Выкананнем чарговых смяротных прысудаў Беларусь парушыла права грамадзянаў на зварот у Камітэт ААН па правах чалавека
Інфармацыя пра выкананне смяротных прысудаў пацвердзілася. Гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэю Палуду паведаміла маці аднаго з расстраляных. 25 ліпеня жанчына наведала менскі следчы ізалятар № 1, дзе асуджаныя да смерці ўтрымліваліся пад вартай. Начальнік СІЗА пацвердзіў выкананне прысуду, жанчыне выдалі рэчы сына.
Відавочна, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцця і Алег Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаныя ў межах адной крымінальнай справы. Дакладная дата выканання прысудаў невядомая, але меркавана гэта адбылося ў перыяд з 11 па 19 ліпеня.
Гэта ўжо другі выпадак за апошнія паўтары гады, калі Беларусь карае смерцю сваіх грамадзянаў насуперак патрабаванням Камітэта ААН па правах чалавека пра прымяненне часовых мераў. Камітэт праінфармаваны пра выкананне прысудаў у дачыненні да Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўцова.
Абодва расстраляныя ў снежні 2010 года звярнуліся ў Камітэт. Індывідуальнае паведамленне Алега Грышкаўцова было зарэгістраванае 6 снежня пад нумарам 2013/2010, паведамленне Андрэя Бурдыкі - 17 снежня пад нумарам 2017/2010. Гэта былі адпаведна 103-яя і 104-ая скаргі супраць Беларусі, зарэгістраваныя ў Камітэце. Паміж краінай-удзельніцай і Камітэтам ААН доўгі час вялося ліставанне з гэтай нагоды.
Беларускі ўрад такім чынам праігнараваў права грамадзянаў на зварот у Камітэт ААН па правах чалавека. Пра гэта заявіў праваабаронца Раман Кісляк, які непасрэдна дапамагаў Алегу Грышкаўцову і Андрэю Бурдыку падаваць скаргі ў Камітэт.
“Фактычна Рэспубліка Беларусь парушае Факультатыўны пратакол да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэты Факультатыўны пратакол прадугледжвае магчымасць грамадзянаў, індывідуальных асобаў, звяртацца ў Камітэт па правах чалавека з просьбай разгледзець іх справу і ўстанавіць, былі парушаныя іх правы ці не. Спецыяльна для гэтага і быў прыняты асобны пратакол. Не ўсе дзяржавы, якія з'яўляюцца сябрамі МПГПП, ратыфікавалі гэты пратакол. Але Беларусь у іх ліку і таму абавязана паважаць гэтае права і, адпаведна, працаваць у духу супрацоўніцтва з Камітэтам”, - адзначае праваабаронца.
Раман Кісляк звяртае ўвагу на тое, што ў рамках правіла супрацоўніцтва з Камітэтам ўстаноўлена яшчэ адно правіла: у выпадку вынясення смяротных прысудаў прыпыняць іх выкананне для таго, каб людзі маглі дачакацца завяршэння разгляду справаў у Камітэце.
“Не выконваючы гэтыя просьбы Камітэта (а па сутнасці гэта патрабаванні, выкладзеныя ў мяккай форме), Беларусь аўтаматычна парушае права грамадзянаў на зварот у Камітэт у рамках Факультатыўнага пратакола. Парушае Факультатыўны пратакол”, - дадае ён.
Паводле праваабаронцы, асноўныя
матывы звароту ў Камітэт
заключаліся ў тым, што было парушана
іх права на справядлівы суд.
“Суд праведзены з
парушэннямі стандартаў справядлівага працэсу. І ва ўмовах, калі людзі асуджаныя
да смяротнага пакарання, парушэнне права на справядлівы судовы працэс аўтаматычна
азначае парушэнне права на жыццё, - тлумачыць Раман
Кісляк. - Правядзенне
судовага працэсу, вынікам якога з'яўляецца смяротнае
пакаранне, прыраўноўваецца да самавольнага пазбаўлення
жыцця. Такая практыка
Камітэта. І Грышкаўцоў
і Бурдыка ў сваіх
скаргах спасылаліся менавіта на тое, што
былі парушэнні”.
Смяротныя прысуды 29-гадоваму Алегу Грышкаўцову і 28-гадоваму Андрэю Бурдыку Гарадзенскі абласны суд вынес 14 траўня 2010 года. Суддзя Пятро Бандык палічыў цалкам даказанай віну абодвух у здзяйсненні злачынства.
Важна адзначыць, што прысуды былі абвешчаны праз два дні пасля крытыкі, якая прагучала на адрас Беларусі за выкарыстанне краінай смяротнага пакарання падчас сесіі працоўнай групы па прадастаўленні Універсальнага перыядычнага агляду ААН. Урад адзначыў, што смяротнае пакаранне – часовая мера, якая выкарыстоўваецца толькі за найбольш цяжкія злачынствы, і што ідзе актыўнае абмеркаванне яго адмены.