viasna on patreon

Ва ўчастковых камісіях Случчыны будзе толькі адзін прадстаўнік ад апазіцыі

2015 2015-08-27T11:40:46+0300 2015-08-27T11:41:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padlikgalasou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У склад 69 ўчастковых выбарчых камісій Случчыны ўключаны 712 чалавек, з якіх толькі адзін -- прадстаўнік апазіцыйнай структуры.

Усяго прадстаўнікі апазіцыі вылучылі на Случчыне 23 сваіх прадстаўнікоў. БНФ дэлегаваў 15 чалавек. Яшчэ 8 чалавек вылучаліся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Без тлумачэння прычын ніводнага з “бэнээфаўцаў” у склад выбарчых камісіяў уключана не было. Аднаму з сябраў БСДП(Г) удалося атрымаць месца ва ўчастковым выбаркаме. Аднак прычын адмовы 7 іншым прадстаўнікам гэтай партыі на паседжанні Слуцкага райвыканкаму ніхто прысутным не патлумачыў.

Агулам паседжанне па стварэнні 69 участковых выбаркамаў заняло 13 хвілін. Ніякага абмеркавання кандыдатур падчас паседжання не было, усе спісы былі падрыхтаваныя загадзя без якога-небудзь публічнага кантролю з боку грамадскасці. Па словах прадстаўнікоў Слуцкага райвыканкаму, у склад камісій уключаліся асобы з досведам такой працы ў мінулыя гады, а таксама тыя, хто ўмее працаваць з людзьмі, у камандзе і мае аўтарытэт у сваім працоўны калектыве. Як за такі кароткі тэрмін чыноўнікам удалося даведацца пра гэткія суб’ектыўныя навыкі і якасці сотняў прэтэндэнтаў у сябры выбарчых камісій, застаецца загадкай. Затое вядома, што значную частку з іх ужо традыцыйна складаюць чальцы розных праўладных арганізацыяў кшталту “Белай Русі”, БРСМ, Беларускага саюзу жанчынаў і рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў.

Варта адзначыць, што мясцовыя прадстаўнікі БНФ катэгарычна не пагадзіліся з неўключэннем у склад участковых выбарчых камісій і рыхтуюць з гэтай нагоды звароты ў суд.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства