Праваабаронцы “Вясны” спрабуюць зарэгістравацца ізноў

2007 2007-07-31T10:51:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ініцыятыўная група праваабаронцаў 23 ліпеня падала ў Міністэрства юстыцыі дакументы для рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. У той час, калі ўлады ліквідуюць многія грамадскія арганізацыі і адмаўляюць ім у рэгістрацыі, як гэта зусім нядаўна сталася з праваабарончым рухам “За свабоду”, група беларускіх праваабаронцаў вырашыла аб’яднацца. Аб прычынах, якія паўплывалі на такое рашэньне і аб становішчы з правамі грамадзян на асацыяцыю ў Беларусі расказвае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі:

 

- Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў ліквідаваны восеньню 2003 года Вярхоўным судом Беларусі з падачы Міністэрства юстыцыі. Гэтае рашэньне мы лічылі ў той час і працягваем лічыць зараз палітычна матываваным, якое не мае абсалютна ніякага дачыненьня да беларускага заканадаўства і ўвогуле да дзейнасьці няўрадавых арганізацый у нашай краіне. Зрабіўшы такі крок Беларусь парушыла міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, якія яна дабраахвотна ўзяла на сябе, падпісаўшы Пакт аб грамадскіх і палітычных правах, а таксама дэкларацыю, якая датычыцца працы праваабаронцаў, прынятую са згоды Беларусі ў 1998 годзе на асамблеі ААН. Нягледзячы на ліквідацыю, актыўная дзейнасьць былых “вясноўцаў” як індывідуальных сяброў і асобных праваабаронцаў працягвалася ўвесь гэты час і ў выніку, пасля трох з паловай гадоў, насьпела рашэньне аб юрыдычнай рэгістрацыі арганізацыі. У свой час ліквідацыя “Вясны” ішла ў кантэксце хвалі ліквідацыі соцен няўрадавых арганізацый, якая актыўна пашырылася ў 2003 годзе. Неабходна дадаць, што за гэты час беларускімі ўладамі ліквідавана больш за 300 няўрадавых грамадскіх арганізацый з тых двух тысяч, якія рэальна працавалі ў краіне. Безумоўна, рашэньне Вярхоўнага суда ў дачыненьні ПЦ “Вясна” цалкам палітычнае, яно груба парушыла правы грамадзян на асацыяцыю.

 

Аналізуючы прычыны, што паўплывалі на прыняцьце рашэньня аб рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі Алесь Бяляцкі падкрэсліў наступнае:

 

- Чаму мы вырашылі падаць пакет дакументаў на рэгістрацыю грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” менавіта зараз? У першую чаргу трэба заўважыць, што большасьць актывістаў-правабаронцаў, якія працавалі ў ранейшым складзе “Вясны”, пацьвердзілі свой намер і далі згоду ўдзельнічаць у супольнай працы надалей. А ўвогуле мы падалі дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст зыходзячы з некалькіх прынцыповых прычын. Па-першае, гэтаму паспрыяў дыялог, які адбыўся вясною бягучага года пад час канферэнцыі АБСЕ ў Вене. На канферэнцыі, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з правам беларускіх грамадзян на асацыяцыю, выступаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч і пад час яго дакладу, у дачыненьні да ліквідаванага цэнтру “Вясна”, прагучала рэпліка начальніка ўпраўленьня грамадскіх аб’яднаньняў Мінюста Алега Сліжэўскага: “Ніхто не забараняе паўторна падаваць дакументы на рэгістрацыю”. Такім чынам наша рэгістрацыя зяўляецца адказам на рэпліку прадстаўніка міністэрства юстыцыі. Тым больш, што ў Вене беларускі Мінюст шырока дэклараваў, што аніякіх перашкодаў для працы няўрадавых арганізацый і для рэгістрацыі праваабарончых арганізацые не існуе. Таму мы зараз зможам рэальна паназіраць, як гэта адбываецца ў рэчаіснасці, наколькі словы Алега Сліжэўскага разыходзяцца са справай і адпавядаюць сучаснаму стану з правамі на асацыяцыю ў дзяржаве. Ці сапраўды ў нашай краіне Мінюст рэальна можа нешта вырашаць і здольны ўзяць адказнасць за працу няўрадавых арганізацый, ці гэта толькі бляшаная шыльда, а на самой справе рашэньні прымаюцца ў Адміністрацыі прэзідэнта асобамі, якія вельмі своесабліва разумеюць паняцьце правоў чалавека і ўвогуле дзейнасьць няўрадавых арганізацый. Другой прычынай паслужыў той факт, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія гады, на жаль, не палепшылася: яна стабільна пагаршаецца. Гэта канстатуюць міжнародныя структуры, у прыватнасьці спецдакладчык па Беларусі Камітэта па правах чалавека ААН Адрыян Севярын, які выступаў у чэрвені ў Жэневе з дакладам аб сітуацыі ў Беларусі. Ён адзначаў, што сітуацыя з правамі чалавека за 2006 год значна пагоршылася. Лагічна, што калі ў грамадстве існуе патрэба ў праваабарончай дапамозе, калі існуюць тысячы грамадзян, якім неабходна дапамагаць, то мы спрабуем зарэгістраваць арганізацыю, якая б аказвала такую прафесійную дапамогу і якая была б скіравана на аказаньне ім такой дапамогі ў абароне правоў і годным прадстаўленьні іх законных інтарэсаў. Адсюль вынікае і галоўная мэта дзейнасьці “Вясны” – забеспячэньне выкананьня правоў і свабодаў чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У дадзенай сітуацыі мы йдзем да ўлады з адкрытымі рукамі, і адназначна сцвярджаем, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ненармальная. Вось чаму мы гатовыя працаваць над выпраўленьнем існуючай сітуацыі па-першае з грамадзянамі, а па-другое – калі да гэтага будуць гатовыя беларускія ўлады – то і з імі. Так, як гэта робіцца ў шматлікіх іншых краінах свету. Беларускія ўлады будуць мець магчымасць адкрыта паказаць усёй міжнароднай супольнасьці свае адносіны да грамадскіх арганізацый ў Беларусі, і ў прыватнасці да праваабаронцаў. І гэта будуць не голыя дэкларацыі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра тое, што не парушаецца Канстытуцыя, што ў краіне ўсё нармальна з дэмакратыяй.

 

- Але ж зусім нядаўна было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончаму руху “За Свабоду!”. Гэта трывожны сімптом…

 

- Перад тым як падаць дакументы, мы правялі шчыльныя кансультацыі з нашымі міжнароднымі партнёрамі. Найперш, паведамілі пра гэта ў офіс АБСЕ ў Менску. Там вельмі зацікавіліся гэтай сітуацыяй і запрасілі копіі ўсіх дакументаў, што былі прадстаўлены ў Мінюст. Кіраўнік беларускага офісу АБСЕ спадар Петэрсан паабяцаў, што яны вельмі ўважліва будуць адслежваць працэс рэгістрацыі у Міністэрстве юстыцыі. Ёсць намер адсочваць рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі і ў адмысловай Камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Акрамя таго, сваю заклапочанасьць станам з правам на асацыяцыю ў Беларусі і канктрэтна з рэгістрацыяй “Вясны” выказала такая ўплывовая арганізацыя, як Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой я з’яўляюся. У прыватнасці, прэзідэнт гэтай арганізацыі спадарыня Сухэер Белхасэн заявіла, што FIDH таксама будзе назіраць за рэгістрацыяй “Вясны” і ў выпадку безпадстаўнай адмовы ў рэгістрацыі выкарыстае свой механізм уплыву на міжнародную ацэнку сітуацыі. Такім чынам рэгістрацыя грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” з’яўляецца не толькі ўнутранай справай Беларусі. Яна выканае ролю лакмусавай паперкі, якая вызначыць, у якім стане знаходзіцца гатоўнасьць беларускіх уладаў выконваць на сёньняшні дзень свае міжнародныя абавязацельствы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international