"Індэкс цэнзуры": Беларускія ўлады істотна пашырылі кантроль над сферай лічбавай камунікацыі грамадзян

2013 2013-01-04T11:58:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cenzura_u_internet.jpg
"Улады Беларусі істотна пашырылі свой кантроль над сферай лічбавай камунікацыі грамадзян. Нямногія ўсведамляюць, што рэжым мае магчымасць кантраляваць практычна ўсе дзеянні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце", — заявіў супрацоўнік "Індэкса цэнзуры" (Index on Censorship) па Беларусі і рэгіёне АБСЕ Андрэй Аляксандраў, каментуючы абнародаваны 4 студзеня аналітычны даклад гэтай арганізацыі "Беларусь: Сетка пад кантролем".

У дакладзе зазначаецца, што Беларусь з'яўляецца краінай з адным з горшых рэйтынгаў свабоды прэсы і свабоды выказвання ў свеце. Новыя лічбавыя тэхналогіі, найперш інтэрнэт, далі новыя магчымасці для свабоды слова, але разам з тым яны забяспечылі ўлады і "новымі інструментамі для задушэння свабодных галасоў і адсочвання іншадумцаў". Паколькі інтэрнэт становіцца ўсё больш важнай крыніцай інфармацыі, улады Беларусі выкарыстоўваюць розныя спосабы для кантролю над ім, зазначаюць эксперты. Паводле іх слоў, "захаванне жорсткага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны застаецца асновай палітыкі існага рэжыму, скіраванай на ўтрыманне ўлады".

Даклад аналізуе асноўныя выклікі свабодзе слова ў інтэрнэце ў Беларусі, у прыватнасці канцэнтруючыся на метадах, якія ўлады выкарыстоўваюць для абмежавання свабоды выказвання анлайн.

Па-першае, зазначаюць эксперты, існуюць заканадаўчыя абмежаванні, такія як крымінальная адказнасць за знявагу і паклёп, крымінальны і адміністрацыйны пераслед актывістаў і журналістаў. Па-другое, свабода слова абмяжоўваецца пры дапамозе новых тэхналогій, праз анлайн-сачэнне, блакіроўку і фільтрацыю сайтаў, кібератакі на незалежныя веб-рэсурсы і маніпуляцыю кантэнтам.

Аналіз, які правёў "Індэкс цэнзуры", паказвае, што ўлады Беларусі плануюць рабіць яшчэ больш жорсткім кантроль над доступам грамадзян краіны да лічбавага свету.

У дакладзе зазначаецца, што новыя заканадаўчыя акты даюць уладам шырокія паўнамоцтвы па цэнзуры анлайн-кантэнту, у прыватнасці на падставе падазрэнняў у "распаўсюджанні незаконнай інфармацыі", і правядзенню масавага сачэння за дзеяннямі грамадзян у інтэрнэце.

Урад інвестуе ў стварэнне спецыяльнага абсталявання і праграм, якія дазваляюць адсочваць практычна ўсё, што беларускія карыстальнікі робяць у інтэрнэце. Заходнія фірмы былі заўважаны ў пастаўках абсталявання, якое можа выкарыстоўвацца для такога сачэння. У Беларусі адзначаны арышты мадэратараў папулярных апазіцыйных груп і супольнасцяў у сацыяльных сетках. Журналісты і актывісты, якія адкрыта выказваюць сваё меркаванне, сутыкаюцца з крымінальным пераследам паводле абвінавачанняў у паклёпе і знявагах вышэйшых службовых асоб дзяржавы. Супраць незалежных сайтаў прымяняюцца DDoS-атакі, асабліва ў дні выбараў і іншых важных палітычных падзей.

Даклад утрымлівае канкрэтныя рэкамендацыі, прытрымліванне якіх, на думку "Індэкса цэнзуры", дазволіць ураду Беларусі выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў сферы свабоды выказвання і правоў чалавека. Апрача таго, дадзены рэкамендацыі міжнародным арганізацыям і структурам, такім як Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, АБСЕ, Савет Еўропы, а таксама нацыянальным урадам еўрапейскіх краін, якія маюць кантакты з беларускім урадам або іншым чынам уцягнуты ў сітуацыю ў Беларусі.

"Мы заклікаем улады Беларусі спыніць спробы татальнага кантролю над анлайн-актыўнасцю грамадзян краіны. Мы таксама заклікаем да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і забеспячэння свабоды слова ў краіне. Еўрапейскі саюз павінен прыняць меры, якія перашкаджалі б экспарту абсталявання і тэхналогій, што дазваляюць весці сачэнне ў інтэрнэце, у такія краіны, як Беларусь", — зазначыў кіраўнік аддзела адвакасі "Індэкса цэнзуры" Майкл Харыс.

Index on Censorship — міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, мэтай якой з'яўляецца падтрымка свабоды выказвання. З дапамогай кампаній і публікацый Index on Censorship кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і дае слова журналістам, пісьменнікам, мастакам і актывістам, чыя свабода слова была парушана. Цягам некалькіх апошніх гадоў Index on Censorship актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу свабодзе выказвання ў краіне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international