У Салігорскім ізалятары часовага ўтрымання пачаўся рамонт
Як стала вядома мясцовым праваабаронцам, у Салігорскім ізалятары часовага ўтрымання праводзяцца маштабныя рамонтныя працы.
Мясцовыя актывісты неаднойчы скардзіліся на антычалавечыя ўмовы для зняволенных ў мясцовым ІЧУ. Летась, напрыклад, салігорскі маладафронтавец Іван Шыла звярнуўся з адмысловым зваротам да міністра ўнутраных спраў Беларусі з прычыны невыканання заканадаўчых норм утрымання аршытантаў у салігорскім ізалятары. Сумнай нагодай для гэтага стала смерць у жніўні 2012 года аднаго маладога салігорца пасля атрыманай у ІЧУ траўмы.
“У ізалятары няма асобных спальных месцаў, туалет знаходзіцца ў камеры і ўяўляе сабой дзірку ў падлозе, над якой два краны - адзін для “змыва”, другі для “піцця”. Арыштаваным не прадастаўляецца асобных спальных месцаў, ігнаруюцца мінімальныя стандарты - многім даводзіцца спаць не проста на дошках, а на падлозе. Каля таго самага туалета. Летам камеры не праветрываюцца, тэмпература зашкальвае... У камерах цёмна круглыя суткі, не выконваюцца санітарныя нормы. Са словаў “дасведчаных” сядзельцаў, матрацы мяняюць толькі пасьля таго, як нехта памірае,” - пісаў у сваім звароце Іван Шыла.
Большасць патрабаванняў тады была праігнараваная, а самога маладзёна салігорскія міліцыянты нават абвінавацілі ў паклёпе. Аднак, як вынікае з атрыманай мясцовымі праваабаронцамі інфармацыі, публікацыя гэтага ліста ў сродках масавай інфармацыі ўсё ж такі мела станоўчыя наступствы.
- Нам стала вядома, што ў ізалятары праводзяць рамонтныя працы. Гэта ня толькі афарбоўка сценаў, але насамрэч больш сур’ёзны падыход, - кажа салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Леанід Мархотка.
- Спадзяемся ў выніку гэтых прац усе заканадаўчыя нормы утрымання зняволенных будуць улічаныя і выкананыя.
Праваабаронцы спадзяюцца, што пасля завяршэння рамонту ў ІЧУ, у іх з’явіцца магчымасць праінспектаваць ізалятар на адпаведнасць прынятым стандартам.