viasna on patreon

Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротнае пакаранне Эдуарду Лыкаву

2014 2014-04-15T14:55:20+0300 2014-04-15T15:10:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eduard-lykau-court.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эдуард Лыкаў у Вярхоўным судзе

Эдуард Лыкаў у Вярхоўным судзе

Мужчыну абвінавацілі ў пяці забойствах. Першыя два ён здзейсніў яшчэ ў 2002. Але следства даведалася пра гэта толькі ў 2011, калі яго затрымалі ўжо за апошняе, пятае забойства. Лыкаў сам прызнаўся ў папярэдніх злачынствах і супрацоўнічаў са следствам.

 

Гісторыя пяці забойстваў

 

Эдуарду Лыкаву інкрымінавалі пяць забойстваў. Па матэрыялах следства, першыя два ён здзейсніў яшчэ у 2002 годзе - пасля застолля разгарэўся канфлікт, у выніку якога ён забіў свайго былога сукамерніка і яго маці. 

За гэта злачынства пакаралі ні ў чым невінаватага чалавека – сваяка загінулых Міхаіла Гладкага. Яго абвінавацілі ў забойстве брата Віктара, нібыта з помсты за тое, што той забіў маці. Міхаіла пазбавілі свабоды на 8 год. За кратамі ён прабыў пяць год, пасля яшчэ год і сем месяцаў адбыў на выпраўленчых працах. Пра тое, што ён невінаваты, яму паведамілі ў лістападзе 2013 года, пасля рашэння Мінскага абласнога суда, паводле якога сапраўдным забойствам прызналі Эдуарда Лыкава.

Яго затрымалі ў верасні 2011. Напярэдадні ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам быў забіты 74-гадовы жыхар. Па матэрыялах справы, паміж забітым і абвінавачаным узнікла сварка, завязалася бойка, падчас якой Эдуард Лыкаў нанёс знаёмаму некалькі ўдараў металічнай трубой.  

 

Менавіта пасля затрымання за гэтае забойства Лыкаў пачаў даваць паказанні і па іншых здзейсненых злачынствах.

 

Першыя два забойствы, як было сказана, ён здзейсніў у 2002. Наступнае - у 2004 годзе - забіў каханка сваёй сужыцельніцы, мяркуемы матыў - рэўнасць. Ён расчляніў цела забітага і закапаў яго ў лесе ў раёне вёскі Новая Гожа, што пад Гродна. Адметна, што гэтае злачынства не фігуравала ў зводках міліцыі. І каб у 2011 Лыкаў сам не прызнаўся, цела забітага наўрад ці б знайшлі.

 

Нерасследаваным заставалася і чацвёртае забойства. У 2011 Лыкаў пазбавіў жыцця саму сужыцельніцу з Новай Гожы. Па словах абвінавачанага, ён нанёс ёй два ўдары нажом, а пасля зацягнуў на шыі кавалак тканіны. Цела забітай ён пакінуў у ванне яе дома, прыкрыўшы анучамі. Тыдзень пасля гэтага Лыкаў працягваў знаходзіцца ў гэтым жа памяшканні. Заўважым, што ён падтрыліваў з ёй сувязь як мінімум з 2004, то бок каля сямі год. Але чамусьці яго не прыцягнулі ні ў якасці сведкі, ні ў якасці падазраванага па гэтай справе.

 

Такім чынам, паміж першым забойствам і затрыманнем Эдуарда Лыкава прайшло ажно дзевяць гадоў. Пра ўсе чатыры злачынствы ён сам распавёў следству, калі яго “ўзялі” за апошняе, пятае забойства.

 

На судзе мужчына патлумачыў, што калі знаходзіўся ў Гродзенскай турме, пачаў сустракацца з каталіцкім святаром. Пасля гэтага пераасэнсаваў сваё жыццё і вырашыў ва ўсім прызнацца і пакаяцца.

 

Судовае разбіральніцтва па справе

 

У лістападзе 2013 Мінскім абласным судом Лыкаву вынесены смяротны прысуд. Абвінавачаны падаў касацыйную скаргу, у якой даводзіў, што віну сваю не адмаўляе, але мае змякчаючыя абставіны – раскаяўся, супрацоўнічаў са следствам.

 

Старэйшы пракурор аддзела Генпракуратуры Ірына Дударава, выступаючы ў судзе, адзначыла, што следства ўлічыла змякчаючыя абставіны і адпаведна з імі Эдуарду Лыкаву вынесена справядлівае пакаранне – выключная мера праз расстрэл.

 

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда адзначае: “Лыкаву вынеслі самае жорсткае пакаранне, якое толькі магчыма ў нашым крымінальным заканадаўстве. І пры гэтым абвінаваўца кажа, што былі ўлічаныя змякчаючыя абставіны. Але чалавека нельга расстраляць тры разы. Таму фраза пракурора паказвае або яе некампетэнтнасць, або проста здзеклівае стаўленне. Думаю, Эдуард Лыкаў паведаміў следству пра папярэднія чатыры злачынствы не толькі з-за сустрэчаў са святаром. У такіх сітуацыях праваахоўчыя органы заўсёды заклікаюць супрацоўнічаць, даваць як мага больш падрабязныя паказанні, абяцаючы, што гэта пасля паўплывае на вырак – ён будзе больш мяккім. А што выйшла з Лыкавым? Не прызнай ён сябе вінаватым яшчэ ў чатырох забойствах, яго б маглі асудзіць толькі за адно. І гэта не быў бы расстрэл. Таму такія дзеянні праваахоўчых і судовых органаў могуць прывезці да таго, што людзі не будуць супрацоўнічаць са следствам”.

 

Крыніцы паведамляюць, што касацыйную скаргу Эдуард Лыкаў пісаў сам. За час ягонага знаходжання ў СІЗА ў яго змянілася тры адвакаты. Апошні, які прадстаўляў справу ў Вярхоўным судзе, - Аляксандр Клюкач. За ўсё судовае паседжанне ён прамовіў толькі, што скаргу падабароннага падтрымлівае, а больш яму няма чаго дадаць. Пазней Клюкач адмовіўся адказаць і на пытанні журналістаў. “Па гэтай справе я нічога не каментую”, - заявіў ён.

 

Новыя дэталі злачынстваў Лыкава

 

Затое Лыкаў паведаміў у Вярхоўным судзе дадатковыя факты, якія дагэтуль не былі вядомыя грамадскасці.

 

Напрыклад, пасля забойства маці і сына Гладкіх ён пакінуў на сцяне надпіс крэйдай: “Знайдзі мяне і забі”. Нагадаем, што па гэтай справе ў 2003 асудзілі другога сына, Міхаіла Гладкага, які нібыта з помсты забіў свайго брата.

 

Ці стаў бы ён пакідаць пасля сябе такі надпіс у доме маці? Ці супаставіла следства почырк надпіса з почыркам Міхаіла? А ці былі прааналізаваныя па крымінальнай базе знойдзеныя адбіткі пальцаў на месцы злачынства (Лыкаў на той момант быў неаднаразова судзімы)? Ці звярнула ўвагу следства на тое, што Віктар Гладкі, паводле экспертызы, суткі як быў памерлым, калі па ягоным целе ў адчаі наносіў удары брат Міхаіл? Пытанні гэтыя застаюцца пакуль без адказу.

 

Відавочна, што калі б у 2002 годзе следства было праведзена належным чынам, Эдуард Лыкаў панёс бы адказнасць за забойства двух асоб яшчэ з дзесяць год таму. І не змог бы забіць наступных трох асоб. Міхаіл Гладкі таксама б не быў незаконна пакараны.

 

Але калі б у 2011 Эдуард Лыкаў не прызнаўся, што за ім яшчэ чатыры забойствы, Гладкі так і застаўся б у статусе вінаватага. Цяпер ён – пацярпелы і можа разлічваць на кампенсацыю ад дзяржавы, якая вынесла яму несправядлівае пакаранне.

 

Ці будзе Лыкаў прасіць прашэнне аб памілаванні?

 

У судзе Лыкаў, дарэчы, адзначаў, што падчас допыту яму нярэдка давалі алкаголь, ведаючы пра ягоную залежнасць. А часам збівалі, каб ён актыўней супрацоўнічаў са следствам. Ці будуць расследаваць гэтыя факты, невядома.

 

На судзе абвінавачаны сказаў, што падаў скаргу ў Вярхоўны суд, каб паспець сустрэцца ў траўні з дачкой, якая жыве за мяжой.

 

Па словах праваабаронцаў, яны не змаглі ні праз сваякоў, ні праз адваката выйсці на сувязь з Лыкавым, каб аказаць яму юрыдычную дапамогу, у тым ліку па звароце ў Камітэт па правах чалавека. Пакуль таксама невядома, ці будзе ён пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

 

Міхаіл Гладкі, дарэчы, пасля суда сказаў, што для Лыкава лічыць справядлівым пажыццёвае зняволенне, а не смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства