Мінінфарм заблакаваў сайт "Беларускі партызан"

2017 2017-12-15T15:49:20+0300 2017-12-15T15:55:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belpartyzan_zabarona.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Выява з сайту baj.by

Выява з сайту baj.by

У паведамленні Міністэрства інфармацыі гаворыцца, што рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org ("Беларускі партызан") было прынята 14 снежня, піша БелаПАН

"У межах ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 511 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу belaruspartisan.org", — сказана ў паведамленні ведамства.

Рашэнне прынятае па выніках маніторынгу гэтага рэсурсу, які выявіў "сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі".

"На гэтым інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх утрымліваецца забароненая інфармацыя", — паведамляе Мінінфарм.

Ведамства звяртае ўвагу "ўсіх суб'ектаў інфармацыйнай сферы, у тым ліку прадстаўнікоў замежных СМІ, акрэдытаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на неабходнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі".

Пра праблемы з доступам да сайта "Беларускі партызан" інтэрнэт-карыстальнікі паведамлялі ўвечары 14 снежня.

"Рэдакцыя "Беларускага партызана" праверыла сайт Міністэрства інфармацыі Беларусі: ніякіх папярэджанняў нам ніхто афіцыйна не выносіў, распараджэнняў аб блакаванні нашага сайта таксама няма, апавяшчэнняў на электронную пошту мы не атрымлівалі", — гаварылася ў вячэрнім рэдакцыйным паведамленні.

Асноўныя інтэрнэт-правайдары ўжо заблакавалі сайт.

Напрыклад, кліентам «Белтэлекама» адлюстроўваецца паведамленне пра тое, што «рэсурс заблакаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі». Не могуць адкрыць сайт і карыстальнікі мабільным аператараў — МТС, «Велкома» і «Лайфа». Пры гэтым з-за мяжы ці з дапамогай ананімайзераў сайт адкрываецца без праблем.

"Беларускі партызан" — незалежны інфармацыйны рэсурс, створаны беларускім журналістам Паўлам Шараметам, які трагічна загінуў у Кіеве летам 2016 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства