НАРОДНЫЯ НАВІНЫ: факты прымусу да галасавання (дапаўняецца)

2010 2010-12-14T23:33:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liudzi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзяне даволі актыўна рэагуюць на заклік “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” паведамляць пра факты арганізацыі прымусовага галасавання. Таксама выбаршчыкі распавядаюць пра звязаныя з выбарамі сітуацыі, якія выклікаюць у іх абурэнне. Гэтыя паведамленні чытайце на нашым сайце.

14 снежня

"Сёння ў Жлобіне на РУП "Беларускі металургічны завод" з раніцы паставілі задачу ўсім рабочым і ІТР - прагаласаваць пасля 17.00. Заўтра з раніцы начальнікі бюро, аддзелаў будуць даваць справаздачу перад начальнікамі ўпраўленняў і цэхаў пра колькасць тых, хто прагаласаваў".
Валерый

"У МДЛУ, на факультэце французскай мовы, прымушаюць іншагародніх студэнтаў ісці на датэрміновае галасаванне. Пагражаюць праблемамі з экзаменамі і з інтэрнатам ... "

13 снежня

“Я, студэнт 1-га курса Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (БарДУ), хачу паведаміць вам пра факт прымусу студэньаў да датэрміновага галасавання. Па інтэрнатах БарДУ хадзілі нейкія людзі, якія агітавалі за датэрміновае галасаванне. У адваротным выпадку пагражалі высяляць з інтэрнатаў. Прашу прыняць меры”.
Ігар

“Я вучуся ў БДУ, Інстытуце бізнеса і мэнэджмента тэхналогій, і сёння стаў сведкам, як метадыст звярнулася да студэнтаў, якія жывуць у інтэрнаце, і сказала, што яны павінны прагаласаваць заўтра, у крайнім выпадку – у сераду”.
Арцём

“У БНТУ іншагароднім студэнтам прапаноўваюць галасаваць датэрмінова, з такой агаворкай: “калі ўсе, хто жыве ў інтэрнаце, прагаласуюць датэрмінова, у суботу зробім выходны і ўсіх адпусцім дадому”. Прычым, расклад галасавання групаў агаворваецца загадзя.

Па словах старэйшага брата, падчас мінулых выбараў было тое ж самае. Прычым калі студэнты не галасавалі – пачынаўся ціск з боку старастаў і намеснікаў дэканаў”.
Алег

“Я, студэнт 5-га курса біялагічнага факультэта БДУ, хачу паведаміць вам пра факт агітацыі за датэрміновае галасаванне іншагародніх студэнтаў біялагічнага факультэта БДУ. На жаль, не атрымалася зрабіць запіс, але хаця б сэнс перадаць магу. Спадзяюся, гэта стане вядома ў шырокіх колах і што-небудзь з гэтым будуць рабіць.

У чацвер, 9 снежня, на пачатку лекцыі зайшоў дэкан біялагічнага факультэта Лысак Уладзімір Васільевіч. Ён пачаў казаць пра выбары, што на яго ажыццяўляецца ціск і неабходнасць правесці галасаванне датэрмінова, паколькі “… трэба, каб кожны дзень галасавала пэўная колькасць людзей. Я звяртаюся да тых, хто жыве ў інтэрнаце. Добра? Не станеце падводзіць мяне? Дзякуй.”

Наколькі мне вядома, з такім зваротам ён цягам тыдня абыйшоў практычна ўсе групы на факультэце. Першакурснікі казалі пра тое, што прагаласаваўшым датэрмінова падпішуць вызваленне ад заняткаў на суботу (18 снежня) і панядзелак (20 снежня). Дарэчы, у дэканаце паведамілі, што ўсе запланаваныя кантрольныя працы, залікі і т.п., пастаўленыя на 20-ае, адменены ў сувязі з выбарамі – “на гэты дзень нічога не ставіць!”

19-га снежня адміністрацыя ўніверсітэта збірае актывістаў БРСМ і прафкамаў у кафэ "Бригантина" - на сустрэчу з дэпутатам. Пра мэту сустрэчы, на жаль, не ведаю.

А падчас мінулых выбараў студэнтаў, якія тады жылі ў інтэрнаце (інтэрнат № 10 па вул.Курчатава, 8) наўпрост зачынілі ў гэтым будынку ў нядзелю на ўвесь дзень. Вахцёрка нікога не выпускала і не ўпускала (там пражывае больш за 1 000 чалавек). Гэта з’яўляецца парушэннем, па меншай меры, правоў і свабод людзей, унутранага статута інтэрната і супрацьпажарнай бяспекі.

Спадзяюся на тое, што гэтым разам факты такіх парушэнняў будуць адсочвацца і папярэджвацца. Дзякую вам за працу. Спадзяюся, у вас усё атрымаецца. Поспехаў вам!”
Валера

 “У Гродне на ААТ “Хімвалакно” прымушаюць ісці і галасаваць датэрмінова. У адваротным выпадку пагражаюць не працягнуць кантракт!!!”
Работнік ААТ “Хімвалакно”

 “Калі ласка, паведаміце ўсім, што дэканы БДУІР прымушаюць студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах, у абвязковым парадку ісці на датэрміновае галасаванне. У якасці пагрозы абяцаюць праблемы з наступным засяленнем у інтэрнат. Кожны павінен засведчыць дэкану, што ён прагаласаваў. Пасля гэтага студэнта на тыдзень адпраўляюць дамоў, нягледзячы на пачатак сесіі.
Як спыніць гэтую знявагу і пакараць дэканаў і рэктарат?”
Алесь

 “Мой знаёмы навучаецца на ваенным факультэце ўніверсітэта. Імя і назву вну паведаміць не магу. Аднак гісторыя такая: на мінулым тыдні яму далі спіс, дзе была ўнесена ўся яго група, насупраць кожнага прозвішча быў подпіс за Лукашэнку. На гэта сябра адказаў, што гэта не яго кандыдат – яго адазвалі і сказалі: “хочаш сесці - бастуй”. Ён і падпісаўся – як ні як, жыццё ламаць не хочацца.
У сувязі з гэтым прашу вас накіраваць прадстаўнікоў у вайсковыя часткі і на ваенныя факультэты хаця б у Мінску. Хто як ні вы”.
Андрэй  

12 снежня

 “Мой тата памёр месяц таму, перад смерцю прасіў - “толькі не за Лукашэнку галасуйце, дзеці”. А сёння атрымалі запрашэнне на выбары – і запрашальнік для таты быў таксама. Не хачу, каб атрымалася, што быццам бы бацька прагаласаваў за дыктатара”.
Дзмітрый

 “Я працую ў БДПУ імя Максіма Танка выкладчыкам і куратарам. Мне трэба пракантраляваць пэўных іншагародніх студэнтаў, каб яны прагаласавалі 14 і 15 снежня – ці ў інтэрнаце ў Вузаўскім завулку ці ў СШ № 101 (для тых, хто зарэгістраваны па адрасе Савецкая,18). Я падыходзіла да гэтых студэнтаў, цікавілася, калі яны пойдуць галасаваць. Студэнты матываваныя на пазбяганне праблемаў і, хутчэй, будуць галасаваць у гэтыя дні”.
Вольга

8 снежня

“У студэнцкім інтэрнаце № 11 БДУ ходзяць па пакоях, кажуць прыблізна наступнае: абавязкова прагаласаваць датэрмінова ў першы ж дзень датэрміновага галасавання, спісы (хто прагаласаваў і хто не) будуць падавацца намесніку дэкана юрыдычнага факультэта Андрэю Віктаравічу Шыдлоўскаму (у інтэрнаце №11 каля паловы пражываючых – студэнты юрфака). За адмову ад датэрміновага галасавання пагражаюць незасяленнем у інтэрнат у наступным годзе”.
Марыя   

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international