viasna on patreon

Андрэй Палуда пра смяротнае пакаранне: "Без сістэмных зменаў сур'ёзных зрухаў у вырашэнні праблемы не будзе"

2021 2021-10-05T15:29:34+0300 2021-10-05T17:08:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yikend-2-paluda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"  Андрэй Палуда

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"  Андрэй Палуда

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо ў дзявяты раз праходзіць адукацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Ён ладзіцца з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка, кампаніяй "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"

Праваабаронца "Вясны", каардынатар кампаніі Андрэй Палуда распавёў, чаму без сістэмных зменаў па пытанні адмены смяротнага пакарання ў ім не будзе сур’ёзных зрухаў.

"Сёння мы пачынаем традыцыйны адукацыйна-асветніцкі "Тыдзень супраць смяротнага пакарання". Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія мы прайшлі за апошні час і якія па-ранейшаму застаюцца для нас выклікам (а можа нават, і ў тым ліку), мы цвёрда стаім на фундаментальных прынцыпах гуманізму і падыходах, заснаваных на правах чалавека.

Гэта ўжо дзявяты год, як мы звяртаем увагу на гэту праблему. Нажаль, яе актуальнасць для Беларусі не змяншаецца, нягледзячы на пэўныя вельмі ўмоўна пазітыўныя рэчы, якія адбываліся ў гэтым годзе ў кантэксце смяротнага пакарання.

Тут я маю на ўвазе і памілаванне братоў Косцевых, і дастаткова актыўнае абмеркаванне зменаў у крымінальны кодэкс на пачатку году, якія прадугледжвалі выключэнне такога віда пакарання як смяротнае. Гэтыя змены, дарэчы, так і не ажыццявіліся. Такое абмеркаванне з самага пачатку выклікала пэўны скепсіс, бо яно адбывалася на фоне вынясення новага смяротнага прысуда Віктару Скрундзіку. А пасля ўсё гэта яшчэ больш было перакрэслена інфармацыяй аб магчымых растрэлах Віктара Паўлава і Віктара Скрундзіка, а лёс Віктара Сергеля дагэтуль невядомы.

Але ўсе гэтыя рэчы толькі пацвярджаюць тое, што без сістэмных зменаў па пытанні адмены смяротнага пакарання сур’ёзных зрухаў у вырашэнні праблемы не будзе, і грамадства будзе па-ранейшаму чуць пра новыя смяротная прысуды і новыя расстрэлы.

Варта памятаць, што праблема смяротнага пакарання — гэта праблема не толькі праваабаронцаў ці людзей, якіх датычны гэты від пакарання. Наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна ўплывае на ўсё грамадства, на кожнага з нас. Яно раскручвае спіраль нянавісці і гвалту. Смяротнае пакаранне — гэта элемент сістэмы гвалту. Гвалту, які, як мы бачым зараз, пранізвае ўсе нашае грамадства. 

Забойства чалавека заўсёды застаецца забойствам, незалежна ад таго, здзейсненае яно па выраку суда ці без яго. Смяротнае пакаранне — гэта зло".


Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.  У 2018 годзе кампанія была ўганараваная Прэміяй праваабарончай супольнасці ў намінацыі “Праваабарончая кампанія году”. “Тыдзень супраць смяротнага пакарання” ладзіцца ў межах кампаніі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства