Справаздача па маніторынгу перадвыбарных пікетаў 31 траўня ў Мінску Фота

2020 2020-06-04T11:51:00+0300 2020-06-08T12:02:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pikety_31.05_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

31 траўня ў Мінску адбыўся мірны сход у выглядзе пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі

Вынікі:

  1. Сход насіў мірны характар ​​(калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асоб.
  2. У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, паколькі яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
  3. Перашкод у працы СМІ і назіральнікаў не зафіксавана.
  4. Мірны сход праводзіўся ў рамках выбарчага заканадаўства.
  5. Мелі месца затрыманні удзельнікаў/-ніц сходу, як на месцы правядзення, так і па дарозе да месца правядзення. Не менш за 4 чалавекi атрымалі адміністрацыйны арышт (15 сутак ва ўсіх вядомых выпадках) за ўдзел у мірным сходзе 31 траўня 2020.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна праходзіць збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Збіраць подпісы (патрабуецца сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў паўналетніх грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам) могуць члены зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Згодна з Выбарчым кодэкам збор подпісаў можа праходзіць у форме пікетаў. Пры гэтым, падчас збору подпісаў забаронена агітацыя і раздача любых матэрыялаў, дапушчальна толькі прадастаўленне інфармацыі аб біяграфіі прэтэндэнта. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі вызначаны месцы, дзе забаронена правядзенне пікетавання для збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Часцей за ўсё гэта цэнтральныя плошчы, вакзалы, тэрыторыі паблізу праваахоўных органаў. Аднак у цэлым, месцы для пікетавання шматлікія і размешчаны па ўсім горадзе (напрыклад, у Мінску).

29 траўня ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі. Затрыманне адбылося пасля відавочна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы. Інцыдэнт, які папярэднічаў затрыманню, трансляваўся дзяржаўнымі СМІ. 30 траўня стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя.

У сацыяльных сетках з'явіўся заклік сабрацца 31 траўня ў 12.00 на пікеты па зборы подпісаў па ўсёй краіне. У Мінску правядзенне пікетаў анансавалася на плошчы перад Камароўскім рынкам. У гэты дзень на гэтым месцы праводзілі свае пікеты па зборы подпісаў наступныя прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты – Святлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Вольга Кавалькова, Валерый Цапкала.

Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 3 назіральніка/ніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаны адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/цы праводзілі маніторынг выбарчага пікету з 11.50 па 15.40. Падчас дадзенага назірання адзначаны наступныя факты:

  1. У 11.50 на плошчы насупраць Камароўскага рынку сабралася не менш за 260 чалавек. Яны выстройваліся ў чаргу, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Чарга выцягнулася ў бок станцыі метро пл. Якуба Коласа. На плошчы былі выстаўлены стэнды Андрэя Дзмітрыева і Віктара Бабарыка, а таксама палаткі са стэндамі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. На плошчы гучала песня “Разбуры турмы муры”.

  2. У 12.40 на пляцоўцы каля Камароўскага рынку, а таксама ў чарзе, якая расцягнулася да ўваходу на станцыю метро пл. Якуба Коласа, налічвалася не менш за 1640 чалавек. На плошчы перад рынкам знаходзіліся два чалавекі з плакатамі памерам А4, на адным з іх адлюстравана фота Сяргей Ціханоўскага з подпісам “Свабоду ўсім рэпрэсаваным! Свабоду актывістам! Свабоду Ціханоўскаму!”, на другім плакаце намаляваны перакрэсленыя значкі тэлевізійных каналаў “Беларусь 1”, “АНТ”, “НТВ” і надпіс “No pasaran, Хопіць марнаваць мільёны на хлуслівую прапаганду”.

  3. У 12.50 чарга расцягнулася ад плошчы каля Камароўскага рынку да перасячэння вуліц Якуба Коласа і Кульман. У СМІ з'явілася інфармацыя, што па дарозе на пікет па зборы подпісаў быў затрыманы Мікалай Статкевіч.
  4. У 13.20 на плошчы перад Камароўскім рынкам, а таксама ў чарзе да перасячэння вуліц Якуба Коласа і Кульман знаходзілася не менш за 2100 чалавек, што з'яўлялася максімальнай колькасцю людзей за час маніторынгу.

  5. У гэты прамежак часу таксама быў зафіксаваны плакат А4 з надпісам “Свабоду Ціханоўскаму”, які знаходзіўся на дзіцячым вазку. Было заўважана 3 супрацоўніка ў цывільным, двое з іх праводзілі відэаздымку ўдзельнікаў пікету з дапамогай ручной камеры. 
  6. Па вуліцы Якуба Коласа два супрацоўнікі ДАІ спынялі і складалі адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да кіроўцаў, якія сігналілі ў падтрымку людзей на пікетах. Назіральнікамі зафіксавана не менш за 3 падобныя факты, у адным з выпадкаў вядома аб прызначэнні кіроўцу штрафу ў памеры 5 базавых велічынь. 

  7. У 14.20 колькасць людзей у пікеце і ў чарзе паставіць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатаў скарацілася, назіральнікі/-цы налічылі не менш за 1700 чалавек. Таксама былі зафіксаваныя яшчэ тры супрацоўнікі органаў унутраных спраў у цывільным. На плошчы з'явіўся плакат на дрэўцы з надпісамі: “Тапачная рэвалюцыя. Зямлю - арабам. Парламент - Шлюхам!”. Таксама на плакаце была намаляваная карыкатура на Аляксандра Лукашэнку з надпісамі “Спынім злачынца. Абвінавачваецца ў асабліва небяспечных злачынствах. Асабліва небяспечны”. З'явіўся стэнд Мікалая Казлова.

  8. У 14.30 супрацоўнік міліцыі ў форме, у суправаджэнні двух супрацоўнікаў АМАПа ў форме, паведаміў праз мегафон, што дадзенае мерапрыемства расцэньваецца як несанкцыянаваны мітынг, і папрасіў удзельнікаў разысціся. У адказ людзі выкрыквалі “Ганьба” і “Свабоду”.
  9. У дварах каля Камароўскага рынку было зафіксавана 7 мікрааўтобусаў з таніраванымі вокнамі, якія належаць праваахоўным органам, з людзьмі, якія знаходзіліся ўнутры, недалёка ад месца збору подпісаў таксама знаходзіўся адзін аўтазак і 3 машыны ДАІ. За час маніторынгу былі зафіксаваныя не менш за 12 супрацоўнікаў у грамадзянскай форме адзення, 1 супрацоўнік у форме міліцыі, 2 супрацоўнікі АМАП у форме, 5 супрацоўнікаў ДАІ.

  10. За час назірання таксама была зафіксавана наступная атрыбутыка: 7 бела-чырвона-белых сцягоў, 1 бела-чырвона-белы сцяг з выявай герба Пагоня, 2 сцягі грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, 2 чырвоныя сцягі з выявай герба Пагоня, некалькі джэмпераў і кепак з надпісамі “Страна для жизни”, салатавая камізэлька з надпісам “Стоп Таракан". Гучалі песні ДДТ-“Свобода", Сплин-“Моё сердце остановилось”. Гучалі таксама лозунгі “Стоп Таракан", “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”, “Выпускай”, “Сыходзь”, “Жыве Беларусь”. Плакат памерам А4 з надпісам “Людзі! Прачытайце кнігу нябожчыка Паўла Шарамета "Выпадковы прэзідэнт". Ці не беларускія спецслужбы забілі яго за гэтую кнігу?”.

  11. На мірным сходзе працавалі прадстаўнікі СМІ, такіх як Белсат, Радыё Свабода, Deutsche Welle і іншых.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);

  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі\-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі\-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;

  • не перашкаджаць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання з дапамогай затрыманняў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Органам судовай улады:

  • не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў, паколькі гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства і адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства