viasna on patreon

Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

2013 2013-01-12T18:27:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barshcheuski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лявон Баршчэўскі (фота svaboda.org)

Лявон Баршчэўскі (фота svaboda.org)

Паштоўку з такім пажаданьнем напярэдадні Новага году атрымаў Алесь Бяляцкі ад Лявона Баршчэўскага. Яна, відавочна, вельмі ўзрадавала і натхніла палітвязьня, навеяўшы ўспаміны пра агульную справу і пройдзеныя разам шляхі.

Свайму даўняму паплечніку і сябру Алесь прысвяціў адзін з першых у распачаўшымся годзе лістоў:  

 

“2-3 студзеня 2013, Бабруйск

Прыйшла паштоўка ад Лявона Баршчэўскага.

Лявон – адна з самых сьветлых галоў у Беларусі. Выдатны грамадзкі дзяяч, выдатны перакладчык, выдатны педагог. Разам з Лявонам мне давялося папрацаваць рука аб руку амаль тры гады, у 1996 – 1998, калі ён застаўся выконваць абавязкі старшыні Беларускага Народнага Фронту пасьля эміграцыі Зянона Пазьняка на Захад. Я тады быў сакратаром Управы Фронту.

Лявон Баршчэўскі зьяўляецца пасьлядоўным прыхільнікам еўрапейскага шляху, еўрапейскага выбару для беларускага народу. А фактычна гэтая ж праблема – бачаньне далейшага разьвіцьця беларусаў як еўрапейскай нацыі, як часткі супольнай еўрапейскай сям’і, насуперак ізаляцыянізму, кансервацыі, безвыходнага эгацэнтрызму, якія, на мой погляд, вядуць у нікуды, і была галоўнай прычынаю расколу Фронту ў 1998-м годзе.

Разам з Лявонам мы вялі калону дэманстрантаў 2 красавіка 1996-га году, пратэстуючы супраць саюзных пагадненьняў. І не дапусьцілі тады правакацыяў на Нямізе, дзе пад мастом нашу дэманстрацыю ўжо чакала пройма амапаўцаў, хаця далося гэта нялёгка.

Другая палова 90-х была надзвычай складаным часам для Беларусі. Тады мы маглі вельмі лёгка страціць толькі як набытую незалежнасьць. Адчаяная, самаахвярная пазіцыя актывістаў Фронту пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага, якія, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі і перасьлед, раз за разам выступалі ў абарону незалежнасьці, дэмакратыі, правоў чалавека, была адной з важкіх прычынаў, якія недапусьцілі такога разьвіцьця падзеяў.

Хто сказаў, што перамагаюць толькі ў наступе? Стратэгічна перамагаюць і ў абароне. У зацятай, жорсткай, доўгай, выматваючай абароне. І тады перамога становіцца вынікам абароны. Толькі капітуляцыя, унутраная, маральная капітуляцыя, вынік бязвер’я і страху, прыводзіць да незваротнай і поўнай паразы.

У тыя 90-я гады Лявон неаднаразова перасьледваўся за сваю грамадзкую дзейнасьць. Асабліва небясьпечнай была вясна 1996-га году. Тады пасьля разгону Чарнобыльскага шляху, у красавіку, было затрымана амаль усё кіраўніцтва Фронту, у тым ліку і Лявон Баршчэўскі. Была ўзбуджаная крымінальная справа за арганізацыю масавых безпарадкаў, але, урэшце, усіх беларусаў выпусьцілі, у турму пайшлі толькі грамадзяне Украіны.

Па маёй ініцыятыве пераклаў Лявон з шведзкай мовы дзіцячую кніжку Астрыд Ліндгрэн “Мы – дзеці з Бюлербю”. Усе апошнія гады, хоць Лявон і адыйшоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці, ён застаецца уплывовай грамадзкай асобаю. Ён і надалей актыўна працуе як педагог і перакладчык. Ён па інтэлекту, па аналітычных здольнасьцях на дзьве галавы вышэйшы за той народ, які зараз ашываецца па высокіх калідорах.

За тыдзень да ягонай паштоўкі мне прыйшоў па падпісцы чарговы нумар часопісу “Дзеяслоў”. І ў ім – пераклад, зроблены Лявонам Баршчэўскім і Алесем Жлуткам. Рэч надзвычай важная для разьвіцьця беларускай культуры. Пераклад знакамітых старагрэцкіх і лацінскіх аўтараў на беларускую мову мае шматвяковую традыцыю. Але багата важных і знакавых тэкстаў не перакладзена. Бязспрэчна, што толькі тую мову і той народ, якія маюць пласт перакладаў, умоўна кажучы - “ад Гамера да Апулея”, можна лічыць цывілізаваным. І тое, што мае сябры Лявон і Алесь робяць дабрачынна зараз, застанецца трывалейшым валуном у падмурку беларускай культуры як часткі еўрапейскага абшару.

Дык вось, Лявон у паштоўцы сваёй да мяне піша: “Я раблю ўсё, на што хапае часу… Заўтра павінен выйсьці ў друк мой “Польска-беларускі слоўнік для школьнікаў і студэнтаў”. А сканчвае паштоўку ён такімі словамі: “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

___________

Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага.

Чытайце таксама:

Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства