viasna on patreon

Сайты райвыканкамаў Брэсцкай вобласці калі і паведмляюць пра збор подпісаў, дык толькі за дзеючага прэзідэнта

2015 2015-08-04T00:18:36+0300 2015-08-04T00:18:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lukashenka-fpb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Большасць інтэрнэт-старонак органаў выканаўчай улады ў рэгіёне даволі сціпла інфармуюць пра ход кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі і абмяжоўваюцца афіцыйнымі паведамленнямі пра стварэнне выбаркамаў на мясцовым узроўні.

Разам з тым, калі і змяшчаюцца навіны пра цяперашні этап выбарчай кампаніі (збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты), дык узгадваецца толькі прозвішча аднаго з прэтэндэнтаў. Так, паводле паведамлення на інтэрнэт-старонцы Драгічынскага райвыканкама, у краіне ідзе “акцыя” па збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым сайт інфармуе толькі пра тое, што ў раёне актыўна сябе паводзяць сябры ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта краіны, “бо для рэгістрацыі будучага кандыдата неабходна сабраць не менш 100 тысячаў подпісаў выбаршчыкаў”. Побач з паведамленнем змешчаны адпаведные фотаздымкі, а вось даведацца з афіцыйнай крыніцы пра тое, ці ёсць іншыя прэтэдэнты на прэзідэнцкую пасаду (акрамя Аляксандра Лукашэнкі), немагчыма.

Публікацыя на інтэрнэт-старонцы Івацэвіцкага райвыканкама увогуле мае загаловак, які адназначна сведчыць, што у раёне збор подпісаў ідзе толькі за дзеючага прэзідэнта на пікетах, арганізаваных мясцовымі актывістамі аб’ядання прафсаюзаў і РГА “Белая Русь”.

Аналагічны загаловак мае і публікацыя на сайце Лунінецкага райвыканкама, у якой узгадваюцца прозвішчы сябраў ініцыятыўнай групы гэтага прэтэндэнта і змешчаны адпаведныя фотаздымкі падчас пікетаў.

Пра збор подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі паведамляе і сайт Кобрынскага райвыканкама. Пры гэтым у публікацыі пазначаецца і месца пікета, дзе “амаль кожны дзень можна ўбачыць” актывістаў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” - каля кафэ “Лакомка”.

Ляхавіцкі райвыканкам змясціў на сваёй адмысловай старонцы ў Інтэрнэце нататку пра тое, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнню дзеючага прэзідэнта ўвайшлі прадстаўнікі “канструктыўных” грамадскіх аб’яднанняў – раённых арганізацый “Белая Русь”, БРСМ, прафсаюзаў. У публікацыі таксама пералічваюцца месцы, дзе ладзяцца пікеты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў саміх Ляхавічах, а таксама ў аграгарадках Навасёлкі і Жарэбкавічы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства