viasna on patreon

Мікалай Аўтуховіч абскарджвае запазычанасць па страхавых ўзносах за час знаходжання ў турме

2015 2015-06-02T11:06:48+0300 2015-06-02T11:44:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Мікалай Аўтуховіч. Фота Радыё Свабода.

Былы палітвязень і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч працягвае абскарджваць незаконныя дзеянні аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Ваўкавыскага раёна, які патрабуе ад яго сплаціць запазычанасць па абавязковых страхавых узносах у бюджэт, прадугледжаных для прадпрымальнікаў.

Запазычанасць у памеры 1 мільён 836 тысяч рублёў нібыта ўзнікла за перыяд з 27 лютага па 31 снежня 2014 года. Прычым, частку гэтага тэрміну Аўтуховіч знаходзіўся у турме, а пасля вызвалення, у пачатку чэрвеня быў працаўладкаваны, і гэты перыяд таксама ніяк не можа патрапляць пад падаткаабкладанне.

Але на падставе заведама недакладнай інфармацыі, якую прадставіў натарыусу Гродзенскай натарыяльнай акругі начальнік аддзела ФСАН Ваўкавыскага раёна Б. Каралевіч, аддзел прымусовага выканання Ваўкавыскага раёна вынес пастанову аб спагнанні запазычанасці па страхавых узносах і натарыяльнага тарыфу.

Напрыканцы красавіка 2015 года Мікалай Аўтуховіч падаў скаргу на незаконныя дзеянні у Гродзенскае абласное ўпраўленне ФСАН, аднак атрымаў фармальную адпіску, таму звярнуўся туды яшчэ раз.

У сваёй паўторнай скарзе Мікалай Аўтуховіч абгрунтавана даводзіць чыноўнікам, што не парушаў заканадаўства, паколькі прадпрымальніцкая дзейнасць прадугледжвае самастойную, ініцыятыўную дзейнасць зыходзячы з маёмасных і камерцыйных інтарэсаў, у адпаведнасці з нормамі закона Рэспублікі «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь». У адпаведнасці з указам Прэзідэнта № 40 і ўказа ў рэдакцыі № 87 ад 21 лютага 2014 года: «сума ўзносаў вылічаецца з вызначаных самім прадпрымальнікам даходаў...».

“Ва ўказе няма ні слова, што я, як прадпрымальнік, самастойна абавязаны выкарыстоўваць, ці шукаць нейкія іншыя крыніцы для выплат у ваш фонд. Ваша здагадка і патрабаванне аб тым, што мой статус прадпрымальніка, нават у турме, прыносіў мне нібыта даходы, з якіх я павінен ажыццяўляць выплаты ў Ваш фонд - гэта плён толькі вашай фантазіі, не заснаванай на законе. У Вашых патрабаваннях пазначаны спасылкі на Указы Прэзідэнта №№ 40 і 87, але там гаворка ідзе аб выплатах і разліках зробленымі прадпрымальнікам (мной) самастойна з даходаў. Але калі ніякіх даходаў няма, то і плаціць няма з чаго”, – слушна разважае прадпрымальнік.

– У такой сітуацыі, – заяўляе Мікалай Аўтуховіч, – дзе ж мне браць грошы, якія Вы патрабуеце? Можа, я павінен ісці красці або кагосьці рабаваць? Вы займаецеся вымагальніцтвам грошай з запалоханых прадпрымальнікаў, нагнятаючы яшчэ большую незадаволенасць народа. Заўтра да гэтых прадпрымальнікаў прыйдзе падатковая інспекцыя і спытае, дзе ж яны ўзялі грошы, выплачаныя фонду сацыяльнай абароны насельніцтва? І пакараюць за ўтойванне даходаў! З вашых патрабаванняў атрымліваецца менавіта так. Калі прадпрымальнік, не ажыццяўляе дзейнасць і  які не атрымлівае даходаў будзе плаціць у ФСАН, то ён аўтаматычна трапляе пад малаткі падатковай інспекцыі, а гэта проста абсурд!”.

У сувязі з гэтым Мікалай Аўтуховіч просіць Гродзенскае абласное ўпраўленне ФСАН прызнаць дзеянні начальніка аддзела ФСАН Ваўкавыскага раёна Каралевіча Б.В. па налічэнні яму запазычанасці па абавязковых страхавых узносах у бюджэт фонду за 2014 год у суме 1.836.000 рублёў незаконнымі, пастанавіўшы прызнаць адсутнасць запазычанасці за 2014 год.

Нагадаем, што згодна з прысудам суда 7 ліпеня 2006 г, калі прадпрымальнік быў зняволены першы раз на 3 гады і 6 месяцаў, Аўтуховічу было забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу 5 гадоў. 8 лютага 2009 г. яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі на 5 гадоў паводле артыкулу 295 частка 3. Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы тым, што быццам бы новае злачынства ён учыніў, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакарання.  Пры гэтым ваўкавыскія чыноўнікі памылкова сцвярджаюць, што гэты 5-гадовы тэрмін забароны на дзейнасць скончыўся яшчэ ў турме: “Менавіта з вясны 2009 года варта вылічаць тэрмін дадатковага пакарання. Заканчэнне тэрміну дадатковага пакарання, адпаведна павінна было наступіць у красавіку 2014 года. Паколькі ў копіі прысуду Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 06.05.2010, якая маецца ў нашым распараджэнні, няма ніякіх звестак аб дадатковым пакаранні ў выглядзе пазбаўлення права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.»

Але ж другі суд не адмяняў першапачатковае дадатковае пакаранне на забарону займацца прадрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 5 год, - сцвярджае Мікалай Аўтуховіч.

У частцы 4 артыкула 51 Крымінальнага кодэксу РБ “Пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю” дакладна зафіксавана, што “пры прызначэнні гэтага пакарання ў якасці дадатковага да арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую частку або пазбаўлення волі яно распаўсюджваецца на ўвесь час адбыцця асуджаным асноўнага пакарання і звыш таго - на тэрмін, усталяваны прысудам”.

Менавіта гэтага пункту і не заўважаюць у Ваўкавыску, прымушаючы яго аплочваць падатак. Пры гэтым чыноўнікі спасылаюцца на нормы Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь №87  ад 21 лютага 2014 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, дзе гаворыцца аб тым, што абавязковыя страхавыя ўзносы не выплочваюцца прадпрымальнікам, які афіцыйна спыніў сваю дзейнасць і быў выключаны з рэестру плацельшчыкаў падатку. Такой магчымасці ў Мікалая Аўтуховіча не было. Справа ў тым, што на прадпрымальніка судом у 2006 годзе былі дадаткова накладзеныя штрафныя санкцыі – да спагнання была прызначаная сума больш як на 350 мільёнаў рублёў, з чым ён катэгарычна не згодзен – а спыніць прадпрымальніцкую дзейнасць бе выплаты гэтай запазычанасці ён не мог.

Ад часу прыняцця Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь №87 у лютым мінулага года, даволі вялікая частка індывідуальных прадпрымальнікаў, якія фізічна спынілі сваю дзейнасць, але не аформілі ліквідацыю ІП па законе, змушаны выплочваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Прычым, па словах Аўтуховіча, у Ваўкавыску зараз гэта робіцца актыўна і масава, нібыта дзейнічае нейкі негалосны загад аб выкалочванні грошай у бюджэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства