Спецназ разагнаў анархісцкую сустрэчу пад Крупкамі
Анархісты вырашылі арганізаваць сустрэчу на прыродзе, але яе сарваў спецназ пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў у цывільным, пішуць naviny.by.
Гэта адбылося 30 чэрвеня. Як распавёў Naviny.by адзін з відавочцаў Аляксандр Казлянка, каля 20 анархістаў сабраліся ў лесе пад Крупкамі, каб абмеркаваць розныя пытанні і пагутарыць. Прыкладна каля чатырох гадзін дня раздалася аўтаматная чарга, з-за дрэў выскачыў САХР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання) разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Усіх павалілі тварам у зямлю. Затым анархістаў ставілі на калені і прасілі на камеру назваць свае дадзеныя. Сярод затрыманых быў былы палітвязень Мікалай Дзядок. Яго трымалі ў кайданках. Увесь гэты час не спыняўся дождж.
Пазней на месца прыбыў ляснічы, супрацоўнікі Крупскага РАУС і Следчага камітэта. Яны правялі ператрус у палатках, узялі тлумачэнні і канфіскавалі літаратуру, каб правесці экспертызу. На двух удзельнікаў сустрэчы склалі адміністрацыйныя пратаколы: за незаконнае выдаленне расліннасці і аб экстрэмісцкіх матэрыялах.
Каля дванаццаці гадзін ночы апошнімі з'ехалі супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Усім уручылі позвы з'явіцца 6 ліпеня ў Крупскае РАУС у якасці сведак па справе аб экстрэмісцкіх матэрыялах.
«Нас каля пяці гадзін пратрымалі з рукамі за галавой на каленях, нічога не тлумачачы, адмаўляючыся адказваць на пытанні і называць свае дадзеныя. Яны толькі абвінавачвалі нас у высечцы дрэў для вогнішча. На пытанні, ці часта яны прыязджаюць з такой нагоды ў лес, яны адказвалі, што мы - не дурныя хлопцы і павінны самі ўсё разумець, што гэта другарадная прычына, а першарадная - зусім іншая. Я ўспрымаю іх дзеянні як неадэкватную рэакцыю на мірны сход», - сказаў Аляксандр Казлянкі.