viasna on patreon

Рэзалюцыя Еўрапарламента па смяротным пакаранні ў Беларусі (тэкст)

2012 2012-02-17T13:30:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/euraparlament.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента ад 16 лютага 2012 гада па смяротным пакаранні ў Беларусі; у прыватнасці, па справах Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва

Еўрапейскі парламент,

- прымаючы да ўвагі сваю рэзалюцыю па Беларусі ад 17 снежня 2009 года (1) і іншыя свае рэзалюцыі па гэтым пытанні, у прыватнасці, ад 15 верасня 2011 года (2), 12 траўня 2011 года (3), 10 сакавіка 2011 года (4) і 20 студзеня 2011 года (5),

- прымаючы да ўвагі сваю рэзалюцыю ад 7 кастрычніка 2010 года ў сувязі з Сусветным днём барацьбы супраць смяротнага пакарання (6) і свае папярэднія рэзалюцыі аб адмене смяротнага пакарання, у прыватнасці, ад 26 красавіка 2007 года аб ініцыятыве па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне (7),

- прымаючы да ўвагі Рэзалюцыю 65/206 Генеральнай Асамблеі ААН ад 21 снежня 2010 года з заклікам да мараторыя на смяротнае пакаранне, а таксама свае папярэднія рэзалюцыі па смяротным пакаранні ад 2007 і 2008 гадоў,

- прымаючы да ўвагі рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі АБСЕ па смяротным пакаранні ад 6-10 ліпеня 2010 года,

- прымаючы да ўвагі Рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы 1857 (2012) па сітуацыі ў Беларусі ад 25 студзеня 2012 года,

- прымаючы да ўвагі заяву Вярхоўнага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан аб смяротным пакаранні ў Беларусі ад 1 снежня 2011 года,

- прымаючы да ўвагі заяву Прэзідэнта Еўрапарламента Марціна Шульца ад 24 студзеня 2012 года, якая асуджае смяротныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва,

- прымаючы да ўвагі рашэнне Рады ЕС па замежных справах аб абмежавальных захадах у дачыненні да Беларусі ад 23 студзеня 2011 года,

- прымаючы да ўвагі Артыкул 2 Хартыі асноўных правоў Еўрапейскага Саюза,

- прымаючы да ўвагі Дэкларацыю саміта Усходняга партнёрства, прынятую ў Празе 7-9 траўня 2009 года і Дэкларацыю па сітуацыі ў Беларусі, прынятую з нагоды саміту Усходняга партнёрства ў Варшаве 30 верасня 2011 года,

- прымаючы да ўвагі Правіла 122(5) Працэдурных правілаў,

А. У той час як Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне і да гэтага часу прыводзіць смяротныя прысуды ў выкананне;

B. У той час як у ліпені 2011 года Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка былі пакараныя смерцю, калі іх справы ўсё яшчэ знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН і ў той час як, на думку праваабаронцаў, каля 400 чалавек былі пакараныя смерцю ў Беларусі з 1991 года;

С. У той час як апошнія смяротныя прысуды былі вынесеныя Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь 30 лістапада 2011 года ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва па абвінавачванні ў здзяйсненні тэрактаў у 2005 годзе ў Віцебску, у 2008 годзе ў Менску і ў Менскім метро ў красавіку 2011 года;

D. У той час як, згодна з пэўнымі паведамленнямі (FIDH, Human Rights Watch), ёсць аргументы на карысць таго, што пракуратура і Вярхоўны суд Беларусі правялі несправядлівы судовае разбяральніцтва і што расследаванне было азмрочана сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і наўмысным ігнараваннем важных даных, якія сведчаць аб невінаватасці гэтых асобаў, і ў той час як, на думку назіральнікаў судовага разбяральніцтва, маюцца сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні ў ходзе папярэдняга следства і судовага разгляду справы;

E. У той час як Дзмітрый Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў былі пазбаўленыя доступу да адвакатаў, у той час як пэўныя паведамленні сведчаць аб прымяненні катаванняў з мэтай атрымання прызнальных паказанняў падчас допытаў, у той час як няма ніякіх рэчавых доказаў сувязі з выбухам абодвух асобаў, і ў той час як ніякіх слядоў выбуховага рэчыва не было знойдзена на адзенні або органах гэтых асобаў;

F. У той час як усе важныя доказы, на якія спасылалася абвінавачванне падчас судовага разбяральніцтва, былі знішчаныя адразу ж пасля таго як Вярхоўны суд абвясціў сваё рашэнне;

G. У той час як, у адпаведнасці з Артыкулам 14, п. 1 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, “кожны чалавек мае права на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і неперадузятым судом”;

H. У той час як бацькі сп. Канавалава былі запалоханыя і апынуліся пад наглядам супрацоўнікаў спецслужбаў, і людзі ў цывільным пастаянна знаходзіліся побач з іх домам, так што сям’я на працягу некалькіх месяцаў была пазбаўленая магчымасці мець зносіны з вонкавым светам;

I. У той час як смяротнае пакаранне ў Беларусі па-ранейшаму застаецца “дзяржаўнай таямніца” і, у адпаведнасці з беларускім Крымінальна-выканаўчым кодэксам, дата пакарання невядомая для зняволеных, сям’і асуджанага і грамадскасці; у той час як смяротнае пакаранне ажыццяўляецца ў сакрэтных абставінах шляхам расстрэлу, цела пакаранага не выдаецца ягоным сваякам для пахавання і месца пахавання не паведамляецца;

J. У той час як смяротныя прысуды сп. Канавалаву і сп. Кавалёву могуць быць прыведзеныя ў выкананне вельмі хутка;

К. У той час як рашэнне Вярхоўнага суда па справе з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае; у той час як, паводле беларускага заканадаўства, хадайніцтва аб памілаванні можа быць разгледжана Прэзідэнтам краіны; у той час як Уладзіслаў Кавалёў папрасіў Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні, адмаўляючы ўсе абвінавачванні і патрабуючы вызвалення ад крымінальнай адказнасці, але не атрымаў ніякага адказу да гэтага часу;

L. У той час як беларускія ўлады падпісалі дэкларацыю пражскага саміту Усходняга партнёрства, у якім яны абавязаліся прытрымлівацца “прынцыпаў міжнароднага права і асноватворных каштоўнасцяў, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства закона і павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў”;

1. Ізноў заяўляе, што Еўрапейскі саюз і іншыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады да адмены смяротнага пакарання;

2. Падкрэслівае той факт, што гэтае незваротнае, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць пакаранне, якое парушае права на жыццё, з’яўляецца непрымальным; выказвае шкадаванне з нагоды адмовы беларускіх уладаў ад прыняцця рэальных захадаў у кірунку адмены смяротнага пакарання або неадкладнае ўвядзенне мараторыя на яго;

3. Асуджае смяротныя прысуды, вынесеныя сп. Кавалёву і сп. Канавалаву, і настойліва заклікае Аляксандра Лукашэнку памілаваць гэтых асобаў і абвясціць мараторый на смяротныя прысуды і пакаранне з мэтай адмены смяротнага пакарання з сістэмы пакаранняў шляхам ратыфікацыі Другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі;

4. Заклікае кампетэнтныя ўлады ў Беларусі правесці поўнае, справядлівае і бесстаронняе расследаванне абвінавачванняў, прад’яўленых у гэтым кантэксце і забяспечыць сапраўднае правасуддзе для ахвяраў жахлівых актаў тэрарызму, аб якіх ідзе гаворка;

5. Настойліва заклікае Раду і Камісію выкарыстаць усе даступныя інструменты дыпламатыі і супрацоўніцтва для працы ў кірунку адмены смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь;

6. Заклікае краіны Ўсходняга партнёрства і Расіі патрабаваць ад Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне;

7. Настойліва заклікае беларускую грамадзянскую супольнасць і няўрадавыя арганізацыі да працы па адмене смяротнага пакарання;

8. Заклікае беларускія ўлады да аднаўлення працы парламенцкай рабочай групы па смяротным пакаранні, распачатай у 2010 годзе, з мэтай прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі краіны ў межах міжнародных дамоваў па правах чалавека і забяспечыць, каб міжнародныя стандарты справядлівага судовага разбяральніцтва строга паважаліся;

9. Заклікае беларускія ўлады да павышэння ролі судовай улады ў Беларусі і яе дзейнасці без умяшання або ціску з боку выканаўчай улады, да выканання рэкамендацый Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў, з мэтай забеспячэння належнай галоснасці судовага працэсу, і ў прывядзення яго ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі ў галіне Чалавечага вымярэння ў межах АБСЕ, асабліва ў галіне вяршэнства закона;

10. Асуджае бесперапынны пераслед праваабаронцаў і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі па палітычных прычынах, патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх асобаў, асуджаных па палітычных матывах, якія знаходзяцца ў зняволенні або адбываюць іншыя формы пакарання, у тым ліку старшыню праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага;

11. Патрабуе безумоўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных; вітае рашэнне Рады ЕС па замежных справах ад 23 студзеня 2012 года аб пашырэнне крытэрыяў санкцыяў, якія пракладваюць шлях для будучага ўстанаўлення асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, і зноў заяўляе, што не можа быць ніякага прагрэсу ў дыялогу паміж ЕС і Беларуссю без прагрэсу Беларусі на шляху да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона, і пакуль усе палітычныя зняволеныя, у тым ліку два былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў, кіраўнікі штабоў кандыдатаў ад апазіцыі Павел Севярынец і Зміцер Бандарэнка, а таксама Сяргей Каваленка, палітычны зняволены, затрыманы па падазрэнні ў парушэнні правілаў хатняга арышту, які знадодзіцца ў працяглай галадоўцы, якая прывяла да крытычнага пагаршэння яго здароўя і прамой пагрозы ягонаму жыццю, ну будуць безумоўна вызваленыя і іх грамадзянскія правы цалкам адноўленыя;

12. Даручае свайму Прэзідэнту давесці гэтую рэзалюцыю да ведама Рады, Камісіі, урадаў і парламентаў дзяржаваў-удзельніцаў ЕС, урада і парламента Рэспублікі Беларусь, Рады Еўропы і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства