Суд над палітвязнем Няронскім: Агучаны матэрыялы СМІ, якія нібы падцвярджваюць, што ў Беларусі былі дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак
Суд Лагойскага раёна 20 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за відэаролікі на ютуб-канале "Слуцк для жизни". Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі "незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах" у некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Гродне 29 траўня, дзе затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета, хаця ў гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў "суткі". Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судовым працэсам і распавядае пра чацвёрты дзень суда над палітвязнем Уладзімірам Няронскім.
У пачатку судовага пасяджэння суддзя Рыбакоў пацікавіўся ў Няронскага, як ён сябе адчувае і ці не скардзіцца ён на ўмовы ўтрымання. Уладзімір сказаў, што ўжо прывык — "нармальна".
"Па гэтых адрасах праходзіць Ціханоўскі, таму і мне будуць іх інкрымінаваць"
У віну Няронскаму ставіцца здзяйсненне злачынства, прадугледжанае арт. 342 Крымінальнага кодэкса, не толькі ў Мазыры, Брэсце, Гродне, Слуцку, дзе ён здымаў і мантаваў свае відэаролікі "Слуцк для жизни", ездзіў з Ціханоўскім у паездкі, і дзе адбывўся пікет 29 траўня, а таксама па адрасах у Гомелі, садовым таварыстве "Путь" Гомельскай вобласці, у Мінск па праспекту Пераможцаў і Незалежнасці. Называюцца канкрэтныя адрасы кватэраў і дамоў. Суддзя паспрабаваў на чацвёрты дзень суда высвятліць, чаму менавіта гэтыя адрасы ставяцца ў віну абвінавачанаму. Няронскі паспрабаваў адказаць суду:
"Следчы сказаў, што па гэтых адрасах праходзіць Ціханоўскі, таму і мне будуць іх інкрымінаваць. Я так зразумеў. Я па гэтых адрасах ні разу не быў. А па дому праспект Незалежнасці, 137 я неяк забіраў Ціханоўскага, але ў самой кватэры не быў.
Каб вы разумелі, я ні аднаго пратакола не чытаў. А сэнс? Я яшчэ не чуў такога, каб гэта камусьці дапамагло. Я следчаму сказаў, што гэта будзе на яго сумленні".
Па словах Няронскага, відэаролікі па гэтых адрасах ён не мантаваў. Уладзімір тлумачыў падчас следства, што ўсе свае ролікі ён загружаў у дарозе.
Віну па арт. 342 КК цалкам не прызнае, а па арт. 369 КК — прызнае
Уладзімір Няронскі на судзе яшчэ раз заявіў, што віну па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) цалкам не прызнае. Уладзімір пацвердзіў, што менавіта ён здымаў і мантаваў 15 ролікаў "Слуцк для жизни".
"Але я не прызнаю тыя абвінавачванні, якія мне напісалі ў матэрыялах крымінальнай справы".
Віну па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) Няронскі цалкам прызнаў.
Дзяржабвінаваўца Аляксандр Ляўковіч заявіў хадайніцтва аб вывучэнні і далучэнні да справы матэрыялаў з сеткі-інтэрнэт, якія нібыта пацвярджаюць, што ў Беларусі перад і падчас выбараў сапраўды мелі месца дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
"Так можна асудзіць любога чалавека, які здзейсніць злачынства ў будучыні".
Пракурор Ляўковіч зачытаў наступныя артыкулы:
- TUT.BY: «Молодежный блок» устроил свою репетицию парада: активисты несли гроб
- NN.BY: В Бобруйске все же прошел «антипарад» сторонников Сергея Тихановского
- grodnonews.by: Драка на площади в Гродно. Сборщик подписей и некоторые его сторонники задержаны
- "Российский диалог": В Бобруйске протесты против парада в Минске: ОМОН задерживает людей и грузит в автозаки
- newsbel.by: В Бобруйске задержали участников антипарада протеста
- euroradio.fm: Задержание участников "Антипарада" в Бобруйске: они ехали колонной по городу
- TUT.BY: «Мнение простых людей никого не волнует». В Бобруйске автомобилисты устроили «антипарад протеста»
- "Бобруйский курьер": Акция «Антипарад» в Бобруйске: «Беларуси нужны перемены, нельзя больше всё это терпеть»
- auto.onliner.by: В Бобруйске прошел протестный «антипарад»
- reform.by: В Бобруйске прошел антипарад протеста
- TUT.BY: Задержание Тихановского и «нападение на милиционера» в Гродно
- auto.onliner.by: Как протесты в Минске повлияли на работу общественного транспорта
- таксама матэрыялы bobruisk.online, news.21.by і іншых інфармацыйных рэсурасаў.
Ва ўсіх агучаных матэрыялах на 23 лісты пра "Антыпарад" у Бабруйску і пікет у Гродне ні разу не прагучала прозвішча Няронскага. Адвакат і сам Няронскі былі супраць далучэння гэтых матэрыялаў да крымінальнай справы, але суддзя ўсё роўна іх далучыў.
Адвакат заявіў хадайніцтва па прычыне таго, што прозвішча "Ціханоўскі" вельмі часта гучыць на працэсе і ў матэрыялах справы, аб выкліке Сяргея Ціханоўскага на суд Няронскага. Суддзя адхіліў хадайніцтва, бо, наколькі яму вядома, Ціханоўскі адмаўляецца ад дачы паказанняў па ўсіх эпізодах.
"Я калі б ведаў, што будзе такое, то я бы сам маўчаў", — адрэагаваў на гэта Уладзімір Няронскі.
На гэтым судовае следства па справе Уладзіміра Няронскага скончылася.
"Я сяджу, каб вас не садзілі"
"Мяне павінны былі 12 снежня выпусціць. Мне следчы сказаў, што не мае права мяне затрымліваць, але, калі выпусціць, то мяне ўсё роўна затрымаюць па якой-небудзь іншай прычыне. Ён мне сказаў, каб я раней траўня не думаў пра волю. Ён ужо ведае пастанову суда! Дык хай хоць пасцельную бялізну памяняюць — 2 месяцы не мянялі. Да холаду я ўжо прывык.
Давайце так, спадар пракурор, Вы едзеце ў маю "хату", дзе я сяджу, возьмеце матэрыялы, пасядзіце, паглядзіце, а мяне адпускайце пад падпіску. Я даю слова мужыка! Вось бачыце? Няхай увесь свет гэта бачыць, хутчэй паглядзяць", — кажа Уладзімір Няронскі.
На працэс прыехала маці Уладзіміра. Ён ёй сказаў перад развітаннем:
"Я сяджу, каб вас не садзілі".
У судзе абвешчаны перапынак. Судовыя спрэчкі бакоў па справе Няронскага прызначаны на 29 студзеня.
Падрабязнасці папярэдніх судовых паседжанняў над Уладзімірам Няронскім:
Першы суд па “справе Ціханоўскага”. У Лагойску судзяць палітвязня Уладзіміра Няронскага
Суд над палітзняволеным блогерам "Слуцка для жизни" Уладзімірам Няронскім працягваецца
"Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі!" Трэці дзень суда на палітвязнем Няронскім