Зацемкі з няволі. Пра дзіцячую дабрачыннасьць

2013 2013-01-18T14:25:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pashtouka-bialiackamu-dzeci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паштоўка, дасланая Алесю Бяляцкаму з Бруселя (Бельгія)

Паштоўка, дасланая Алесю Бяляцкаму з Бруселя (Бельгія)

З ліста Алеся Бяляцкага ад 30 сьнежня 2012 

Я, калі бачу лісты ці малюнкі, дасланыя школьнікамі, заўсёды згадваю акцыі салідарнасьці, якія праводзілі савецкія дзеці. Яны мелі ідэалагічны падтэкст, але тады я не здагадваўся пра гэта ды і ня так гэта было важна. Я памятаю, як мой старэйшы брат, які ўжо вучыўся ў школе, мусіў здаць 20 капеек на пенал, драўляную асадку з стальным пяром, тонкі сшытак і сьцёрку для падарунку ўетнамскаму школьніку. Тады паўночныя ўетнамцы ваявалі з паўднёвымі і з амерыканцамі, а вось такія школьныя наборы як быццам бы купляліся за дабраахвотныя зборы гэтых капеек савецкіх школьнікаў.

Маці, наколькі памятаю, не ўхваляла гэтую ідэю. Яна моцна падазравала, што гэтыя капейкі могуць не дайсьці да ўетнамскіх бедных дзяцей у выглядзе школьных падарункаў. Але ў мяне, пяцігадовага, проста дух захоплівала, як я ўяўляў, што такі ж, як я, маленькі мурзаценькі ўетнамскі хлопчык будзе трымаць у руках драўляны пенал. А так здарылася, што ў бульбяной мешанцы нашаму парсючку, якога трымалі бацькі, бо жылі мы тады ў самаробнай урамянцы ў Сьветлагорску, я быў знайшоў тры капейкі. І вось гэтую мнетку я з урачыстасьцю ў душы перадаў на пенал для ўетнамскіх дзяцей. Такі быў першы мой дабрачынны ўнёсак.

І вось зараз я атрымліваю гэтыя лісты і паштоўкі ад дзяцей рознага ўзросту з розных краінаў. Тое, што падлеткі цікавяцца і нават спачуваюць абаронцам правоў чалавека, багата гаворыць пра іхні ўнутраны сьвет. У беларускіх школах, на жаль, абмеркаваньне тэмаў пра правы чалавека не вітаецца. А ні што так не кшталтуе душу чалавека, як суперажываньне і спачуваньне іншаму. Я думаю, што такім чалавечым якасьцям характару, як спагада, суперажываньне, салідарнасьць, трэба навучаць з дзяцінства.  

__________

Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.  

Чытайце таксама:

Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны

Зацемкі з няволі. Метамарфоза “нефармала”

Зацемкі з няволі. Пра крыніцы аптымізму

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international