Расследванне справы Андрэя Гайдукова: галоснасці па-ранейшаму няма
Месяц таму сваякам арыштаванага стала вядома, што тэрмін расследвання працягнуты да сакавіка. Але прыход новага месяца нічога не праясніў: бацькі Гайдукова так і не ведаюць пра тое, што будзе з іхным сынам: ці чакаць суду, ці будзе зноў працягнуты тэрмін следства.
Адзінае, што сёння цешыць маці абвінавачанага па падазрэньні ў "здрадзе дзяржаве" Андрэя Гайдукова -- гэта тое, што да яго пачалі пускаць адваката. Здарылася гэта неўзабаве пасля заявы праваабаронцаў наконт парушэння правоў зняволенага ў СІЗА КДБ.
"Тыдні два таму адвакат прабыў у Андрэя амаль паўдня! Што было вельмі дзіўна, бо раней, калі пускалі – то на якія хвілін 20 у канцы дня. Адвакат, бывае, увесь дзень сядзіць і чакае, і не зразумела, пусьцяць ці не. А тут пусцілі, і яны доўга размаўлялі. Адно што адвакат мне нічога расказваць не можа, бо дае падпіску пра неразгалошванне," – распавяла Вольга Гайдукова.
Іншых падрабязнасцяў пра сына даведацца няма адкуль. Прайшлі ўжо 4 месяцы са дня ягонага затрымання, і штораз следчыя працягвалі тэрмін следства.
"У лютым сказалі, што працягваюць да сакавіка. Ужо сакавік, і зноў нічога не вядома. Што там з ім робяць? У чым вінавацяць? Каб было супраць яго нешта канкрэтнае, дык ужо даўно б асудзілі. А так – нешта цягнуць. І ён ужо нават не спрабуе нам нешта патлумачыць, бо разумее, што такія лісты ад яго мы не атрымаем. Нам і так прыходзяць лісты з закрэсленымі радкамі. Значыцца, нешта спрабаваў сказаць, але не прапусціла цэнзура", -- працягвае маці арыштаванага.
У "шпіёнскай" справе ёсьць ня толькі адзін абвінавачаны – яшчэ ёсць падазраваны Ілля Багданаў, гэтаксама жыхар Наваполацку. Але ён па-ранейшаму на волі, мераў стрымання ў дачыненні да яго не прымянялася.
Сведкам па справе праходзіць і навапалачанін Яўген Канстанцінаў – старшыня незарэгістравнай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў", дзе Андрэй Гайдукоў быў намеснікам.
Знаёмыя і родныя Гайдукова лічаць, што ягоны арышт можна патлумачыць хіба толькі грамадскай актыўнасцю і апазіцыйнымі поглядамі хлопца. Афіцыйную інфармацыю пра тое, што 23-гадовага аператара наваполацкага "Нафтана" затрымалі за "агнтурную дзейнасць" на карысць замежных спецслужбаў, ды яшчэ "падчас закладкі тайніка" са шпіёнскімі звесткамі, яны называюць абсурднай.