У патэнцыйнай кандыдаткі магілёўская міліцыя адабрала аўтамабіль
11 ліпеня каля 18-30 супрацоўнікі магілёўскага ДАІ спынілі аўтамабіль каардынатара кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці Аксаны Самуйлавай. Прычынай для спынення аўтамабіля паслужыла тое, што быццам бы Аксана Самуйлава не прапусціла пешахода на пераходзе.
“Супрацоўнікі ДАІ спынілі маю машыну ў раёне ўніверсітэта харчавання за тое, што я быццам бы парушыла правілы дарожнага руху, не прапусціўшы пешахода на пешаходным пераходзе, - кажа Аксана Самуйлава. – Пасля гэтага міліцыянеры склалі адпаведны пратакол за парушэнне і выпісалі мне штраф. Адначасова супрацоўнікі ДАІ пачалі высвятляць па тэлефоне і кампутары, ці не знаходзіцца мая машына ў росшуку. З дыспетчарскай ім паведамілі пра тое, што на мой аўтамабіль накладзены арышт згодна з рашэннем суда Кастрычніцкага раёна горада Магілёва ад 18.06. 2012 года і што машына павінна быць змешчана на штрафную стаянку. Супрацоўнік ДАІ пачаў выклікаць эвакуатар, таму я сама адагнала машыну, куды трэбна”.
Як кажа Аксана Самуйлава, яна проста ў шокавым стане пасля арышту машыны:
“Я не здзяйсняла ніякіх правапарушэнняў, ніхто ні ў які суд мяне ў гэтым годзе не выклікаў - і тут арыштоўваюць машыну па немаведама якому чынніку. Мая машына рэальна каштуе каля 5-6 тысяч умоўных адзінак. Гэта ж якое парушэнне трэба зрабіць, каб яе забралі для яго кампенсацыі! Гэта сітуацыя мяне проста рэальна пужае".
Сёння Аксана Самуйлава збіраецца даведацца ў судзе, на падставе чаго вынесена рашэнне аб арышце машыны без яе ведама.
На сёлетніх выбарах у Палаты прадстаўнікоў Аксана Самуйлава збіраецца вылучацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. Яна лічыць, што адсутнасць машыны вельмі абмяжуе яе магчымасці падчас арганізацыі збору подпісаў і агітацыйнай кампаніі.
“Зразумела, што мне будзе вельмі цяжка арганізоўваць перадвыбарчую кампанію без аўтамабіля. Магчыма, гэта і паслужыла чыннікам для таго, каб пазбавіць мяне магчымасці без праблем дабірацца да Бабруйска", - кажа Аксана Самуйлава.
У Бабруйску яна з’яўляецца адзінай прадстаўніцай дэмакратычных сіл, якая ідзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў у якасці кандыдата ў дэпутаты.
"Праваабаронцы
за свабодныя выбары"