viasna on patreon

Жыхары Горак пратэстуюць супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла

2015 2015-09-06T08:35:33+0300 2015-09-06T08:35:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-budoulia-agit.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхары Горак пратэстуюць супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла “Смуткуючая маці”, дзе падчас Другой сусветнай вайны адбываліся расстрэлы мірных жыхароў і ваеннапалонных. У знак пратэсту супраць забудовы зялёнай зоны за помнікам, якое распачалося без усялякага грамадскага абмеркавання, жыхары навакольных дамоў распачалі збор подпісаў і арганізавалі агульны сход, паведамляе горацкая газета “УзГорак”.

Жыхары мікрараёна “Чаромушкі”, дзе знаходзіцца мемарыял “Смуткуючая маці”, выступаюць супраць пашырэння гаражнай забудовы ў зялёнай зоне, бо яны ўпэўненыя, што да гэтай пары не ўстаноўленыя дакладныя межы пахаванняў ахвяр Другой сусветнай вайны, якія былі расстраляныя ў гэтай частцы горада. Людзі лічаць, што акрамя Парка памяці тут не павінна быць ніякай забудовы.

Грамадзянамі была створана ініцыятыўная група і арганізаваны збор подпісаў пад зваротам у Горацкі райвыканкам. Таксама вечарам 31 жніўня каля месца будаўніцтва гаражоў быў арганізаваны сход, на якім людзі выказвалі свой пратэст супраць распачатага без усялякага грамадскага абмеркавання будаўніцтва. На сходзе прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама некаторыя з будучых уладальнікаў гаражоў. Старшыня Горацкага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў расказаў прысутным, што рашэнне аб будаўніцтве гаражоў каля помніка было прынятае да яго прызначэння на пасаду, і ён гатовы выслухаць аргументы бакоў, але ў больш спакойнай абстаноўцы, і запрасіў усіх зацікаўленых у вырашэнні канфлікта прыйсці да яго на прыём 9 верасня.

Галоўны рэдактар газеты “УзГорак” Галіна Будная адзначае, што ў 2011 годзе горацкія ўлады ўжо спрабавалі распачаць будаўніцтва гаражоў за помнікам смутку, але тады жыхары Горак здолелі адстаяць гэта месца, актыўна выказваючы свой пратэст і накіроўваючы звароты ў розныя інстанцыі. Тагачасны старшыня Горацкага райвыканкама прыняў рашэнне аб закладцы на пустуючай тэрыторыі парка, быў арганізаваны суботнік, удзельнікі якога пасадзілі маладыя дрэвы.

Да Вялікай Айчыннай вайны на месцы, дзе зараз размешчаны мемарыял “Смуткуючая маці”, быў сад вучэбнай гаспадаркі Беларускага сельскагаспадарчага інстытута. Падчас вайны гэты паўночны ўскраек горада Горкі стаў месцам расстрэлаў савецкіх грамадзян. Тут у дзевяці магілах памерам 6 на 8 метраў пахаваныя каля 2000 чалавек, паведамляе кніга “Памяць. Горацкі раён”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства