Начальнік АУС затрыманай у Гродна: Інфармацыя не пацвердзілася, парушэнняў не выяўлена

2017 2017-11-27T18:10:06+0300 2017-11-28T13:49:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/oleg_karpushkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вера Чарняк была ў ліку затрыманых на лекцыі расійскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава ў Гродна, якая праходзіла 9 кастрычніка.

Па факце незаконнага затрымання, фатаграфавання і спробы дактыласкапавання, а таксама парушэння працэсуальных нормаў дзяўчына пры дапамозе юрыстаў ПЦ "Вясна" накіравала скаргу ў Пракуратуру г. Гродна. У ёй яна адзначала, што праз 20 хвілін ад пачатку лекцыі, у памяшканне ўварваліся супрацоўнікі АМАП, якія не прадстаўляліся і не тлумачылі прычын таго, што адбываецца, на пытанні пра тлумачэнні абставінаў затрымання адказвалі, што ўсе раскажуць ў РАУС.

Вера Чарняк падкрэслівала, што ў РАУС ва ўсіх затрыманых адабралі пашпарты, сталі выклікаць на апытанні, прымушалі фатаграфавацца і "адкатваць пальцы".

«Мне па-ранейшаму ніхто не казаў пра мае правы і абавязкі. Потым было апытанне, я даведалася, што, аказваецца, праходжу як сведка па адміністрацыйным правапарушэнні - удзел у несанкцыянаваным сходзе. Супрацоўнік органаў унутраных спраў, які мяне апытваў - таксама не прадставіўся - раздрукаваў мае паказанні і даў на подпіс. Потым яшчэ пару разоў адводзілі рабіць дактыласкапію, але я зноў адмовілася», - распавяла дзяўчына.

Вера Чарняк адмаўлялася і фатаграфавацца, аднак ёй прыгразілі, што прыцягнуць да адказнасці за непадпарадкаванне, і яна сфатаграфавалася. Толькі праз пяць гадзін дзяўчыну і іншых затрыманых адпусцілі з РАУС.

У скарзе дзяўчыну прасіла правесці пракурорскую праверку, даць ацэнку жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню ў адносінах да яе з боку супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні і ўтрымлівання ў АУС Ленінскага раёна г. Гродна, а таксама прымусовай дактыласкапіі і фатаграфаванню, і прыцягнуць вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці.

Аднак, адказ даў начальнік АУС Ленінскага раёна г. Гродна Алег Карпушкін, які на пастаўленыя ў скарзе пытанні ўказаў, што Вера Чарняк была затрыманая і дастаўленая ў АУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па гэтым факце ў АУС быў пачаты адміністрацыйны працэс па арт. 17.11 КаАП - «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць», а дактыласкапічная рэгістрацыя праводзілася ў адпаведнасці з арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі".

Начальнік АУС Ленінскага раёна г. Гродна Алег Карпушкін
Начальнік АУС Ленінскага раёна г. Гродна Алег Карпушкін

«Інфармацыя, выкладзеная вамі ў заяве, у частцы нетактоўных зносін супрацоўнікаў АУС, а таксама адмова ў прадастаўленні сваіх ўстаноўленных дадзеных супрацоўнікамі міліцыі, а таксама не тлумачэнні Вам правоў і абавязкаў не знайшла свайго аб'ектыўнага пацверджання.

Супрацоўнікі міліцыі пры дастаўленні Вас у аператыўна-дзяжурную частку, дзейнічалі згодна з нарматыўна-прававымі актамі, якія рэгламентуюць дзейнасць супрацоўнікаў МУС, прадастаўленне для азнаямлення з якімі абмежавана. Парушэнняў дзеючага заканадаўства ў дадзенай часткі з боку супрацоўнікаў міліцыі не ўстаноўлена», - напісаў напрыканцы ў сваім адказе Алег Карпушкін.

Таксама ён звярнуў увагу, што ў цяперашні час падрыхтоўка справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду па арт. 17.11 прыпыненая на час правядзення экспертызы, а пра прынятае рашэнне па ім Веры Чарняк будзе паведамлена дадаткова.

Юрыстка ПЦ “Вясна” Наста Лойка падкрэслівае, што такая практыка ў выпадку абскарджання затрымання з’яўляецца рэгулярнай, калі супрацоўнікі міліцыі раптам "знаходзяць" пратакол, пра які раней размовы не вялося.

“Так у дадзеным выпадку пасля затрымання людзям не патлумачылі, што гэта адміністрацыйны працэс і якія ў іх ёсць правы і абавязкі. Іх таксама не знаёмілі з пратаколам адміністрацыйнага правапарушэння. І ў дадзеным выпадку дактыласкапію можна было б зрабіць толькі ў выпадку, калі суд вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 арт. 17.11 КаАП, паколькі толькі там прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Таму адказ з АУС выглядае адпіскай з імітацыяй "законнасці", - кажа праваабронца.

Нагадаем, у Гродна ў "Цэнтр гарадскога жыцця" 9 кастрычніка на сустрэчу з расійскім гісторыкам, філосафам і даследчыкам анархізму Пятром Рабаў брутальна ўварвалася міліцыя.

Усяго было затрымана 16 чалавек, шэсць з іх адмовіліся здаваць адбіткі пальцаў, у тым ліку і Пётр Рабаў. У выніку ўсіх затрыманых адпусцілі.

На наступны дзень, у Баранавічах Пётр Рабаў быў затрыманы з актывістам Іллёй Сянько, які праводзіў лектара на цягнік. Пятра Рабава асудзілі на шэсць сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля адбыцця пакарання выслалі з краіны тэрмінам на 10 гадоў. На актывіста Ільлю Сянько міліцыя працягвае аказваць ціск.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства