных катаванняў. Так, пасля выхаду з карцара зняволеныя ў ранейшай камеры адмовіліся знаходзіцца з палітвязнем, паколькі ў СІЗА была распаўсюджана інфармацыя аб тым, што нібыта блогер мае «нізкі сацыяльны статус».

Ціханоўскаму сказалі, што ён павінен аспрэчыць інфармацыю пра свой статус, а менавіта, каб нехта са злачыннага свету звонку пацвердзіў, што гэта не так. У той жа час, абавязак па абароне правоў зняволенага ляжыць на адміністрацыі СІЗА, і менавіта яна павінна была спыніць падобнае абыходжанне. Аднак ніякай інфармацыі пра рэакцыю прадстаўнікоў улады на дадзены інцыдэнт не было агучана.

Праваабаронцы адзначалі, што дзеянні, якімі Ціханоўскаму прычыняюцца маральныя пакуты, каб атрымаць ад яго звесткі ці прызнанні, пакараць за праяўленую актыўнасць на старце выбарчай кампаніі, запалохаць яго ці яго жонку, якая вылучылася кандыдатам у прэзідэнты, калі гэтыя пакуты прычыняюцца па падбухторванні службовых асобаў, з іх ведама ці маўклівай згоды, – з'яўляюцца катаваннем.

Прэзумпцыя невінаватасці на Ціханоўскага не распаўсюджваецца

У перыяд расследавання крымінальнай справы на афіцыйным сайце Следчага камітэта апублікаваны артыкул «Як распальвалася варожасць: у СК расказалі дэталі па справе С.Ціханоўскага».

У матэрыяле сцвярджаецца аб тым, што С.Ціханоўскі распрацоўваў і рыхтаваў план па арганізацыі вулічных беспарадкаў у Мінску падчас прэзідэнцкіх выбараў-2020. Як расказаў першы намеснік начальніка ГСК Следчага камітэта Аляксандр Агафонаў, «абвінавачаныя каля года актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй вулічных беспарадкаў у Беларусі».

Прадстаўнік СК таксама сцвярджае пра тое, што «ідэалогіяй арганізацыі беспарадкаў з'явілася распальванне Ціханоўскім і яго суўдзельнікамі […] сацыяльнай варожасці ў краіне. Вызначана, што Ціханоўскі ў ютуб-канале «Краіна для жыцця» і аднайменным тэлеграм-канале адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, сваімі выказваннямі распальваў сацыяльную варожасць ў грамадстве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці».

Аляксандр Агафонаў расказвае: «Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Вядома, што ў траўні мінулага года Ціханоўскі перашкодзіў працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, пагражаючы Старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай, а таксама публічна заклікаючы ўварвацца ў яе дом».

У афіцыйнай крыніцы прыводзіцца і заўчасная ацэнка наступстваў ад дзеянняў фігуранта крымінальнай справы: «Улічваючы той факт, што шкода ад дзеянняў Ціханоўскага і набліжаных да яго асобаў склала больш за тры з паловай мільёны рублёў, на маёмасць і грашовыя сродкі абвінавачаных накладзены арышт, у тым ліку на знойдзеныя ў Ціханоўскага больш за 900 тысяч даляраў».

Праз паўтара месяцы дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» выпусціў прапагандысцкі фільм «Пераважная меншасць»: зваротны бок «Краіны для жыцця» Ціханоўскага», у якім ад імя канала і прадстаўніка органа расследавання даецца прадузятая ацэнка тым дзеянням, якія ставяцца ў віну палітвязню, фактычна заяўляючы пра яго вінаватасць яшчэ да пачатку судовага разбіральніцтва.

Стандарт прэзумпцыі невінаватасці прадугледжвае, што ўсе дзяржаўныя органы і сродкі масавай інфармацыі абавязаны ўстрымлівацца ад прадвызначэння выніку судовага разбіральніцтва, напрыклад, не публікаваць заявы, у якіх сцвярджаецца пра вінаватасць абвінавачанага. Існасць прэзумпцыі невінаватасці палягае ў тым, што чалавек лічыцца невінаватым, пакуль абвінаваўчы прысуд не ўступіць ў сілу.

Дэманстрацыйнае парушэнне прыватнасці камунікацыі з адвакатам

Аб тым, што прыватнасць гутарак Ціханоўскага са сваім адвакатам знаходзіцца пад вялікім пытаннем, стала зразумела ў кастрычніку 2020 года, калі Сяргей Ціханоўскі паведаміў абаронцам, што на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ яму ўспомнілі змест прыватнай гутаркі з адвакатам і што ў карцар у чэрвені яго змясцілі за тое, што ён сказаў у гэтай гутарцы [пра малодшага сына прэзідэнта Колю].

Пазней Сяргей Ціханоўскі ў адным з лістоў напіша:

«Ён [Лукашэнка - заўв. рэд.] сказаў, што хацеў выпусціць мяне пасля выбараў і выкінуць са Светай за мяжу, але, праслухаўшы маю гутарку з адвакатам у СІЗА, дзе я казаў пра тое, што нельга дараваць і абавязкова трэба прыцягнуць да адказу сям'ю дыктатара, «дэпутатаў» і прыкарытнікаў, ён пасадзіў мяне ў карцар».

Пацверджанне «праслухоўвання» з'явілася пад канец красавіка 2021 года: на тэлеканале АНТ у фільме «Забіць прэзідэнта» быў паказаны фрагмент камунікавання Сяргея Ціханоўскага са сваім адвакатам, дзе палітвязень выказаўся пра малодшага сына Лукашэнкі Колю.

Сам факт праслухоўвання гутаркі з адвакатам, тым больш наданне яе агалосцы, парушае права на прыватнае камунікаванне з адвакатам, а фактычна права на абарону абвінавачанага, якое не можа быць абмежавана ні пры якіх умовах.

Парушэнне права на суд без неапраўданай затрымкі або на вызваленне

Праваабарончы цэнтр «Вясна» звяртаў увагу на тое, што не менш сумнеўна з пункту гледжання закона выглядае выстаўленне новых, больш цяжкіх абвінавачанняў для зацягвання знаходжання абвінавачаных па палітычна матываваных справах пад вартай па заканчэнні магчымасці працягваць утрыманне пад вартай па першапачатковым абвінавачанні.

29 лістапада мінулага года ў Сяргея Ціханоўскага мінаў шасцімесячны тэрмін утрымання пад вартай па абвінавачанні ў здзяйсненні менш цяжкіх злачынстваў: арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і перашкаджэнні працы Цэнтральнай рэспубліканскай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў (нібыта пагрозы ў адрас Лідзіі Ярмошынай).

Па дадзеных артыкулах фігуранта крымінальнай справы пасля шасцімесячнага зняволення патрэбна адпускаць або накіроўваць яго справу на разгляд у суд. Да гэтага моманту ўлады выставілі палітвязню новае абвінавачанне, па якім яго можна ўтрымліваць пад вартай да 18 месяцаў.

Такія дзеянні органаў расследавання парушаюць права ўзятага пад варту быць асуджаным без неапраўданай затрымкі або быць вызваленым з-пад варты.

Парушэнне права на абарону і на справядлівае судовае разбіральніцтва

«Справа Ціханоўскага» ўжо скончылася вынясеннем абвінаваўчых прысудаў у дачыненні да некаторых яе фігурантаў, паплечнікаў блогера па канале «Краіна для жыцця», а таксама тых, хто быў затрыманы разам з палітвязнем 29 траўня мінулага года.

Прысуд блогеру Уладзіміру Няронскаму ўжо ўступіў у законную сілу – напачатку красавіка Мінскі абласны суд разгледзеў яго апеляцыйную скаргу. Уступленне ў законную сілу абвінаваўчых прысудаў па справах, дзе фігуруе Сяргей Ціханоўскі і маецца юрыдычная ацэнка судом дзеянняў, у тым ліку і Ціханоўскага, цягне прэюдыцыю.

Прысуд па іншай крымінальнай справе, які ўступіў у законную сілу, абавязковы для органа, што вядзе крымінальны працэс, пры справаводстве па крымінальнай справе ў дачыненні як вызначаных акалічнасцяў, так і іх юрыдычнай ацэнкі.

Такім чынам, Гомельскі абласны суд пры разглядзе справы ў дачыненні да Ціханоўскага абавязаны прыняць без праверкі доказаў факты, раней вызначаныя ўступіўшым у законную сілу прысудам па іншых справах, якія былі вылучаныя з агульнай крымінальнай справы і разгледжаныя судамі.

Нагадаем, што падчас разгляду крымінальнай справы Уладзіміра Няронскага адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку Сяргея Ціханоўскага ў якасці сведкі ў суд. Суддзя адхіліў хадайніцтва, бо, наколькі яму вядома, «Ціханоўскі адмаўляецца даваць сведчанні па ўсіх эпізодах».

Неабходнасць для суда ўжываць правіла аб прэюдыцыі спараджае немагчымасць для абароны аспрэчыць факты і іх юрыдычную ацэнку падчас разгляду крымінальнай справы. Фактычна пры такіх умовах губляецца любы сэнс даказваць невінаватасць Ціханоўскага па артыкуле аб грубым парушэнні грамадскага парадку.

Такім чынам, у дадзенай частцы абвінавачання падрываецца права Сяргея Ціханоўскага на абарону і права быць асуджаным у сваёй прысутнасці, што з'яўляецца парушэннем стандарта справядлівага судовага разбіральніцтва.

«Дасудовыя» высновы па абвінавачанні Сяргея Ціханоўскага

Такім чынам, папярэдняе расследаванне крымінальнай справы Сяргея Ціханоўскага суправаджалася парушэннем шэрагу яго правоў, якія Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязанне выконваць у рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пакт):

  • Права не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню (арт. 7 Пакта)
  • Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць (п. 1 і 3 арт. 9 Пакта)
  • Права на справядлівае судовае разбіральніцтва (п. 1 арт. 14 Пакта)
  • Прэзумпцыя невінаватасці (п. 2 арт. 14 Пакта)
  • Права на прыватнае камунікаванне з адвакатам (падпункт b п. 3 арт. 14 Пакта)
  • Права на абарону (падпункт d п. 3 арт. 14 Пакта)
  • Права на свабоднае выказванне меркаванняў і на мірныя сходы (арт. 19 и 21 Пакта)
  • Права на ўдзел у кіраванні дзяржавай з дапамогай удзелу ў выбарчай кампаніі (арт. 25 Пакта)

Такі вялікі «набор» парушэнняў асноўных правоў Сяргея Ціханоўскага дазваляе ўжо зараз заявіць аб тым, што акалічнасці яго крымінальнага пераследу не сумяшчальныя са стандартамі правоў чалавека, у тым ліку з правам на справядлівае судовае разбіральніцтва, што з відавочнасцю звязана з палітычным матывам яго пераследу з боку аўтарытарнай улады прэзідэнта, якая страціла сваю легітымнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства