viasna on patreon

Віктар Адзіночанка: На судовае рашэнне па справе Грунова паўплывала выказванне Лукашэнкі (відэа)

2014 2014-04-10T11:31:14+0300 2014-04-10T11:31:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adzinochanka_viktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Адзіночанка

Віктар Адзіночанка

Гамяльчук Аляксандр Груноў паўторна асуджаны на смяротнае пакаранне. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту ў Гомелі, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка каментуе рашэнне, якое Вярхоўны суд Беларусі прыняў 8 красавіка.

- Я быў на судах над Аляксандрам Груновым як назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту. І на першым судзе, калі яго прыгаварылі першы раз да смяротнага пакарання, і тады, калі яго прыгаварылі другі раз. На мой погляд, ненармальным з’яўляецца тое, што ў беларускім заканадаўстве ёсць артыкул, які прадугледжвае смяротнае пакаранне. Вельмі шкада ахвяру – маладую дзяўчыну, якую Груноў забіў. І шкада самога Грунова, бо гэта чалавек, у якога было паламанае жыццё – у яго забілі бацьку, і ён гэта перажываў, потым у яго быў канфлікт з сужыцелем маці, і ў бойцы ён яго забіў. Гэта чалавек, які стаяў на ўліку ў псіхіятрычным дыспансеры. Груноў – чалавек, паводзіны якога былі яўна ненармальныя і гэта было бачна на судзе. Вельмі вялікі ўплыў на прыняцце судом рашэння (хаця ўсе фармальныя моманты былі выкананыя), на мой погляд, аказала выказванне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які адносна Грунова вельмі рашуча і вельмі адназначна выказаўся за смяротнае пакаранне, яшчэ да таго, як пачаўся другі судовы працэс. І калі б суддзя прыняў іншае судовае рашэнне – не смяротнае пакаранне, то атрымалася б так, што ён ідзе “ў піку” дзяржаўнай уладзе. З другога боку, мела значэнне і тое, што пісалася ў прэсе – Груноў апісваўся, як чалавек асацыяльны, хворы, агрэсіўны. Гэта стварыла пэўную атмасферу. Але ўсе фармальныя моманты суд выканаў, рашэнне было прыянтае ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Праваабаронца падкрэслівае, што артыкул пра смяротнае пакаранне якраз і стварае праблемы. “Трэба ўводзіць іншыя меры, безумоўна, са злачынствам трэба змагацца. Безумоўна, у дадзеным выпадку здзейсненае цяжкае злачынства. Але смяротнае пакаранне – ненармальная з’ява”.    

Нагадаем, Аляксандра Грунова асудзілі па ч.6 п.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу – забойства, здзейсненае з асаблівай жосткасцю.

Віктар Адзіночанка: На судовае рашэнне па справе Грунова паўплывала выказванне Лукашэнкі (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства