ГУБАЗіК не прымаў удзелу ў налёце на анархістаў пад Крупкамі?

2018 2018-07-18T14:30:51+0300 2018-07-18T15:25:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gubop.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтак сцвярджаецца ў адказе Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй на скаргу былога палітвязня Мікалая Дзядка, якога 30 чэрвеня разам з іншымі актывістамі пратрымалі супрацоўнікі міліцыі на каленях пад дажджом на працягу пяці гадзінаў у лесе пад Крупкамі.

“Па сутнасці довадаў, прыведзеных у звароце, тлумачыцца, што па інфармацыі, якая маецца ў ГУБАЗіК МУС, 30.06.2018 года супрацоўнікі Крупскага РАУС на тэрыторыі ляснога масіву, размешчанага побач з г. Крупкі Мінскай вобласці, праводзілі мерапрыемства, накіраваныя на выяўленне і спыненне супрацьпраўных дзеянняў.

У сувязі з тым, што супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС удзелу ў вышэйназваных мерапрыемствах не прымалі, разгляд звароту аб неправамерных, па Вашаму меркаванню, дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў не адносіцца да кампетэнцыі ГУБОПіК”, - адзначаецца ў адказе за подпісам часова выконваючага абавязкі начальнікага ГУ Алега Ларына.

На падставе гэтых высноваў ГУБАЗіК прыняў рашэнне пакінуць зварот Мікалая Дзядка без разгляду па сутнасці, і паведаміў, што актывіст можа звярнуцца ў Крупскі РАУС для вырашэння пастаўленых пытанняў, а пры нязгодзе з рашэннем - абскардзіць яго ў судовым парадку. 

Таксама актывіст накіроўваў скаргу ў Следчы камітэт па Мінскай вобласці, які прасіў правесці праверку законнасці дзеянняў супрацоўнікаў Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР) і ГУБАЗіК, узбудзіць крымінальную справу за перавышенне службовых паўнамоцтваў і прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.

Аднак СК 9 ліпеня перанакіраваў скаргу Мікалая Дзядка ў Міністэрства ўнутранных спраў. Між іншым, у адказе адзначаецца, што прызначана службовая праверка ў частцы нязгоды актывіста з дзеяннямі супрацоўнікаў Крупскага аддзелу СК.

І зноў, атрымаўшы перасланую скаргу ад СК, ГУБАЗіК адказаў актывісту, што яго паўторны зварот быў уважліва разгледжаны, прыведзеныя факты ў папярэднай скарзе не падцвердзіліся, а Міколе Дзядку быў ужо дадзены матываваны адказ. А так як у другой скарзе не прыводзіцца ніякіх новых абставінаў, якія б мелі значэнне для разгляду яго па сутнасці, сама яна прызнана безпадстаўнай і пакінута без разгляду.

Мікалай Дзядок лічыць, што такім чынам супрацоўнікі ГУБАЗіК дэманструюць сваю баязлівасць і нежаданне прызнаць, што налёт у лесе ўчынілі менавіта яны.

dziadok_prew.jpg“ГУБАЗіК не хоча адказваць за цалкам беззаконныя ўчынкі. Менавіта таму супрацоўнікі гэтага ўпраўлення апранулі маскі і таму ж не прызнаюць нават таго, што там былі. Замест гэтага скінулі ўсю адказнасць на малодшых калегаў.

Калі паглядзець аб'ектыўна: супрацоўнікі Крупскага РАУС у цывільнай вопратцы і масках камандуюць СОБРаўцамі, казыраюць сваім веданнем анархічных суполак, пытаюцца за маё асабістае жыццё - гэта нават прадставіць смешна”, - кажа актывіст.

Нагадаем, Мікалай Дзядок 30 чэрвеня ўдзельнічаў у нефармальнай анархісцкай сустрэчы ў лесе пад Крупкамі, якая была жорстка разагнаная спецназам. Сам Мікола правёў пяць гадзінаў пад дажджом з рукамі, закутымі ў кайданкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства