Праваабаронца Алег Мацкевіч: За высокім бетонным плотам масавае мерапрыемства не правядзеш

2018 2018-01-26T10:09:57+0300 2018-01-26T14:33:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mackevich4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алег Мацкевіч

Праваабаронца Алег Мацкевіч

Барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў чарговую скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай апратэставаць рашэнне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту ад 13 ліпеня 2010 г. № 851 “О порядке проведения массовых мероприятий в Борисовском районе” як неадпаведнае дзеючаму заканадаўству.

Гэта ўжо не першая скарга, якая накіроўваецца праваабаронцам у пракуратуры розных узроўняў, у тым ліку ў Генеральную пракуратуру. Але станоўчых вынікаў пакуль няма.

У скарзе А. Мацкевіч указвае, што пункт 1 рашэння № 851 Барысаўскага выканкаму, які вызначае адзіным месцам правядзення масавых мерапрыемстваў невялікую тэрыторыю за заходняй трыбунай цэнтральнага гарадскога стадыёну, супярэчыць нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закону Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 114-З “О массовых мероприятиях в Республике Беларусь”, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што змест такіх тэрмінаў, як мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаванне, вызначаных ў арт. 2 Закону “О массовых мероприятиях в Республике Беларусь”, утрымлівае крытэрый публічнасці. Між тым, месца, усталяванае для правядзення масавых мерапрыемстваў рашэннем № 851 Барысаўскага райвыканкаму, крытэрыям публічнасці не адпавядае, таму як агароджана высокім бетонным плотам з усіх бакоў і знаходзіцца ў аддаленні ад месцаў масавай прысутнасці грамадзян.

Пункт 1 рашэння Барысаўскага выканкаму № 851 абмяжоўвае карыстанне правам на мірныя сходы ў Барысаўскім раёне. Гэтае абмежаванне не адпавядае патрэбам дэмакратычнага грамадства, не можа быць аргументаванае з пункту гледжання інтарэсаў дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя й маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Таксама праваабаронца ставіць пытанне аб праве на мірныя сходы жыхараў іншых населеных пунктаў Барысаўскага раёну. Відавочна, што адзінае месца ў раёне, якое знаходзіцца ў горадзе Барысаве, дыскрымінуе іх у магчымасці рэалізаваць права на мірны сход. А. Мацкевіч звяртае ўвагу, што плошча Барысаўскага раёну раўняецца 2987.63 км2. Гэта больш чым плошча сямі эўрапейскіх краінаў: Люксембургу, Андоры, Мальты, Ліхтэнштэйну, Сан-Марына, Манака, Ватыкану. Але на ўвесь Барысаўскі раён выканаўчы камітэт вызначыў адно месца, дзе грамадзяне могуць праводзіць мірныя сходы. На думку праваабаронцы Алега Мацкевіча, гэта ганебны й абуральны факт.

Раней А. Мацкевіч дамогся адмены  неканстытуцыйных, на яго думку, патрабаванняў барысаўскай улады да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, якія тычыліся парадку заключэння дамоў з рознымі арганізацыямі па забеспячэнні масавага мерапрыемства. Іншымі словамі, арганізатарам, якія заявілі пра сваё жаданне правесці масавае мерапрыемства, не трэба больш разам з заявай у райвыканкам прад'яўляць дамовы з міліцыяй, медыцынскай службай і ЖКГ. Заключыць дамову і аплаціць паслугі можна ў дзесяцідзённы тэрмін пасля правядзення мерапрыемства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства