ПЕРШЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ АДМІНІСТРАТЫЎНЫХ ПРАЦЭСАЎ У СУДАХ БЕЛАРУСІ

2004 2004-04-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 22 сакавіка па 2 красавіка ў судах Беларусі актывісты “Праваабарончага цэнтру “Вясна” ажыцьцяўлялі назіраньне за разглядам справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях. Усяго за два тыдні назіральнікі прысутнічалі на 534 судовых пасяджэньнях у 12 судах Менску, Берасьця, Вітэбску, Наваполацку і Полацку.

Кожны год у Беларусі фіксуецца да пяці мільёнаў адміністратыўных правапарушэньняў. З іх вялікая чатка разглядаецца судамі. Напрыклад, у 2003 годзе суды краіны разгледзілі 328258 справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях – гэта на 39387 справаў болей, чым у 2002 годзе. Такім чынам, колькасьць адміністратыўных справаў у судах павялічылася на 13%. Гэтая тэндэнцыя павелічэньня плыні адміністратыўных правапарушэньняў заховаецца ўжо некалькі год. Пры гэтым памеры парушэньня правоў асобаў, што прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасьці, застаюцца прыхаванымі: ані суды, ані пракуратура не маюць такой статыстыкі.
У той жа час сама працэдура разгляду адміністратыўных правапарушэньняў спрыяе парушэньню права чалавека на справядлівы суд: звычайна ў такіх справах не ўдзельнічаюць адвакаты, не ўдзельнічаюць пракуроры, не выклікаюцца сведкі, судзьдзі не тлумачаць правапарушальнікам працэсуальныя правы, дасьледваньне доказаў ажыцьцяўляецца надзвычай павярхоўна. Працэс адбываецца адзін на адзін, прысутнічаюць толькі судзьдзя і правапарушальнік. У выніку не выконваюцца падставовыя палажэньні працэсуальнага заканадаўства, абмяжоўваюцца правы абвінавачаных на абарону, а сам судовы працэс мае відавочны абвінаваўчы ўхіл. Дастаткова сказаць, што толькі меньш за 15% асобаў, што прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасьці, прызнаюцца судом невінаватымі.
Менавіта з гэтай нагоды праваабаронцы і вырашылі зьвярнуць увагу на гэтую катэгорыю судовых справаў. У выніку праграмы маніторынга было адсочана 534 справы, што складае каля 60% справаў, якія былі разгледжаныя адпаведнымі судамі за гэты перыяд, альбо 4% усіх адміністратыўных справаў, разгледжаных усімі судамі краіны з 22 сакавіка па 2 красавіка. Пры гэтым маніторынгам былі ахопленыя 8% беларускіх раённых судоў у трох рэгіёнах, ад сталіцы і абласных цэнтраў, да судоў, у тэрыторыю якіх уваходзіць сельская мясцовасьць. У праграме было задзейнічана больш за 30 назіральнікаў, што працавалі як валянтэры. Такім чынам, можна казаць пра шчыльнасьць маніторынга і і аб’ектыўнасьць атрыманых дадзеных.
У часе назіраньня правабаронцы выявілі дастаткова шмат парушэньняў працэсуальных нормаў. Большая іх частка грунтуецца не на нейкіх супрацьпраўных памкненьнях судзьдзяў, а вынікае са стаўленьня да адміністратыўных працэсаў як да другарадных, не вельмі важных. Фактычна, з-за гэтага практыка судовага разгляду адміністратыўных справаў пераўтварылася ў фарс: збольшага тут немагчыма казаць пра нейкую юрыдычную працэдуру. Напрыклад, назіральнікі зафіксавалі каля дзесяці выпадкаў, калі суд выносіў рашэньня адначасова ў дачыненьні да некалькіх правапарушальнікаў, што з’яўляецца грубым парушэньнем устаноўленай у заканадаўстве працэдуры.
Аднак мэтай праграмы маніторынгу адміністратыўных працэсаў не з’ўлялася простая фіксацыя выяўленых правапарушэньняў. Дзеяньні правабаронцаў скіраваныя на зьмяненьне сітуацыі: пасьля апрацоўкі і аналізу атрыманых лістоў назіраньня будуць распрацаваныя рэкамэндацыі па выпраўленьні тых палажэньняў заканадаўства і прававыкарыстальнай практыкі судоў, што спрыяюць парушэньню правоў грамадзян Беларусі падчас разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях.
Каардынатар праграмы маніторынгу Юры Чавусаў адзначае, што агульнае стаўленьне судзьдзяў да праграмы назіраньня было спрыяльным: “Жорсткае супрацьдзеяньне грамадзкаму кантролю за працай судоў мы заўважылі толькі ў Віцебску. У астатніх гарадах, нягледзячы на асобныя непаразуменьні, нашыя валянтэры здолелі прысутнічаць на пераважнай большасьці адміністратыўных працэсаў. Гэта дазваляе меркаваць, што вынік аналізу атрыманых зьвестак будуць дастаткова абгрунтаванымі.”
Зараз удзельнікі праграмы пачалі апрацоўку і аналіз атрыманых у выніку маніторынга дадзеных для падрыхтоўкі выніковай справаздачы. Паколькі мэтай маніторынгу не было выяўленьне нядбайных і непрафэсійных судзьдзяў, а якаснае зьмяненьне становішча, у гэтай справаздачы не быдуць названыя прозвішчы судзьдзяў, што дапускалі парушэньні. Каардынатары праграмы маніторынгу плянуюць накіраваць у Палату Прадстаўнікоў канкрэтныя прапановы па ўнясеньні у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях нормаў, якія б прадухілілі парушэньні правоў грамадзянаў. Таксама вынікі маніторынгу будуць накіраваныя ва ўсе суды Беларусі. Мяркуецца, што гэта будзе спрыяць больш адказнаму стаўленьню саміх судзьдзяў да разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях.
У чэрвені гэтага году справаздача па выніках маніторынга разам з рэкамэндацыямі па паляпшэньні становішча будзе даведзеная да ведама зацікаўленай грамадзкасьці і дзяржаўных органаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international