viasna on patreon

Следчы камітэт: назіральнікаў затрымалі пасля выбараў, бо АМАП шукаў тэрарыстаў

2013 2013-01-08T15:19:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prajekt_naziranne_za_vybarami_teoryja_i_praktyka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цэнтральны раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска даў адказ на скаргу аб незаконным затрыманні ўдзельнікаў праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».

З адказу вынікае, што затрыманне незалежных назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі на наступны дзень пасля іх завяршэння было звязанае з «інфармацыяй аб тым, што група злачынцаў — выхадцаў з Рэспублікі Казахстан, можа хавацца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і рыхтаваць правядзенне тэрактаў», паведамляе сайт праекта.

На наступны дзень пасля парламенцкіх выбараў 23 верасня 2012 году 15 незалежных назіральнікаў былі затрыманыя ў хостэле «Джаз», як мяркуюць удзельнікі праекту, незаконна. З хостэлу разам з усімі ягонымі пастаяльцамі і персаналам на аўтазаку назіральнікі былі дастаўленыя ў Цэнтральны РАУС, дзе была праведзеная іх прымусовая дактыласкапія, а таксама дагляд асабістых рэчаў. У некаторых затрыманых часова былі адабраныя тэлефоны і ноўтбукі. Праз тры гадзіны пасля затрымання без тлумачэння прычынаў назіральнікаў і персанал хостэлу адпусцілі.

«24 верасня 2012 г. я была затрыманая ў Мінску ў памяшканні хостэлу „Джаз“ […] невядомымі людзьмі, магчыма, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і АМАПу. Акрамя мяне таксама былі затрыманыя каля 25 чалавек — як знаёмых мне людзей, гэтак тых, каго я не ведаю», — гаворыцца ў скарзе кіраўніцы праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP) Анастасіі Матчанкі. У скарзе Матчанка прасіла ідэнтыфікаваць імёны тых, хто праводзіў затрыманне, а таксама правесці праверку па факту, як яна мяркуе, незаконнага затрымання. З падобнай скаргай у следчыя органы звярнулася выкладчыца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяна Чуліцкая, таксама затрыманая 24 верасня.

З адказаў следчага Цэнтральнага раённага аддзелу па г. Мінску Следчага камітэту Беларусі Матчанке і Чуліцкай вынікае, што затрыманне ўдзельнікаў праекту адбылося ў сувязі з ананімным званком аб тэрарыстычнай пагрозе.

«У 10 гадзін на тэлефон АДС паступіў званок ад ананімнага заяўніка, які растлумачыў, што ў гасцініцы „Джаз“ знаходзіцца група грамадзян каўказскай нацыянальнасці, якія пражываюць у названай гасцініцы без рэгістрацыі. Таксама чалавек растлумачыў, што яны магчыма датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці», — гаворыцца ў адказе Следчага камітэту.

«У сувязі з тым, што з МУС раней была атрыманая інфармацыя аб тым, што група злачынцаў — выхадцаў з Рэспублікі Казахстан, можа хавацца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і рыхтаваць правядзенне тэрактаў, далажыў аб паведамленні ў ГУУС Мінгарвыканкаму. Кіраўніцтвам ГУУС было прынятае рашэнне аб дастаўленнi асобаў, якія пражываюць у гасцініцы „Джаз“ з мэтай устанаўлення іх асобы, пастаноўцы па дакто-, відэаўлік».

З адказу вынікае, што ў «Джазе» сапраўды знаходзіліся тры грамадзяніна Казахстану, якіх разам з усімі тымі, хто ў гэты момант быў у хостэле, пад кіраўніцтвам камандзіра ўзвода АМАП Віктар Марачкова даставілі ў аўтазаку ў Цэнтральны РАУС.

Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, матываваўшы гэта адсутнасцю складу злачынства. Між тым затрыманыя звяртаюць увагу на тое, што следчы так і не здолеў патлумачыць, чаму іх каля двух гадзін пратрымалі ля сцяны ў калідоры РАУС, а таксама навошта было забіраць на дагляд ноўтбукі і сродкі сувязі ў некаторых затрыманых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства