viasna on patreon

У аснове сучаснага і справядлівага грамадства не можа ляжаць ідэалогія смерці: скасуем смяротнае пакаранне!

2013 2013-10-10T10:34:22+0300 2013-10-10T15:47:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 кастрычніка 2013 года адзначаецца 11-ая гадавіна Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання. Паўсюль у свеце грамадзянская супольнасць і абаліцыянісцкія асацыяцыі мабілізуюцца, каб нагадаць міжнароднай грамадскасці пра абсурднасць гэтай меры і жорсткасць пакаранняў смерцю.

 «Няхай жыве смерць!» Такімі словамі паўстанцы-франкісты часам адзначалі свае перамогі падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1930-ыя гады. Так, дзяржавы, якія аддаюць перавагу смерці перад жыццём, а варварству перад розумам, заўсёды існавалі, і, на жаль, працягваюць існаваць. Смяротнае пакаранне , само па сабе, з'яўляецца яркай праявай гэтага скажонага вобразу мыслення.

58 больш-менш багатых дзяржаў, якія з'яўляюцца дэмакратыямі або дыктатурамі, могуць сёння законна асудзіць на смерць аднаго з сваіх грамадзян. У 2012 годзе 21 дзяржава скарысталася гэтым правам, паклаўшы жыцці на алтар несправядлівасці. Падобна забойцам, яны патапталі самае элементарнае права любога чалавека - права на жыццё.

Той факт, што асобныя індывіды не паважаюць гэта права, непрымальны: зразумела, дзяржавы павінны асуджаць забойцаў і змагацца са злачыннасцю; але яны не павінны ні ў якай меры імітаваць іх дзеянні. Сучаснае і справядлівае грамадства не можа грунтавацца на ідэалогіі смерці і лічыць правасуддзем прымітыўны закон адплаты «вока за вока».

Гэты аргумент ляжыць у аснове абаліцыянісцкага руху, які мае як філасофскі, так і юрыдычны характар ​. Нашы грамадствы не павінны апускацца да нізкай помсты. Які прыклад бачаць грамадзяне, калі суддзі асуджаюць на смерць, калі турмы ператвараюцца ў эшафот і калі надзеленыя правам памілавання адмаўляюцца яго даць? Што можа быць дзеяннем найбольш жорсткім і, адначасова, найбольшым доказам самай страшнай слабасці, чым асуджэнне на смерць аднаго з грамадзянаў уладамі краіны?

Бо смяротнае пакаранне заўсёды жорсткае, а галоўнае - бесчалавечнае. Іран і Японія практыкуюць павешанне, у ЗША і Кітаі асуджаным на смерць робіцца смяротная ін'екцыя. Нягледзячы на свой ​​псеўдамедыцынскі характар, апошняя часта прыводзіць да жорсткай і пакутлівай смерці. Невыпадкова смяротныя пакаранні былі ўзятыя спецдакладчыкам ААН па катаваннях у сваё вядзенне.

Больш за тое, смяротны прысуд несправядлівы і бескарысны. Ні адна сістэма правасуддзя не застрахаваная ад судовых памылак або несправядлівага суда. Не ва ўсіх асуджаных на смерць ёсць магчымасць мець нармальную абарону ў судзе. Нарэшце, наяўнасць смяротнага пакарання ў грамадстве ніколі не спрыяла скарачэнню колькасці забойстваў або іншых відаў гвалту.

Уявім, што забойца прызнаўся ў сваіх злачынствах і доказы яго віны ў судзе не падлягаюць сумневу. Ці заслугоўвае ён тым не менш смерці? Не. Нашы грамадствы павінны шукаць іншыя рашэнні і прапаноўваць судовыя альтэрнатывы пакаранню смерцю.

У 1981 годзе, калі Францыя адмяніла смяротнае пакаранне, больш за 150 краінаў свету практыкавалі прысуд да вышэйшай меры пакарання і пакаралі смерцю. На сённяшні дзень іх засталося ўсяго 21. У ходзе апошніх пяці гадоў Узбекістан, Аргенціна, Таго, Габон і Латвія адмянілі вышэйшую меру пакарання. Намаганні грамадзянскай супольнасці даюць свой ​​плён. Хутка смяротнае пакаранне будзе скасаванае паўсюдна. Яго адмена - неабходная вяха на шляху гістарычнага прагрэсу і трыумфу правоў чалавека.

Валянцін Стэфановіч
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна"

Рабэр Бадзінтэр
французскі юрыст
галоўны і паслядоўны змагар за адмену смяротнага пакарання ў Францыі, якой ён дамогся 30 верасня 1981 г.

Карым Лахіджы
Прэзідэнт FIDH

Фларэнс Беліўе
Намеснік Генеральнага сакратара FIDH
і Прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства