Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны
З ліста Алеся Бяляцкага
ад 2-3 студзеня 2013
Прыйшла паштоўка ад <…> Г. і З. - старая, выпушчаная ў 1990-м годзе з нагоды 500-годдзя Францішка Скарыны. Трэба сказаць, што ў СССР выходзіла зусім мала паштовак па-беларуску, на беларускія тэмы. Таму я добра памятаю вось гэтую - у тыя гады, пасылаючы якія віншаваньні, я актыўна выкарыстоўваў яе. І да паштоўкі Г. напісаў цікавы для мяне тэкст: “Перачытваю тваю паштоўку… Падыходзіць Анатоль Сыс, з якім я сустрэўся толькі адзін раз у майстэрні Мары (А. Марачкіна – А.Б.). У нас застаўся яго Вялікі маленькі “Агмень” (тыраж 4.158) са словамі да З.: “Памятаеце, як Вы мне дапамаглі стаць на ногі ў сталіцы – гэтыя вершы былі напісаныя якраз той парою! Вашая доля ў іх ёсьць таксама. 12.10.88г.” Вось яшчэ адная згадка пра Анатоля Сыса, таленавітага, геніяльнага паэта нашай сучаснасьці, як залацінка, якая ляжала, чакала свайго часу. “Я хацеў цябе трохі разварушыць”, - піша спадар Г. І гэта яму ўдалося.
Стары знаёмы гісторык і археолаг Г. напісаў мне цікавы
і хвалюючы тэкст: “Па-сапраўднаму
пачалося ўсё з Алеся Бяляцкага ў ліпені 1983 г. Натуральна, што ва ўніверсітэце
ў той час ніводны выкладчык не размаўляў па-беларуску, нават Прафесар.
Навуковыя кіраўнікі археалагічных раскопак у Мірскім замку з Менску і
нешматлікія валанцёры (як зараз модна казаць) паміж сабою і з намі ўвесь час
размаўлялі на нашай роднай беларускай мове. Трохі старэйшыя за нас студэнты з
Гомельскага ўніверсітэту - Алесь Бяляцкі і Эдуард Акулін навучылі беларускім
песьням: “А ў бары, у бары…”, “Ад панядзелка да панядзелка…”, “Як сарву я ружы
кветку…” і іншым. [Захавана пунктуацыя
А.Б., але далей ён напэўна пераказвае тэкст свайго знаёмага – рэд.] Яго гэта кранула.
Ён нават не задумваўся, а ў 20 год было цяжка рэфлексаваць, - стыхія
беларушчыны паглынула. Адразу загаварылася і пачалося думацца па-беларуску. Ён
у мясцовай бібліятэцы ўзяў кнігу Валянціна Грыцкевіча і Адама Мальдзіса “Шляхі
вялі праз Беларусь”. З сябрамі і калегамі па будатраду пачаў спрабаваць
размаўляць па-беларуску. Было сьмешна, часам дурнавата, вось ён, вынік
культурнай і псіхалагічнай асіміляцыі. “Вельмі інтарэсная кніга” – першая
памылка і мора кпінаў з боку тых самых сяброў і калегаў. Было лета, былі
раскопкі ў Мірскім замку, былі цікавыя асобы з навуковага і інтэлігентнага
асяроддзя Менску, таму моўныя дзікасьці з ягоных вуснаў яго не бянтэжылі.
Наадварот, мова ўцягвала яго як чароўная плынь чыстай і сьветлай ракі. А яшчэ
быў першы ліст па-беларуску бацькам. Тады ў экспедыцыі ў Мірскім замку ён
канчаткова вылячыўся і абудзіўся ад русіфікацыі і савецкасьці.
Падчас размоваў з Алесем Бяляцкім для яго адкрываліся невядомыя старонкі
мінулага Беларусі, а галоўнае – новыя тэксты: Мікола Ермаловіч, Алесь Разанаў,
Юрка Віцьбіч”.
Вось так мой даўні сябра Г. апісаў працэс ягонага
ўсьведамленьня, прыходу да беларушчыны, у якім, як аказалася, я адыграў ролю,
як ён піша, “галоўнага абуджальніка”. Але ж ён ніколі за гэтыя 30 гадоў не
казаў мне пра гэта!
Нечакана і неяк прыемна было прачытаць гэтыя радкі. Бо ж мы тады сапраўды адной
з сваіх галоўных мэтаў ставілі пошук аднадумцаў і агітацыю людзей, гатовых
слухаць пра беларушчыну. У тыя 80-я гады я правёў сотні такіх размоваў і
сустрэчаў. Бо з-за адсутнасьці іншых магчымасьцяў сумоўе, гутарка, дыскусія
былі асноўнымі нашымі інструментамі перакананьня. Часам гэта было безвынікова,
часам наадварот - па-рознаму. У Анатоля Сыса ёсьць вельмі добры верш на гэтую тэму
– “Пошасныя”. Але гэтая неспатольная прага распаўсюджваць беларушчыну засталася ў мяне і
дасюль. Хіба што зьмяніліся сродкі і аргументы і зьявілася болей магчымасьцяў.
Што тычыць Г., то я мяркую, ягоны жыцьцёвы шлях усё-роўна раней ці пазьней
прывёў бы яго да беларушчыны. Але так сталася, што з такім, “пошасным”,
заразным беларускай ідэяй, са мною, ён сутыкнуўся ўпершыню ў Мірскім замку, у
1983 годзе, 30 гадоў таму.
___________
Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленьні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.
Чытайце таксама:
Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”