Правакацыя супраць журналісткі і сястры палітвязьня Вольгі Класкоўскай (адноўлена, дадаўся каментар)
Вольгу забралі ў кайданках пасярод ночы проста з дому і збілі міліцыянты, ноч яна правяла ў Ленінскім РУУС. Згодна з інфармацыяй, якую журналістка сама размяціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook, міліцыянты парвалі на ёй блузку, а калі яна паспрабавала абараніцца, абвінавацілі ў супраціве так званым сілам правапарадку.
Раніцай Вольга Класкоўская паведаміла, што плануе звярнуцца ў органы судова-медыцынскай экспертызы. У яе баліць рука і шмат гематомаў на целе. Пратакола свайго затрымання ўначы яна не падпісала і нават не здолела прачытаць.Яе прывезі ў пастарунак без абутку, вопратку на ёй парвалі. Толькі раніцай родныя змаглі перадаць Вользе абутак і адзенне.
Журналістка адзначыла ў нашай гутарцы, што яе забралі з той самай кватэры, адкуль 4 месяцы таму забіралі яе брата Сашу. "Я адчыніла ім дзверы, бо мільганула думка, што, як і пры затрыманні Сашы, іх зноў выламаюць", -- згадвае Вольга. Таксама яна распавяла, што ў кватэры міліцыянты звалі яе па імені і імені па бацьку, паводзіліся ветліва; здзекі, знявагі і абразы пачаліся пасля затрымання. У двары дома ўжо чакаў мікрааўтобус, на якім прыехалі адмыслова па яе.
Прычына здзекаў над сястрой палітвязня, былой супрацоўніцай "Народнай Волі", дачкой вядомага незалежнага журналіста афіцыйна не агучаныя. Але самі абставіны яе затрымання наводзяць на пэўныя развагі. Вольга не ўдзельнічала ні ў якіх грамадскіх падзеях у краіне некалькі гадоў, бо жыла па-за яе межамі. "Канечне, гэта запужванне, -- лічыць Вольга, -- а таксама нейкі "пункцік" на само нашае прозвішча. Калі мяне цягалі за валасы, збівалі, было вельмі страшна, пры маім росце аказваць супраціў было амаль нерэальна, і я пыталася, за што гэта ўсё. Адзін з іх адказаў: "За ўсё!" Зараз я чакаю ўсяго, чаго заўгодна. Я дома, нікуды не з'язджаю і не збіраюся, але калі сувязь са мной раптам перарвецца...". Падчас перабываня ў Ленінскім РУУС Вользе пагражалі крымінальнай справай за супраціў міліцыі і паклёп на прэзідэнта.
Вольга Класкоўская – малодшая сястра вязня КДБ, былога міліцыянера Аляксандра Класкоўскага, які спрабаваў падчас разгону Плошчы спыніць збіццё людзей. Два з паловай тыдні таму яна свядома вярнулася са Швецыі назад у Беларусь, страціўшы статус палітычнага ўцекача, дзеля падтрымкі брата і ягонай сям’і з трыма малымі дзецьмі. З ёй вярнуліся маці Людміла і 9-гадовая дачка Міраслава.
Пасля падзей 19 снежня Вольга разам з іншымі беларусамі Швецыі правяла ў Стакгольме мноства акцый у падтрымку палітзняволеных на Бацькаўшчыне.