viasna on patreon

Кандыдаты-“чатырохтысячнікі” – хто яны?

2016 2016-08-16T11:07:08+0300 2016-08-16T11:32:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/4000podpisau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдаты ў дэпутаты ідуць у народ агітаваць, а незалежныя назіральнікі па Мінску дзеляцца ўражаннямі ад убачанага падчас папярэдніх этапаў. Іх назіранні дазваляюць намеціць “фаварытаў” па некаторых выбарчых акругах.

У Мінску са 131 вылучанага прэтэндэнта кандыдатамі было зарэгістравана 117. Сярод іх два экс-кандыдата ў прэзідэнты - Таццяна Караткевіч і Віктар Цярэшчанка, а таксама першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі і яго сын Алег Гайдукевіч.

Пры гэтым назіральнікі адзначаюць, што ўжо ёсць своеасаблівыя “фаварыты” па акругах, якія нібыта сабралі каля 4 000 подпісаў у сваю падтрымку.

Так, у Партызанскай акруговай выбарчай камісіі №110 такім “фаварытам” з’яўляецца галоўны ўрач “Бальніцы паліятыўнага дагляду “Хоспіс” Вольга Мычко, якая сабрала 4 121 подпіс, аднак 10,5% з іх прызналі несапраўднымі. Яна найбольш актыўна выстаўляла пікеты, у тым ліку і на прыступках паліклінік.

Акрамя гэтага пра яе пісалі хвалебныя публікацыі ў інтэрнэт-выданнях “Вячэрні Мінск” і СМІ Беларусі яшчэ падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам.

А пасля рэгістрацыі былі заўважаныя сябры яе ініцыятыўнай групы, якія раздавалі матэрыялы ў вышымайках і пад сцягам БРСМ.

Зафіксаваная і “прыхаваная” агітацыя за Вольгу Мычко: на сайтах адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска і газеты “Вячэрні Мінск” з’яўляліся публікацыі без указання кандыдата, але з яе фотаздымкамі.

Яшчэ адна галоўны ўрач “Рэспубліканскага навучна-практычнага цэнтру атарыналарынгалогіі” Людміла Макарына-Кібак таксама нібыта назбірала больш за 4 000 подпісаў выбаршчыкаў. Пры гэтым выбарчая камісія па Грушаўскай акрузе №99, дзе зарэгістравана кандыдатка, адзначыла, што “неабходная колькасць подпісаў была вынята і праверана, усе подпісы бездакорныя”.

Запаветную лічбу – больш за 4000 подпісаў – назбіраў і Віталь Місявец, які вылучаецца па Дамброўскай акрузе №103. Ён з’яўляецца старшынёй Фрунзенскай раённай арганізацыі “Белай Русі”, памочнік дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксея Кузьміча, дэпутат Мінгарсавета 27 склікання. Яго ініцыятыўнай група складаецца са 110 чалавек, ён першым падаў заяўку на правядзенне сустрэч з выбарцамі.

А тым часам ГА “Белая Русь” прыняла стратэгію ўдзелу ў выбарчай кампаніі, дзе пятым пунктам пазначана, што пасля рэгістрацыі кандыдата, на этапе арганізацыі і правядзення агітацыі ў яго падтрымку “варта задзейнічаць патэнцыял пярвічак у арганізацыях, на прадпрыемствах, ва ўстановах і па месцы жыхарства (пярвічкі, створанныя пры КТГСах, ЖЭСах)”.

Неаднаразова з’яўляліся публікацыі на сайте агенцтва “Мінск-навіны”, а затым і на сайце Мінгарвыканкама пра дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя Шаўцова, які вылучаецца па Коласаўскай акрузе №106, дзе зарэгістравана больш за ўсё прэтэндэнтаў – 8 чалавек.

Пра дзеючага дэпутата Мінгарсавета Аляксея Сокала, што вылучаецца па Усходняй акрузе №107, пісалі як пра нераўнадушнага намесніка кіраўніка ААТ “ЦУМ Мінск” і актыўнага прадстаўніка РГА “Белая Русь”. А пры зборы подпісаў у яго падрымку ініцыятыўнай група выкарыстоўвала банэр вышэй за рост чалавека.

У той жа час, назіральнікі адзначаюць, што ў дзяржаўных інтэрнэт-выданнях не было ніводнай публікацыі пра апазіцыйнага кандыдата, а сабраць 4000 подпісаў і больш увогуле наўрад ці магчыма.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства