viasna on patreon

Улады пабаяліся дапусціць праваабаронцаў у Салігорскі ізалятар

2013 2013-08-13T11:00:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/izaliatar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Начальнік Салігорскага РАУС Аляксандр Астрэйка не дазволіў прадстаўнікам Беларускага Хельсінскага камітэту наведаць Ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе мясцовым праваабаронца Леанід Мархотка.

Яшчэ 29 ліпеня праваабаронцы перадалі начальніку салігорскай міліцыі ліст з просьбаю аб допуску прадстаўнікоў БХК у мясцовы ІЧУ з мэтай падрыхтоўку альтэрнатыўнай справаздачы па выкананні Беларуссю рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду ААН. Аляксадр Астрэйка паабяцаў прыняць рашэнне цягам трох дзён, але пратэрмінаваў выкананне свайго абяцання больш чым на тыдзень.

- Згодна закону “Аб зваротах грамадзян” гэта, безумоўна, не парушэнне, але калі такія адказныя чыны не могуць свайго слова стрымаць, дык гэта ўжо зусім не камільфо, - кажа Леанід Мархотка.

Зрэшты, вышэйзгаданы закон спадар Астрэйка ўсё ж парушыў, бо не растулмачыў парадак абскарджвання свайго адказу. Больш за тое, на думку салігорскіх праваабаронцаў, адказ начальніка Салігорскага РАУС не з’яўляецца матываваным.

- У нашых чыноўнікаў ужо ўвайшло ў звычку шляхам так званага капіпасту бяздумна капіраваць значныя кавалкі законаў ды ўстаўляць іх у свае лісты, замест прадстаўлення адказаў па сутнасці, - абураецца Леанід Мархотка. - Нашыя спасылкі на канкрэтныя артыкулы законаў “Аб інфармацыі” і “Аб грамадскіх аб’яднаннях” былі наўпрост праігнараваныя, таму гэтае рашэнне мы будзем абскарджваць.

Праваабаронца не выключае, што нежаданне дапускаць незалежных назіральнікаў у Салігорскі ІЧУ можа быць звязана з фактычным невыкананнем патрабаванняў заканадаўства аб умовах утрымання у ім зняволенных. У такіх умовах грамадскасць можа небеспадстаўна засумнявацца ў эфектыўнасці анансаванага вясной гэтага году рамонту памяшканняў ізалятара.

Нагадаем, мясцовыя актывісты неаднойчы скардзіліся на негуманныя ўмовы для зняволенных ў мясцовым ІЧУ. Летась салігорскі маладафронтавец Іван Шыла звярнуўся з адмысловым зваротам да міністра ўнутраных спраў Беларусі з прычыны невыканання заканадаўчых норм утрыманняў ім аршытантаў. Сумнай нагодай для гэтага стала смерць у жніўні 2012 года аднаго маладога салігорца пасля атрыманай у ІЧУ траўмы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства